На развитие личного подсобного хозяйства можно взять выгодный кредит

Личное подсобное хозяйство

Чула, што можна атрымаць выгадны крэдыт на развіццё асабістай падсобнай гаспадаркі. Ці так гэта і што для гэтага трэба.

В.Леснічэнка.

За адказам мы звярнуліся да начальніка разлікова-касавага цэнтра №37 у г.п.Ушачы ААТ “Белаграпрамбанк” – Віцебскае абласное ўпраўленне Ірыны Барысаўны БУРАК.

– Сапраўды, крэдыт на развіццё асабістай падсобнай гаспадаркі выдаецца з першага красавіка 2015 года. Гэты сацыяльны праект “Белаграпрамбанка”  сфарміраваны за ўласныя сродкі банка і накіраваны на падтрымку вясковых жыхароў. Выдаецца ён на самыя розныя мэты, напрыклад, набыццё курэй ці іншай жывёлы, цяпліц, саджанцаў дрэў, тэхнікі і рознага сельскагаспадарчага інвентару. Год таму, пасля адкрыцця крэдыту, мы рэкламавалі яго: расказвалі на сходах калектываў, раздавалі лістоўкі – і людзі скарысталіся ім. На сённяшні дзень чатыры гаспадары набылі трактары, а яшчэ тры пакеты дакументаў знаходзяцца ў нашым галіновым філіяле ў Віцебску і чакаюць  сваёй чаргі. Справа ў тым, што на выдзяленне крэдыту быў выдзелены грашовы ліміт, а паколькі пазыка сапраўды вельмі выгадная – пад 5 працэнтаў гадавых, то выдзеленыя на гэтыя мэты рэсурсы часова вычарпаны. Аднак крэдыт  дзейнічае да канца 2016 года, а фінансаванне ажыццяўляецца пры вяртанні сродкаў: па меры таго, як ідзе пагашэнне крэдыту, уплачваюцца працэнты – зноў з’яўляюцца вольныя сродкі, якія і выдаюцца жадаючым цяпер ужо згодна чаргі.

Так што ўшачане і зараз могуць афармляць пакет дакументаў і чакаць чаргі, аднак трэба ведаць умовы, пад якія даецца пазыка. Абавязковая – гэта рэгістрацыя ў сельскай мясцовасці ці пасёлках гарадскога тыпу і наяўнасць у валоданні зямлі, якая была выдзелена на развіццё асабістай падсобнай гаспадаркі. Не на абслугоўванне дома ці іншыя мэты, а менавіта развіццё АПГ. Акрамя гэтага ўлічваецца плацежаздольнасць кліента – сума крэдыту залежыць і ад гэтага, але максімальны яе памер складае 420 мільёнаў (мінімальны – 2 мільёны). Пры вялікіх пазыках бярэцца залог і патрэбны паручыцель, пры малых толькі паручыцель. Крэдыт выдаецца толькі ў безнаяўных грошах і пад канкрэтныя – таварна-транспартныя дакументы, у якіх указана цана тавару, якая будзе пералічана на рахунак вытворцы ці прадаўца. Пазыка на развіццё асабістай падсобнай гаспадаркі выдаецца на набыццё толькі новай тэхнікі.

Я не спынілася толькі на тэрмінах выдачы крэдыту. Яны залежаць ад прадметаў набыцця. Калі гэта птушка, пчолы, вуллі і падобнае – да трох гадоў. Калі саджанцы, цяпліцы – да 5, калі тэхніка – да 7.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *