Дзень нараджэння Ганна Францаўна Пугач выбірала сабе на сямейным савеце. У вайну згарэлі дакументы, таму ў пашпарце першапачаткова стаяў толькі год нараджэння. “Днём анёла” магло б стаць і 8 сакавіка, на чым настойвалі некаторыя з унукаў, ды з дзяцінства памятала Ганна Францаўна словы маці, якая казала, што нарадзіла яе акурат на Масленіцу – канчатковы выбар спынілі на першым дні вясны і некалькі дзён таму мацігераіня Г.Ф.Пугач прымала шматлікія віншаванні на сваё 80-годдзе.
Бацьку, якога рэпрэсіравалі ў 1936 годзе, яна, зразумела, не памятае. Маці адна спрабавала гадаваць траіх дзяцей. Выжыць пашчасціла толькі дачушцы, двое ж яе братоў памерлі. У родным Новым Жыцці разам з маці Ганна з маленства за працадні шчыравала ў калгасе, потым, як і многія аднавяскоўцы з маладолецкай акругі, уладкавалася на працу ў леспрамгас. Там і прыкмеціў маладую дзяўчыну работнік Плешчаніцкага аддзялення прадпрыемства Антон Пугач. Маладая сям’я на некаторы час выехала на радзіму мужа, але неўзабаве Антона Лявонавіча зноў накіравалі ва Ушацкі раён, дзе яны з жонкай ужо трывала пусцілі карані. Іх парасткамі сталі шэсць сыноў і чатыры дачкі.
Першае дзіця Ганна Францаўна нарадзіла ў 1955 годзе, а ў верасні 1975 Указам Прэзідыуму Вярхоўнага Савета СССР ёй было прысвоена ганаровае званне мацігераіні, у той час яго ўдастойваліся жанчыны, якія выхоўвалі дзесяць дзяцей. Цікава, што свае адносіны Ганна Францаўна з мужам узаконіла толькі пасля з’яўлення на свет другога дзіцяці. Дакладней – узаконіў муж. У сям’і ўжо падрастала дачушка Рэгіна, якая насіла прозвішча маці – Жванская. Калі ж нарадзіўся “нашчадак”, першы з сыноў, Антон Лявонавіч накіраваўся ў Весніцкі сельвыканкам і жаніў сябе сам – аформіў дакументы аб шлюбе, пра што Ганна Францаўна даведалася толькі дома. А неўзабаве выправіў метрыкі і дачцэ, якая таксама стала Пугач. Распісаліся муж з жонкай 7 чэрвеня 1957 года, а праз многія гады менавіта ў гэты дзень першага летняга месяца ў сям’і нарадзілася малодшая дачка Алена – вось і не вер пасля гэтага ў магію лічбаў!
Яна ўжо сама з’яўляецца шматдзетнай маці і бабуляй. Алена Антонаўна Бойчанка паказвае мне вялізныя “фотаархівы” сям’і, шматлікія ўзнагароды бацькоў – ветэранаў працы. У маці ўзнагарод болей: за шостага і кожнага з наступных дзяцей Ганна Францаўна атрымлівала медалі рознай ступені. Алена Антонаўна не толькі даглядае зараз маці, але і з’яўляецца “каардынатарам” зносін паміж шматлікімі блізкімі. У 2007 годзе, калі на залатое вяселле бацькоў браты і сёстры з сем’ямі за доўгі час сабраліся разам, то размясціцца змаглі толькі ў сценах Вялікадолецкага сельскага Дома культуры.
Ганна Францаўна кажа, што муж дачок любіў больш, песціў і гуляў з імі ў рэдкія хвіліны вольнага часу паміж працай, клопатамі па вялікай падсобнай гаспадарцы. “Калі ў нас ужо было дзве дзяўчыны і сын, адзін за адным нарадзіла чатырох хлопцаў, – з усмешкай прыгадвае жанчына. – Дык ён мне сказаў: “Калі будзе яшчэ адзін сын – нават з радзільнага дома забіраць не паеду!” Нарадзілася дачка, потым, праўда, яшчэ хлопчык і дзяўчынка”.
У снежні споўнілася 8 год, як не стала Антона Лявонавіча, з якім пражылі 52 гады. Дзеці ж стварылі свае сем’і, на шчасце маці, усе жывыя і здаровыя. Акрамя Алены, яшчэ двое засталіся ў нашым раёне, адзін сын жыве ў суседнім Лепельскім. Калісьці даўно старэйшая з дзяўчат Ганны Францаўны адправілася ў Ніжагародскую вобласць на будаўніцтва папяровай фабрыкі, засталася там і “перацягнула” на пастаяннае месца жыхарства адну з сясцёр. Дзякуючы такой жа схеме ў Цюменскай вобласці жывуць адразу трое братоў з вялікай сям’і. У свае 25 год гастралюе па ўсёй Расіі і з’яўляецца заслужаным артыстам Чувашскай Рэспублікі Дзяніс Пугач – сын Мікалая – таго самага першынца, пасля нараджэння якога яна стала афіцыйнай жонкай. Наогул, дзеці і ўнукі мацігераіні з’яўляюцца прадстаўнікамі самых розных прафесій – старэйшая дачка, напрыклад, на заслужаны адпачынак адпраўлялася з пасады начальніка падатковай інспекцыі Ніжагародскай вобласці. Усяго ж “на рахунку” Ганны Францаўны 32 унукі і 27 праўнукаў, двое яшчэ “на падыходзе”. Ёй прыемна, што нягледзячы на тысячы кіламетраў адлегласці сем’і дзяцей не страчваюць сувязі паміж сабой, пры магчымасці наведваюць маці і бабулю, сваю малую радзіму і, нават з’яўляючыся грамадзянамі Расіі, ніколі не забываюць, што іх жыццё пачалося з Новага Жыцця, якое на Ушаччыне.
Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.