Традиционный женский волейбольный турнир собрал 6 команд

Cпорт

Традыцыйны жаночы турнір па валейболе, прысвечаны 8 Сакавіка, сёлета сабраў 6 каманд. Даўно не было такой колькасці ўдзельнікаў. Арганізатару турніру – старшыні клуба “Ураджай” аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Дзмітрыю Пятровічу Дразду давялося асабіста патэлефанаваць прадстаўнікам мноства ўшацкіх арганізацый. І вось на пляцоўцы колішнія пастаянныя ўдзельнікі  спаборніцтваў – каманды раённага аддзела адукацыі і райспажыўтаварыства. Традыцыйна дзве каманды выставіла Ільюшына – на пляцоўцы сёлета былі выключна школьніцы, іх саперніцы з Ушацкай школы і пераможцы мінулагодніх турніраў – “Вікторыя”.

Да Дня маці і 8 Сакавіка валейбалісткі выходзяць на пляцоўку, нават калі не рабілі гэтага на працягу года. Аднак напярэдадні спаборніцтваў наведвальнасць спартыўных залаў традыцыйна павышаецца. Хаця датычыцца гэта толькі жаночых каманд, а вось дзяўчаты з Ільюшынскай і Ушацкай школ, канечне, падтрымліваюць форму пастаянна. Што і бачна.

Ніхто з наведвальнікаў залы, сачыўшых за гульнямі, не мог стопрацэнтна прадказаць перамогу ці тым больш расставіць каманды па рэйтынгу валейбольнага майстэрства. Гэта і выдатна, што гульні засталіся непрадказальнымі.

Ну вось, напрыклад, сустрэча каманд райспажыўтаварыства і Ушацкай школы. Тры партыі, а лік 5:5, 13:15. Гэта і было самай цікавай гульнёй спаборніцтваў. Барацьба за мяч, моцныя падачы, удалыя падманы. Сказаць, што нехта мацнейшы – будзе няправільным, нават калі работнікі гандлю і выйгралі сустрэчу за бронзу. Ім бы патрэніравацца разам – дык напужалі б нават прызнаных фаварытаў. Бачна, што кожная паасобку няблага гуляла ў свой час і здольная ўзяць практычна любы мяч, нават нагамі як колішняя вучаніца А.Крывапушчанкі Дзіна Гардзіёнак. “Першае месца на галіновых спаборніцтвах вам гарантавана”, – ацаніўшы майстэрства гандлёвых работнікаў, прадказвала перамогу спартыўнаму лідару райспажыўтаварыства Таццяне Хрыпель Галіна Ігнатовіч. І гэта падобна на праўду, паколькі ў мінулым годзе на вобласці валейбалісткі Ушацкага райспажыўтаварыства занялі трэцяе месца. А калі ўлічыць, што ў іх ёсць і мноства рэзерваў! Напрыклад, Таццяна Хрыпель падчас ушацкіх турніраў ужо не першы год гуляе не за сваю арганізацыю, а ўзначальвае “Вікторыю”, якая з’яўляецца зборнай камандай Ушаччыны і прадстаўляе яе на міжраённых турнірах. Нядаўна працуе ў сістэме гандлю яшчэ адзін моцны ігрок “Вікторыі” Алеся Ермаковіч. Так што ніякіх “падстаў” не патрэбна, каб быць мацнейшымі. Дарэчы, хоць на нашых спаборніцтвах ніхто не прыдзіраецца наконт “чысціні” складу каманд – галоўнае, каб сабраліся, аднак у камандзе райспажыўтаварыства гулялі выключна свае работнікі.

Дзяўчаты Ушацкай школы, а каманда цалкам маладзёжная, улічваючы, што дарослыя людзі ў ёй маладыя настаўніцы, паказалі добрую гульню і з равеснікамі з Ільюшына, хоць апошнія па праве лічацца і з’яўляюцца адной з самых моцных каманд.

“Можам і прайграць”, – даведаўшыся, што не будзе адной з сілавых ігракоў Вікі Камінскай, падчас папярэдняга турніру казала прадстаўнік “Вікторыі” Антаніна Крывапушчанка. А ўжо яна выдатна ведае расстаноўку сіл каманд, а тым больш дзвюх сваіх. Яны і сустрэліся ў фінале за першае­другое месца. Цікава было назіраць, як Антаніна Аркадзьеўна, узяўшы хвіліну перапынку, давала парады дзяўчатам з “Вікторыі”, добра ведаючы слабыя месцы сваіх былых падапечных. “Псіхалагічна не настроіліся на перамогу”, – рэзюмавала яна пройгрыш ільюшынскіх дзяўчат. Хоць, канечне, маглі перамагчы. Напэўна, проста не ведаюць, што іх “пабойваюцца” нават віктарыянкі.

У мацнейшай камандзе Ільюшына – прадстаўнікі старэйшых класаў, якіх пачынала трэніраваць яшчэ А.Крывапушчанка, а зараз вядзе Віктар Іванавіч Акулёнак. Ён і перажываў за іх, а таксама прывёз і другую, ужо чыста сваю каманду з прадстаўніц малодшых класаў, якія таксама добра гуляюць. Ва ўсялякім разе занялі пятае месца, перамаглі каманду аддзела адукацыі, якая таксама мае патэнцыял. Бачна, што паасобку настаўніцы няблага гуляюць, а паколькі сабраліся з розных куткоў Ушаччыны – проста не згуляліся і хутчэй за ўсё наогул апошнім часам не часта трымалі мяч у руках. Гэта, дарэчы, самае слабае наша месца. На сённяшні час плошчы спартыўнай залы Ушацкай школы жанчынамі не задзейнічаны (а раней збіраліся на валейбол тры разы на тыдні). Толькі па серадах у гарадскім спартзале ў мікрараёне лясгаса праходзяць трэніроўкі па валейболе – сумесныя для мужчын і жанчын, на якія з апошніх можа не пабаяцца пайсці хіба што бясстрашная Галіна Ігнатовіч. Дарэчы, Галіну Аляксандраўну – лідара каманды “Вікторыя” – на завяршэнні гульні ўсе прысутныя і члены яе каманды шчыра віншавалі з юбілеем. Яна не ўтойвае, што ўжо 50, паколькі ўзрост не мае ніякага дачынення да стану яе душы і лёгкасці на пад’ём. Наадварот, яна і старэйшыя прадстаўнікі “Вікторыі”, якім за 50, а гэта паўкаманды, даказваюць, што спорт робіць жыццё больш цікавым і шматгранным, вучаць не звяртаць увагі на праблемы. Адкрыю і маленькія сакрэты, не першы раз Г.Ігнатовіч выкладваецца на пляцоўцы, пракалоўшы перад гульнёй праблемныя суставы, а Таццяна Хрыпель выйшла зараз з тэмпературай і таксама пасля траўмы калена. Ім намнога цяжэй скакаць, ставіць блокі, рэзаць, аднак яны былі і застаюцца прыкладам для маладых ушачанак.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *