Пасля сябе на клумбе работнікі Ушацкага раёна газазабеспячэння не пакідалі ні галінкі, а тым не менш ўсё роўна выклікалі абурэнне жыхароў шматкватэрных дамоў. Па сутнасці ідзе “падзел” уплыву на зямельныя ўчасткі пад вокнамі. Жыхары лічаць іх сваімі, газавікі – таксама. Справа ў тым, што да дамоў падведзены газ, і над трубамі не павінны расці дрэвы, кусты, стаяць парнікі ці іншыя збудаванні. Да газаправодаў, у роўнай меры як і да ўсіх іншых інжынерных сетак (водаправода, каналізацыі, кабеляў сувязі) павінен быць адкрыты доступ, і робіцца гэта перш за ўсё для бяспекі людзей.
Таму зараз райгаз і ўбірае пасадкі, якія знаходзяцца над газаправодамі. Прычым толькі кусты і дрэвы, усе кветкі, што пасаджаны там жа, застануцца. І час работ газавікі выбралі ў міжсезонне, каб не пашкодзіць культурныя пасадкі.
Канечне, шкада, што праз месяц не адчуеш пад вокнамі паху бэзу. Аднак хочацца нагадаць жыхарам шматкватэрных дамоў, што хоць практычна кожны і разбіў пад вокнамі градкі, а то і пасадзіў кусты і дрэвы, паставіў парнічок – гэтая зямля не з’яўляецца ўласнасцю жыхароў і ў любы момант пры ўзнікненні патрэбы ў абслугоўванні дома пасадкі могуць быць парушаны.