МТЗ-80 з 25-гадовым “стажам” у ААТ “АграСелішча” спраўна служыць па сённяшні дзень. Трактар, які механізатар Пётр Караткевіч на мінулым тыдні прадстаўляў на дзяржаўны тэхнічны агляд, без праблем яго прайшоў. Як і астатнія 10 адзінак тэхнікі гаспадаркі, старанна падрыхтаваныя ўмелымі рукамі мясцовых механізатараў.
Г.Хадасевіч атрымліваў прыгаданы “Беларус” у далёкім 1991 годзе. “А як думаеш, колькі год трактару, на якім Генадзь працуе зараз?” – цікавіўся дырэктар гаспадаркі Віктар Васільевіч Кажан. Улічваючы выдатны знешні выгляд тэхнікі і правакацыйнасць пытання, выказаў меркаванне, што пяць і практычна адгадаў – свой МТЗ82 Генадзь Часлававіч эксплуатуе шосты сезон. Нягледзячы на гэта трактар не адрозніваецца ад новых, атрыманых гаспадаркай у мінулым годзе. Ды і астатняя тэхніка: трактары, “Амкадор”, тры прычэпы адпавядалі ўсім патрабаванням да эксплуатацыі. Менавіта ў “АграСелішчы” першым у раёне прайшоў дзяржаўны тэхнічны агляд энерганасычаны МТЗ3022 Анатоля Жаваранка. Яго калегі Алег Крывёнак, Віктар Хадасевіч, Юрый Юркевіч, Анатоль Подраз і іншыя механізатары таксама добра пастараліся: “Малайцы!” – рэзюмаваў начальнік раённай інспекцыі Дзяржтэхнагляду Іван Мікалаевіч Пухальскі, адзначаючы таксама ўклад у станоўчы вынік кіраўніка і маладога загадчыка мехмайстэрні Паўла Гардзіёнка. У “АграСелішчы” зафіксавана самая высокая гатоўнасць тэхнікі – да эксплуатацыі дапушчана 79 працэнтаў трактароў.
12 з 17 адзінак тэхнікі, якія маюцца на балансе, прадставілі да агляду механізатары і інжынерная служба ААТ “Дземенец”. Запаветны штамп ў тэхталон атрымалі ўсе трактары, у тым ліку і тры энерганасычаныя. Трэба адзначыць, што тэхніка ў гаспадарцы не зношаная і гэта ў значнай ступені спрыяла якаснай падрыхтоўцы – 71 працэнт гатоўнасці.
Няблага аднесліся да справы ў КУСГП “Арэхаўна”. Цікава, што завітаўшы на мехдвор гаспадаркі, з раніцы ўбачылі там лічаныя трактары, але праз некалькі хвілін на пляцоўцы іх значна прыбавілася. Кроплі вільгаці на колах і кабінах не застаўлялі сумнявацца, што яны толькі выйшлі з мыйкі. Пад кіраўніцтвам галоўнага інжынера Аляксандра Уладзіміравіча Сабалеўскага і загадчыка мехмайстэрні Уладзіміра Пугача механізатары “Арэхаўна” з 20 адзінак тэхнікі на агляд выставілі 12, а прыгоднымі да эксплуатацыі былі прызнаны 9.
Невялікі парк сельскагаспадарчых машын у КУСГП “Глыбачаны”, але толькі палова прайшла тэхагляд. Прычыны таму як аб’ектыўныя, так і тыя, што на сумленні працаўнікоў. Да першых можна аднесці адсутнасць фінансавых сродкаў для шматмільённага рамонту энерганасычаных трактароў, ніводны з якіх да хуткай сяўбы пакуль не гатоў, занятасць асобнай тэхнікі на паўсядзённых работах. Зза гэтага не выставіў на тэхагляд свой МТЗ-1221 Анатоль Лях – банальна не паспеў пачысціць і пафарбаваць, таму назіраў збоку, як экзамен на гатоўнасць праходзяць калегі. У Міхаіла Брыціка, напрыклад, ніякіх праблем з гэтым не ўзнікла і два замацаваныя за ім трактары з пахам свежай фарбы прайшлі тэхагляд вельмі хутка. А вось некаторыя механізатары з “касметычным” рамонтам нават перастараліся, зафарбаваўшы нумары заводавытворцы. Фарбу магчыма і не прыйшлося б адціраць, але паспрабавалі ў “Глыбачанах” схітрыць – па талоне аднаго “Беларуса320.4” тэхагляд спрабаваў прайсці аналагічны. “Фокус” не ўдаўся і залішне казаць, што пасля гэтага патрабавальны інспектар яшчэ больш дасканала правяраў і спраўнасць “жалезных коней”, і ўсю неабходную дакументацыю.
У некаторых гаспадарках даводзілася бачыць, як рухавікі асобных трактароў да праходжання тэхагляду запускалі з буксіра, кацілі машыны з эстакады, маўляў, “абы прайсці, а потым давядзём!”. Між тым, добра вядома, што няма нічога больш пастаяннага, чым часовае і ў пераважнай большасці выпадкаў тэхніка і надалей працягвае заводзіцца “дзедаўскім” спосабам. У “Ільюшынскім” да справы падыходзяць інакш, бо рэзонна лічаць якасную падрыхтоўку давераных сельскагаспадарчых машын залогам высокапрадукцыйнай працы. Таму машыны, якія не паспелі падрыхтаваць на “выдатна”, на агляд не прадстаўлялі, што стала адной з прычын не вельмі высокага працэнта гатоўнасці – у выніку з 35 адзінак тэхнікі дазвол пакідаць межы мехдвара атрымалі 19 з 23х заяўленых. Прозвішчы механізатараў, якія адзначыліся на падрыхтоўцы, добра вядомы, бо на працягу года яны становяцца героямі нашых публікацый не адзін раз: Уладзімір Урбан, Міхаіл Рэут, Віктар Буйніцкі, Дзмітрый Бурак, некаторыя іншыя працаўнікі. Анатоль Спірыдзёнак кожны год акрамя трактара да тэхагляду рыхтуе і “Дзвіну”, а Уладзімір Лёля паралельна з МТЗ давёў да толку і КЗР, на якім будзе сеяць яравыя.
Складаней сітуацыя ў КУСГП “Вялікадолецкае”, ААТ “Ушацкі райаграсэрвіс”. Тут тэхагляд прайшлі адпаведна 12 і 11 трактароў. Здаецца, не менш, чым у тым жа “АграСелішчы”, але ж ніяк не параўнаць і плошчы гаспадарак, наяўнасць тэхнікі, спраўнасць якой склала ўсяго 36 і 30 працэнтаў. А ў КУСГП “Кублічы” І.М.Пухальскага чакаў пусты мехдвор – ніводнага трактара да вызначанага тэрміну ў гаспадарцы не выставілі. Улічваючы тое, што без адзнакі аб праходжанні тэхагляду эксплуатацыя трактароў і самаходных машын забаронена, узнікае пытанне, як у гаспадарцы збіраюцца працаваць далей? Выязджаць на свой страх і рызыку, канечне, можна, але штрафы, немалыя: ад 1 да 3 базавых для механізатараў і ад 4 да 6 базавых адказным асобам, выпусціўшым трактар – кіраўнікам выдадзены прадпісанні аб забароне эксплуатацыі тэхнікі, якая не прайшла тэхагляд.
– Усяго па раёне з 201 адзінкі трактароў гаспадарак на дзяржаўны тэхнічны агляд прадстаўлена 95, – падводзіць вынікі І.М.Пухальскі. – З іх адпавядалі патрабаванням 87, ці 41 працэнт ад агульнай колькасці тэхнікі. Толькі сем энерганасычаных трактароў гатовы да пасяўной, прычым тры з іх – у “Дземенцы”, два – у “Ільюшынскім”. Востра стаіць праблема з падрыхтоўкай прычэпаў, бо па ўсіх гаспадарках спраўных набралася толькі 12. Да эксплуатацыі дапушчаны па адным у “Дземенцы” (з 3), “Вялікадолецкім” (14!), “Глыбачанах” (4), “Райаграсэрвісе” (10), ніводнага спраўнага няма ў “Арэхаўне” і “Кублічах”.
Але не ўсе нават спраўныя трактары атрымалі адзнаку аб праходжанні тэхагляду, бо юрыдычна не з’яўляюцца ўласнасцю гаспадарак. У “Глыбачанах” галоўнаму інжынеру яшчэ два гады таму было ўказана на неабходнасць пераафармлення ва ўласнасць прадпрыемства лізінгавай тэхнікі, доўг за якую ўжо выплачаны. Калі б гэта зрабілі своечасова, у мінулым годзе, то абышлася б працэдура ў 90 тысяч рублёў, зараз жа давядзецца заплаціць 420 тысяч. Такіх трактароў у “Глыбачанах” тры, маецца неаформленая тэхніка ў “Вялікадолецкім”, “АграСелішчы”, “чужым” аказаўся і адзіны спраўны прычэп “Райаграсэрвіса”.
Гаспадаркам дадзены пэўны тэрмін на выпраўленне сітуацыі, на падрыхтоўку да паўторнага агляду. Нялішнім будзе нагадаць, што кожны новы тэхагляд – дадатковая трата грошай і часу, дэфіцытных перад вясенняй кампаніяй.
Дзмітрый Раманоўскі.