Март — время садовых хлопот. Советы специалистов

Калейдоскоп

Сакавік – напружаная пара для дбайных садаводаў. Пасля зімы пладова-ягадныя культуры патрабуюць асаблівай абароны – без выканання комплексу санітарна-прафілактычных, агратэхнічных і іншых мерапрыемстваў у гэты час не абысціся. Дапамагчы нашым чытачам разабрацца ў нюансах ранне-вясенніх работ у садзе мы папрасілі спецыялістаў раённай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін.

Не паспеў восенню – зрабі зараз

Большасць шкодных арганізмаў пладова-ягадных культур зімуе пад апалым лісцем, на яго паверхні, у верхнім пласце глебы. Менавіта таму рэкамендуецца ўбіраць з сада лістоту яшчэ восенню – каб мінімізаваць колькасць шкоднікаў. Ажыццявіць працэдуру можна і ранняй вясной, да пачатку вегетацыі, а сабранае лісце – закампасціраваць у якасці ўгнаення.

Абрэзаць і падлячыць

Важным мерапрыемствам у садзе зараз з’яўляецца абразанне дрэў і прарэджванне кроны. Абавязковаму выдаленню падлягаюць галіны, заражаныя на рак і маніліёз, з яйцакладкамі кольчатага шаўкапрада. Штамбы і шкілетныя галіны ачышчаюць ад кладак яек яблыневай молі, ліставёртак, імхоў і лішайнікаў. Гэта дазволіць знізіць інфекцыйны запас хвароб і колькасць шкоднікаў. Трэба мець на ўвазе, што абразанне дрэў і галін, заражаных на ракавыя захворванні, ажыццяўляецца з захопам здаровай тканкі не менш 10 см. Інструмент пасля кожнага зрэзу рэкамендуецца апрацоўваць у 10-працэнтным фармаліне. Зрэзаныя галіны абавязкова выносяць з сада і спальваюць.

Залечваюць ракавыя раны шляхам іх зачысткі да здаровай тканкі, дэзінфіцыруючы 1-працэнтным растворам меднага купарвасу з наступным нанясеннем лячэбных замазак. Састаў апошняй можа быць такім: гліна+каравяк (1:1) з дабаўленнем фунгіцыду азафос. Можна выкарыстаць водаэмульсійную, а таксама алейную фарбу на натуральнай аліфе з дабаўленнем узгаданага фунгіцыду, замазку садовую лячэбную, супрацьракавую ці універсальную.

“Ультрафіялетавая” абарона

З мэтай папярэджання пашкоджанняў кары сонечнымі апёкамі рэкамендуецца правесці пабелку. Для гэтай мэты можна выкарыстаць спецыяльныя сродкі для пладовых дрэў, фарбу “Яблынька” ці звычайную белую водаэмульсійную. Названыя работы лепш ажыццяўляць пры тэмпературы паветра не ніжэй +5 градусаў.

Не абмінуць ніводную расліну

Пры пашкоджанні дрэў мышамі і зайцамі трэба абмазаць раны садовай фарбай і абвязаць поліэтыленавай плёнкай. На кустах чорнай парэчкі, агрэсту да распускання пупышак – выразаць паламаныя і саслабелыя галіны, выдаліць пачарнелыя канцы парасткаў, пашкоджаныя мучністай расой, а таксама пупышкі, пашкоджаныя парэчкавым пупышкавым кляшчом (яны візуальна буйнейшыя і круглейшыя). У насаджэннях маліны варта пад самы корань выразаць і спаліць сцябліны, пашкоджаныя рознымі захворваннямі.

Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *