Обаятельный и требовательный руководитель. Более 40 лет в потребкооперации работает Лилия Альбиновна Долгая

Общество

Далёка не кожны чалавек мае кіраўніцкія здольнасці і можа граматна арганізаваць работу цэлага калектыву. Тым больш не кожнай жанчыне ўдасца ўмела справіцца з абавязкамі начальніка адной з такіх няпростых сфер, як гандаль. Старшыня праўлення райспажыўтаварыства Лілія Альбінаўна Долгая дастойны прыклад таго, як жанчына можа не горш за мужчын паспяхова кіраваць, нават самым шматколькасным калектывам у раёне.

Уся прафесійная дзейнасць Л.А.Долгай была звязана з бухгалтарскай справай у спажыўкааперацыі. Хоць у юнацтве яна марыла стаць урачом і толькі ім. На іспыты ў Маладзечанскі ўлікова­планавы тэхнікум пасля васьмігодкі пайшла за кампанію з сяброўкамі. І з лёгкасцю паступіла. Хацела нават адмовіцца ад вучобы, але бацькі, вельмі ўзрадаваныя поспехамі старэйшай дачкі, настойліва адгаворвалі: “Бухгалтары таксама ўсюды патрэбны! З такой прафесіяй не прападзеш!”. Спачатку вучоба не падабалася, але хутка шкадаванні і сумненні зніклі. Па заканчэнні ўстановы практычна ўсе выпускнікі накіроўваліся на працу ў свае раёны. На роднай Глыбоччыне на той час патрэбны быў толькі адзін спецыяліст бухгалтарскага профілю.

– Так атрымалася, што ў дзень размеркавання я ўдзельнічала ў спаборніцтвах па веласпорце і пытанне размеркавання вырашылася без мяне: ва Ушачах якраз патрэбны былі спецыялісты. Гэта мяне ніколькі не засмуціла, а наадварот, узрадавала. Так вось выпадкова і трапіла на Ушаччыну,  – дзеліцца ўспамінамі Л.А.Долгая.

Першым рабочым месцам маладога бухгалтара стала аб’яднанне па гандлі прамысловымі таварамі райспажыўтаварыства. Як зараз Лілія Альбінаўна памятае свае першыя працоўныя крокі, з цеплынёй успамінае Яўгенію Васільеўну Клопаву і Эльвіру Міхайлаўну Сінкевіч, якія сталі для яе сапраўднымі настаўнікамі. Як тады, так і цяпер дарадцам з’яўляецца Галіна Антонаўна Туфар.

Праз два гады стараннага маладога работніка чакала і першае павышэнне, яна стала загадчыкам сектара па заработнай плаце райспажыўтаварыства. Тады ж паступіла і на завочнае аддзяленне Гомельскага кааператыўнага інстытута. Пазней былі пасады начальніка кантрольна­рэвізійнага аддзела і галоўнага бухгалтара грамадскага харчавання. А ў 1999­м  Лілія Альбінаўна была назначана галоўным бухгалтарам райспажыўтаварыства, намеснікам старшыні па эканамічных пытаннях. Накоплены да гэтага часу багаты вопыт дазваляў спраўляцца нават з самымі няпростымі задачамі. Адпрацаваўшы такі ўнушальны час, ніколі нават не ўзнікала думкі, што прыйдзецца ўзначаліць калектыў, у якім адпрацавала столькі гадоў. Гэта стала для Л.Долгай нечаканасцю. Калі райспажыўтаварыства засталося без старшыні праўлення, на Лілію Альбінаўну былі часова ўскладзены абавязкі кіраўніка. Жанчына згадзілася толькі пры ўмове, што гэта будзе часова – да падбору падыходзячай кандыдатуры. Аднак, як кажуць, няма нічога больш пастаяннага, чым часовае. Выконваць абавязкі замест аднаго­двух месяцаў прыйшлося амаль год. За гэты час ушацкае райспажыўтаварыства не згубіла напрацаваных пазіцый, а палепшыла многія паказчыкі. Кіраўніцтва настойліва прасіла Л.А.Долгую ўзначаліць калектыў.

– Хацелася пайсці ўжо на заслужаны адпачынак, але сумленне не дазволіла ўсё кінуць у нялёгкі для спажыўкааперацыі час – так ужо я выхавана. Канечне, жыццё маё пасля назначэння на пасаду кіраўніка, вельмі змянілася. Галоўны бухгалтар, хоць і адказная пасада, але ты адказваеш за канкрэтны ўчастак работы. Старшыня ж павінен валодаць і кіраваць усім. А аб’ём работы райспажыўтаварыства вялікі і шматгранны. Калі ў адным добра разбіралася, то другое прыходзілася асвойваць з нуля, – расказвае Л.А.Долгая.

“Вы абавязкова напішыце, што Лілія Альбінаўна добры чалавек, хоць строгі і патрабавальны кіраўнік!” – казалі работнікі райспажыўтаварыства, даведаўшыся пра мэту майго візіту. І гэта яшчэ адзін немалаважны фактар работы кіраўніка – выклікаць павагу калектыву, а гэта, згадзіцеся, няпроста, калі ён налічвае 475 чалавек!

Ушацкае райспажыўтаварыства апошнія гады трымае высокія пазіцыі ў вобласці і рэспубліцы. Нягледзячы на няпросты час, за два першыя месяцы бягучага года, напрыклад, ва Ушачах самы лепшы паказчык па вобласці па тэмпах рознічнага тавараабароту. У гэтым па меркаванні Л.А.Долгай заслуга яе падначаленых – усе спецыялісты, начальнікі аддзелаў умела курыруюць свае накірункі і бездакорна  выконваюць усе патрабаванні. Але ж поспехі не былі б магчымымі і без граматнага кіраўніка, стаж работы якой у гэтай сферы больш 40 гадоў!

Такая адказная пасада, безумоўна, адбірае шмат сіл і часу. Але ў Ліліі Альбінаўны ёсць надзейны тыл. Са сваім мужам Сяргеем Пятровічам яна пазнаёмілася на Ушаччыне, разам яны выхавалі двух сыноў. І калі на рабоце яна патрабавальны кіраўнік, то дома, як і мае быць, галоўны – мужчына, а яна любячая жонка і клапатлівая гаспадыня. Хоць часу на адпачынак у Л.Долгай няшмат, яна любіць праводзіць яго актыўна. Напрыклад, займацца домам і прысядзібным участкам. Адно з любімых захапленняў – вырошчванне вулічных кветак. Жанчына з такім прыгожым імем, канечне, не можа не любіць ліліі. Розныя сарты гэтых кветак улетку зацвітаюць каля дома і радуюць вока рознымі яркімі колерамі.

Заўсёды аддае перавагу адпачынку ў родных мясцінах, не гарыць жаданнем ехаць у санаторый ці да берага цёплага мора. Адпачынкам лічыць жанчына і паходы ў лес за грыбамі і ягадамі.

Як гэтай прыгожай жанчыне ўдаецца трымаць сябе ў такой цудоўнай форме –  цікавіць многіх. Лілія Альбінаўна ж сціпла сцвярджае, што ніякіх сакрэтаў прыгажосці ў яе няма, што гэта прыродны дар. І калі ў маладосці яна захаплялася спортам, то зараз проста любіць пешыя прагулкі на прыроду.

У гэтай жанчыне гарманічна спалучаюцца рысы патрабавальнага кіраўніка, добрага чалавека, любячай жонкі і маці. За гэта яе любяць і паважаюць як родныя, так і падначаленыя.

Вольга КАМАРКОВА.



2 комментария по теме “Обаятельный и требовательный руководитель. Более 40 лет в потребкооперации работает Лилия Альбиновна Долгая

  1. Очень интересно было прочитать про нашего руководителя!!Хорошая женщина (и всегда так хорошо выглядит!),не каждый мужик сможет управиться с таким кколлективом! Она требовательная — такой и нужно быть, чтоб был толк! Лилия Альбиновна молодец, а вы молодцы, что так тепло про неё написали)
    P.S. единственный минус, что в нашем райпо много пенсионеров. нужно давать дорогу молодым, а не сидеть до 75….

  2. … и пересмотреть цены на товары в райповских магазинах, а то Ушачи — самые дорогие магазины, прям Москва…

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *