Члены профсоюза могут получить путёвку в санаторий со скидкой

Калейдоскоп

Хацелася б адпачыць побач з домам, а пуцёвак у “Лясныя азёры” няма. Ці, скажам, не дачакацца іх у “Буг”, які так разрэкламавалі знаёмыя. І тут я прыгадала пра інфармацыю старшыні раённага аб’яднання прафсаюзаў Мікалая Іванавіча Бухалкі пра 25­-працэнтныя скідкі на пуцёўкі. Для каго яны дзейнічаюць, які механізм, і што яшчэ могуць зрабіць ушачане, каб адпачыць нядорага, карысна і ў той час, калі б жадалі? Гэтаму і прысвячалася наша інтэрв’ю з прафсаюзным лідарам.

– Мікалай Іванавіч, раскажыце падрабязней, хто можа атрымаць пуцёўку з 25­-працэнтнай скідкай і ці ва ўсе здраўніцы?

– Скідкай на чвэрць кошту пуцёўкі можа скарыстацца любы член прафсаюза ці іх дзеці, аднак толькі ў санаторыі, якія належаць Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, іх 13, у тым ліку і “Лясныя азёры”. Прычым, гэтыя скідкі не носяць сезоннага характару, а дзейнічаюць пастаянна, галоўнае, каб на той час, калі вы жадаеце адпачыць, у санаторыі былі свабодныя месцы.

– Што для гэтага трэба?

– Пацвярджэнне, што вы з’яўляецеся членам прафсаюза – білет або даведку з прафсаюзнай арганізацыі. Калі вы набываеце пуцёўку за ўласны кошт, то проста з гэтымі дакументамі трэба з’явіцца ў здраўніцу.

– Гэтыя скідкі не за кошт прафсаюзнай арганізацыі калектыву, у якім працуе жадаючы адпачыць?

– Не. У калектыўным дагаворы кожнай арганізацыі прадугледжаны свае пункты па падтрымцы здаровага ладу жыцця работнікаў. Гэта могуць быць абанементы ў трэнажорныя залы ці басейны  для тых, хто не курыць. У цэнтры банкаўскіх паслуг “Беларусбанка”, напрыклад, дзейнічае аплачанае прафсаюзнай арганізацыяй дыягностыка ў медыцынскіх установах. У райспажыўтаварыстве і некаторых іншых арганізацыях бацькам кампенсавалі частку кошту пуцёўкі для дзяцей. Такім чынам можа быць зменшана і сума пуцёўкі для дарослага, галоўнае прадумаць, так скласці калектыўны дагавор, каб такую льготу мелі, напрыклад, маючыя патрэбу і адпрацаваўшыя ў арганізацыі пэўны час. Вельмі многае залежыць, канечне, ад фінансавых магчымасцей як прадпрыемства, так і ад актыўнасці прафсаюза. Праходзяць сходы, на якіх прымаюцца дапаўненні да калектыўных дагавораў, не будзьце пасіўнымі, абмяркоўвайце і такія вельмі важныя рэчы. Няма нічога больш дарагога за здароўе.

– У здраўніцы звычайна прасцей трапіць у міжсезонне, а на лета – і кошт іншы, і запаўняльнасць.

– Гэта, канечне, так, аднак ушачанам трэба карыстацца прынцыпам ранняга браніравання, пра дзейснасць якога ўсе мы ведаем, калі справа датычыцца выезду за мяжу. Аднак такія ж акцыі праводзяць і ўсе беларускія здраўніцы. У пачатку года можна забраніраваць у залежнасці ад часу адпачынку  пуцёўку ў любы санаторый, яе кошт у такім выпадку намнога ніжэй за той, што будзе летам. Нельга не адмаўляць для аздараўлення і зімовы або вясенні, асенні час – меней людзей, ды і цэны ніжэй, чым  летам. Улічваючы ўсё гэта, чалавек можа падлячыцца. Дарэчы, у любімых ушачанамі “Лясных азёрах” зараз таксама без праблем можна як набыць пуцёўку (ці проста паездзіць на аздараўленчыя працэдуры), так і забраніраваць яе. Там дзейнічаюць 10­працэнтныя скідкі для пенсіянераў, 3­працэнтныя для імяніннікаў, гібкая сістэма скідак для пастаянных кліентаў. А ў красавіку і маі можна аздаравіцца па цэнах першага квартала. Зараз, калі нашы беларускія санаторыі адчуваюць адток замежных турыстаў, здраўніцы зніжаюць кошт, ідуць на розныя маркетынгавыя хады і аздаравіцца нават за ўласны кошт з дапамогай прафсаюзаў можа кожны. Тым больш што для гэтага не трэба ні віз афармляць, ні некуды далёка ехаць – пад бокам такая выдатная база. Між іншым, саляныя пакоі, што служаць прафілактыцы прастудных захворванняў, якія ёсць у кожным беларускім санаторыі – аналаг таго ж марскога паветра. Толькі без экстрыму і дарагіх затрат.

Гутарыла Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *