4 марта — День милиции. С какими показателями и настроением встречают профессиональный праздник ушачские милиционеры

К профессиональному празднику

4 сакавіка беларускія міліцыянеры адзначаць 99­-ю гадавіну ўтварэння органаў Міністэрства ўнутраных спраў. Як заўсёды, у гэты дзень прымуць шчырыя віншаванні з прафесійным святам і супрацоўнікі Ушацкага РАУС. Напярэдадні гэтай падзеі мы сустрэліся з начальнікам службы С.А.АЛАБІНЫМ, якога папрасілі расказаць аб тым, з якімі паказчыкамі і настроем сустракае ўзгаданую дату калектыў райаддзела.

– Сяргей Аляксандравіч, як Вы ахарактарызуеце стан правапарадку на тэрыторыі Ушацкага раёна?

– 2015 год быў для нас няпростым. І хаця колькасць рэгіструемых злачынстваў па лініі ўсіх службаў засталася прыкладна на ўзроўні 2014­га, нагоды расслабляцца не было. Са станоўчых тэн­дэнцый назаву змяншэнне колькасці злачынстваў, здзейсненых асобамі з судзімасцю (з 25 да 16), а таксама грамадзянамі ў стане алкагольнага ап’янення (з 24 да 20). Не зарэгістравана разбойных нападзенняў, згвалтаванняў, вымагальніцтваў. У той жа час, на жаль, павялічылася колькасць злачынстваў, здзейсненых непаўналетнімі (з 1 да 5), а таксама групай асоб (з 9 да 15). Больш стала і крадзяжоў усіх форм уласнасці.

– Галоўнае ў вашай рабоце – устанавіць злачынцаў ці ўсё ж прадухіліць правапарушэнне?

– Хутчэй, другое. У мінулым годзе мы актыўна супрацоўнічалі з мясцовай выканаўчай уладай для ліквідацыі прычын здзяйснення супрацьпраўных дзеянняў. Вялікія намаганні былі накіраваны на ліквідацыю фальсіфікаваных спіртных напояў, якія могуць нанесці шкоду здароўю і жыццю людзей. Як вынік – да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне антыалкагольнага заканадаўства прыцягнута 40 чалавек, з абароту канфіскавана 2697 літраў спіртаўтрымліваючай вадкасці, знішчана 11 самагонных апаратаў.

Таксама мы актыўна працуем над прафілактыкай “дамашняга” п’янства. Бо вядома, што менавіта яно часта становіцца прычынай здзяйснення бытавых злачынстваў. У мінулым годзе 20 чалавек накіраваны для медыка­сацыяльнай рэабілітацыі ў лячэбна­працоўныя прафілакторыі, адзін грамадзянін, які злоўжывае спіртным, абмежаваны ў дзеяздольнасці.

– Як ацэньваюць работу міліцыі жыхары нашага раёна?

– Вывучэнне і аналіз грамадскай думкі, якія праводзяцца штогод, паказваюць даволі высокі ўзровень даверу насельніцтва да органаў унутраных спраў Ушаччыны. Мы ўлічваем у сваёй дзейнасці пажаданні, выказаныя грамадзянамі ў ходзе падобных маніторынгаў. Да таго ж, ушачане гатовы і аказваюць нам пасільную дапамогу ў барацьбе са злачыннасцю. Доўгі час на тэрыторыі раёна дзейнічаюць добраахвотныя дружыны, створаныя на базе многіх прадпрыемстваў і арганізацый.

Мы рэгулярна праводзім “прамыя лініі” з грамадзянамі. Стараемся рэагаваць на ўсе звароты, нават у выпадках, калі некаторыя з іх знаходзяцца не ў кампетэнцыі РАУС. Бо наш службовы абавязак – даць адказы на пытанні, якія датычацца заканадаўства Рэспублікі Беларусь, а калі трэба, накіраваць грамадзян у адпаведныя арганізацыі.

– Нельга абысці бокам пытанні бяспекі на дарогах.

– Безумоўна, бо дзякуючы супрацоўнікам аддзялення ДАІ ў 2015 годзе значна зменшылася колькасць дарожна­транспартных здарэнняў (5 супраць 10 у 2014­м) і пацярпелых у іх (7 супраць 11), увогуле не дапушчана аварый са смяротным зыходам. Часам даводзіцца дысцыплінаваць вадзіцеляў метадам “бізуна”, бо практыка паказвае, што менавіта ён найбольш дзейсны. Таму летась колькасць складзеных пратаколаў на парушальнікаў Правілаў дарожнага руху дасягнула 3994, што на 1501 (!) больш, чым у 2014­м.

– У прафесійнае свята прынята адзначаць лепшых…

– Наша служба патрабуе значнай сілы духу, перавагі розуму над эмоцыямі, каб рэагаваць правільна і хутка ў экстрэмальных сітуацыях. Я шчыра ўдзячны тым, хто аддаецца сваёй рабоце на 100 працэнтаў, хто добрасумленна адносіцца да сваіх абавязкаў. Сярод іх хачу назваць начальніка аддзялення ДАІ Яўгена Фёдаравіча Каўнурку, участковага інспектара міліцыі аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі Івана Сяргеевіча Клотчанку, начальніка ізалятара для часовага ўтрымання асоб, затрыманых або заключаных пад варту, міліцыі грамадскай бяспекі Орэста Сяргеевіча Мажарава. Менавіта гэтыя супрацоўнікі сёлета ўдастоены Граматы ўпраўлення ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама, Падзякі начальніка УУС, нагруднага знака “Віцебская міліцыя” адпаведна. Ліст падзякі ад начальніка ўпраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама будзе ўручаны сёлета бацькам нашага маладога супрацоўніка – малодшага сяржанта міліцыі Аляксандра Міхайлавіча Калбасава.

– Што пажадаеце калегам напярэдадні прафесійнага свята?

– Віншую ўсіх дзеючых і былых супрацоўнікаў РАУС з Днём міліцыі. Прыміце шчырыя пажаданні моцнага здароўя, бадзёрасці духу, сямейнага дабрабыту, далейшых поспехаў у нялёгкай службе на карысць нашага народа і Айчыны.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *