На «прямую линию» с главным врачом Ушачской районной больницы поступило много вопросов от ушачан

Зваротная сувязь Здравоохранение

“Прамая лінія” з галоўным урачом Ушацкай цэнтральнай раённай бальніцы С.А.МАІСЕЕВЫМ, якая праходзіла ў рэдакцыі на бягучым тыдні, атрымалася надзвычай ажыўленай. Са сваімі пытаннямі, словамі падзякі і нават слушнымі прапановамі да Сяргея Анатольевіча звярнулася каля дзясятка нашых чытачоў. Прапануем вашай увазе найбольш цікавыя звароты ўшачан.

– Калі ў паліклініцы будзе ўведзена талонная сістэма прыёму пацыентаў? Маю на ўва­зе магчымасць трапіць да па­трэбнага доктара ў канкрэтны час, указаны ў талоне, а не ча­каць чаргі, стоячы пад кабінетам.

М.Мацвеенка, агр.Кублічы.

– Талонная сістэма ў нас ужо ўкаранёна. Дарэчы, інфармацыя пра гэта размешчана на рэгістратуры паліклінікі, а непасрэдна ў талонах указаны час прыёму. Вось толькі на гэта нашы пацыенты рэдка звяртаюць увагу і па старой звычцы займаюць чэргі.

Калі вы з талонам прыйдзеце ў вызначаны час да пэўнага спецыяліста, ён абавязаны будзе вас прыняць. Але, вядома, пры ўмове, што ў некага не знойдзецца талона з больш раннім часам прыёму. Нельга забываць і пра магчымасць экстранных выпадкаў, калі да ўрача трапляюць “цяжкія” пацыенты па­за чаргой. У такім выпадку, зразумела, час прыёму іншых пацыентаў будзе змяшчацца.

Карыстаючыся выпадкам, нагадаю таксама пра магчымасць запісацца на прыём да нашых спецыялістаў, нават не выходзячы з дому. Зрабіць гэта можна на афіцыйным сайце Ушацкай ЦРБ.

– Наколькі я ведаю, зараз у бальніцы няма ўрача-­эндакрынолага. У такім разе да якога спецыяліста можна звярнуцца, каб праверыць шчытападобную залозу?

А.Іванова, г.п.Ушачы.

– Сапраўды, узгаданага спецыяліста ў нас няма. І, трэба сказаць, у бліжэйшы час наўрад ці будзе. Справа ў тым, што стаўка ўрача­эндакрынолага ўводзіцца пры ўмове наяўнасці ў рэгіёне пэўнай колькасці насельніцтва – на Ушаччыне яна меншая. Але, думаю, гэтая акалічнасць не павінна істотна паўплываць на якасць абслугоўвання нашых пацыентаў: атрымаць эндакрыналагічную дапамогу можна ва ўчастковага тэрапеўта, урача агульнай практыкі.

– Ці можна ў паліклініцы прайсці ультрагукавое даследаванне сэрца? І калі так, ці платная гэта  працэдура?

В.Чорная, в.Градзянец.

– Можна. Па медыцынскіх паказаннях ультрагукавое даследаванне праводзіцца на бясплатнай аснове. Калі ж гэта ўласная ініцыятыва грамадзяніна, то праверыць стан свайго сэрца ён можа платна, загадзя запісаўшыся да спецыяліста.

– Фельчарска­акушэрскі пункт у Старым Сяле зараз не працуе. Спадзяемся, гэта часовая мера… (з такім пытаннем да Сяргея Анатольевіча звярнуліся адразу дзве жыхаркі ўзгаданага населенага пункта).

– Канечне, аб закрыцці ФАПа ў Старым Сяле гаворкі не ідзе. Мясцовы фельчар, сапраўды, быў некаторы час у водпуску – ужо на наступным тыдні ён зноў прыступіць да выканання сваіх прафесійных абавязкаў.

– У мяне не пытанне, а хутчэй – просьба. Хацелася б, каб ва ўсіх кабінетах педыятрычнага аддзялення паліклінікі паралельна са звычайнымі выкарыстоўваліся электронныя вагі. Думаю, гэта было б максімальна зручна як для медыцынскага персаналу, так і для нас, маладых матуль з дзеткамі.

І.Пышная, г.п.Ушачы.

– Дзякую за Ваша меркаванне і неабыякавасць. У бліжэйшы час абавязкова разгледзім гэтае пытанне.

Дарэчы, Ірына Пышная на “прамую лінію” звярнулася яшчэ і для таго, каб падзякаваць Сяргею Анатольевічу, а таксама ўрачу­гінеколагу Наталлі Васільеўне Дрозд, урачу­педыятру Святлане Іванаўне Ерашовай за іх высокі прафесіяналізм і чулыя адносіны да пацыентаў.

С.А.Маісеева як кіраўніка медыцынскай службы Ушаччыны не маглі не парадаваць і цёплыя словы ад жыхаркі вёскі Двор Пліна Ніны Андрэйчык. Адрасаваліся яны работнікам кабінета анкалогіі паліклінікі пад кіраўніцтвам Надзеі Васільеўны Карабань, а таксама фельчару мясцовага ФАПа Андрэю Анатольевічу Карповічу.

* * *

Адна гадзіна – менавіта столькі было вызначана для правядзення “прамой лініі” – праляцела імгненна. За гэты час давялося ўпэўніцца: тэма медыцынскага абслугоўвання насельніцтва – адна з прыярытэтных ва ўшачан. Таму ўжо зараз мы дамовіліся з Сяргеем Анатольевічам Маісеевым аб наступным інтэрв’ю. Калі ў вас ёсць пытанні на ўзгаданую тэму, падзяліцеся імі з намі па рэдакцыйным нумары 2­73­61.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *