Всегда внимательно читайте договор! 15 марта — День потребителя

Калейдоскоп

Дзень спажыўца, які адзначаецца 15 сакавіка, мае адносіны да любога з нас, бо ў сучасным грамадстве кожны чалавек шукае і атрымлівае розныя тавары і паслугі. Прычым, заўсёды хочацца, каб набыты прадукт быў максімальна якасным. Напярэдадні Дня спажыўца наша размова з начальнікам аддзела эканомікі Ушацкага райвыканкама Т.У.ХАНЯК.

– Таццяна Уладзіміраўна, кожны год гэты дзень праходзіць пад пэўным дэвізам. Якая тэма сёлетняга Дня спажыўца?

– Па традыцыі Міжнародная Федэрацыя спажывецкіх арганізацый кожны год вызначае пэўную тэматыку Сусветнага дня абароны правоў спажыўцоў. У 2016 годзе абрана тэма “Выключыць антыбіётыкі з меню”. У Беларусі дзень пройдзе пад дэвізам “Здаровае харчаванне – выбар сучаснага спажыўца”. Міжнародная Федэрацыя спажывецкіх арганізацый акцэнтуе ўвагу на тым, што прадпрыемствы не павінны выпускаць мясныя прадукты з сыравіны, якая ўтрымлівае антыбіётыкі. Каб папярэдзіць пагрозу для здароўя насельніцтва, неабходна мяняць падыходы ў выкарыстанні антыбіётыкаў.

– Як часта і з якімі праблемамі звярталіся да Вас у мінулым годзе спажыўцы?

– За 2015 год паступіла 6 зваротаў грамадзян: 4 – па пытаннях гандлю, 2 былі звязаны з аказаннем паслуг. Найбольш частымі пытаннямі, з якімі звярталіся грамадзяне, былі звароты наконт неналежнай якасці бытавой тэхнікі. Людзі часта мяняюць мабільныя тэлефоны, купляюць бытавую тэхніку для сябе і ў падарунак – адсюль і большая колькасць зваротаў. Што датычыцца сферы паслуг, то ў гэтым накірунку нават у краіне больш за ўсё нараканняў на ўстаноўку пластыкавых акон. Адно з апошніх пытанняў, якое паступіла да нас, было звязана з няякаснай устаноўкай мэблі. Па выніках разгляду было вынесена прадпісанне па выпраўленні дапушчаных парушэнняў.

– Нагадайце нашым чытачам, на што варта звяртаць увагу, каб купіць якасны тавар, не быць падманутым пры атрыманні паслугі?

– У цяперашні час вельмі шмат рэкламы з абяцаннямі зрабіць усё якасна і хутка, а таму будзьце ўважлівымі. Знаёмцеся з інфармацыяй пра тавар (тэхнічны пашпарт, інструкцыя, этыкетка і г.д.) – яна павінна быць поўнай і на дзвюх мовах. Не спяшаючыся, чытайце дагавор пры аказанні вам якой-небудзь паслугі. Ваш подпіс на дагаворы сведчыць аб тым, што вы згадзіліся з усімі яго ўмовамі. Заўсёды бярыце чэкі ці іншыя дакументы, якія пацвярджаюць факт набыцця тавару (работы, паслугі). Усе прадаўцы і выканаўцы паслуг павінны выдаваць такія дакументы. Хачу адзначыць, што зваротаў па пытаннях абароны правоў спажыўцоў менш не становіцца. А таму заклікаю прачытаць закон “Аб абароне правоў спажыўцоў”, каб ведаць свае правы і абавязкі прадаўцоў, каб у той ці іншай сітуацыі правільна ацаніць абстаноўку і не аказацца ў пройгрышы.

Падрыхтавала Вольга КАМАРКОВА.

15 сакавіка пытанні, звязаныя з абаронай правоў спажыўцоў, вы можаце задаць падчас “прамой лініі”, якую правядзе начальнік аддзела эканомікі Таццяна Уладзіміраўна ХАНЯК. Тэлефануйце па нумары 2-74-46 з 9 да 10 гадзін.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *