Асабістая падсобная гаспадарка з’яўляецца дадатковай крыніцай заробку для вясковых жыхароў, а атрыманая і вырашчаная імі прадукцыя – экалагічна чыстая і карысная. Сёння дзяржава падтрымлівае тых, хто займаецца падсобнай гаспадаркай. У 2010 годзе была прынята Праграма развіцця асабістых падсобных гаспадарак грамадзян Ушацкага раёна на 2011-2015 гады. Яна была накіравана на ўсебаковую падтрымку і развіццё падсобных гаспадарак ушачан. Штогод ход яе выканання разглядаўся на сесіях і прэзідыумах раённага Савета дэпутатаў, уносіліся змяненні, а на апошнім пасяджэнні прэзідыума раённага Савета дэпутатаў было прааналізавана выкананне праграмы за пяць гадоў.
Ключавыя палажэнні выкананы
За названы перыяд былі створаны спрыяльныя ўмовы для вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі. Праграма выканана ў яе ключавых палажэннях. Напрыклад, за аналізуемы перыяд на 155 працэнтаў рэалізаваны план па закупе ў насельніцтва бульбы – закуплена 202 тоны, на 103 працэнты агародніны – закуплена 144 тоны.
Невыкананне асобных пунктаў праграмы было дапушчана па аб’ектыўных прычынах. Так, на 55 працэнтаў выкананы план па закупе пладоў у сувязі са старэннем садоў, перыядычнасцю плоданашэння, не заўсёды заводывытворцы мелі магчымасць закупіць прадукцыю. Толькі на 16 працэнтаў выкананы закуп маладняка буйной рагатай жывёлы – нізкі працэнт абумоўлены складаным фінансавым становішчам сельгаспрадпрыемстваў. Зза адсутнасці попыту на камбікорм яго завоз быў забяспечаны на 16 працэнтаў ад запланаванага. Менш было закуплена і малака (72 працэнты) ў сувязі са змяншэннем пагалоўя жывёлы ў асабістых падсобных гаспадарках. За апошнія гады яно скарацілася практычна ў тры разы: калі на пачатак 2010 года ў раёне налічвалася 1089 кароў, то на першага студзеня 2016га іх колькасць склала 350. Адной з аб’ектыўных прычын зніжэння пагалоўя з’яўляецца старэнне насельніцтва. Большая частка вяскоўцаў – пенсійнага ўзросту, адзінокапражываючыя, таму трымаць кароў не ў стане.
Малако – дадатковая крыніца даходу
Закуп малака ў насельніцтва ажыццяўлялі два прыватныя прадпрыемствы – “Стаўр” (С.Палякоў) і “Сямёныч” (А.Казачонак). За 2015ы, завяршаючы год пяцігодкі, у насельніцтва закуплена 541 тона малака, што склала 96 працэнтаў да ўзроўню 2014 года. У разліку на адну карову гэта складае 1346 кілаграмаў, дарэчы, нягледзячы на змяншэнне пагалоўя гэта лічба ў параўнанні з папярэднім годам павялічылася на 139 кілаграмаў. Здача малака для вясковага жыхара з’яўляецца добрай крыніцай прыбытку, тым больш што грашовыя сродкі выплачваюцца за здадзеную прадукцыю своечасова. Малаказдатчыкі атрымалі за малако 1947,6 мільёна рублёў. Акрамя таго за год выплачана 225 мільёнаў надбавак са сродкаў абласнога бюджэту, што павялічала кошт здадзенага літра на 370 рублёў. Адзначана, што ўсё менш становіцца нараканняў на арганізацыю збору прадукцыі.
Усё патрэбнае – на кірмашы
За год у 20 населеных пунктах райспажыўтаварыствам сумесна з сельгасарганізацыямі былі праведзены кірмашы па продажы насення, зерня і іншых культур, сельскагаспадарчага інвентару. Прададзена насельніцтву 15,8 тоны насення зерневых культур, 4 тоны насення элітных сартоў бульбы, на 51 мільён рэалізавана сродкаў аховы раслін.
Як на працягу мінулага года, так і дзеяння ўсёй Праграмы ў сельскіх населеных пунктах пастаянна праводзіліся сходы вяскоўцаў з удзелам раённых службаў, кіраўнікоў гаспадарак і старшынь сельскіх Саветаў дэпутатаў, узгадняліся месцы выпасу жывёлы, абмяркоўваліся змяненні і патрабаванні да закупу малака, іншыя актуальныя тэмы.
Падтрымліваюць і сельгаспрадпрыемствы
Аказваюць падтрымку грамадзянам у вядзенні асабістых падсобных гаспадарак і сельгаспрадпрыемствы. Як зазначыў старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК У.М.Круглік, у калектыўныя дагаворы сельгасарганізацый унесены пункты, накіраваныя на падтрымку работнікаў, а таксама ветэранаў працы, што вядуць асабістыя гаспадаркі: праводзіцца падкормка пашаў, рэалізуецца зерне па цэнах ніжэй рыначных, выдзяляецца сена і грубыя кармы. Не заўсёды самастойна людзі могуць справіцца з работамі на сваіх участках і без дапамогі гаспадарак ніяк не абысціся. Так, імі насельніцтву раёна аказана паслуг на суму 178,2 мільёна рублёў. На 33,1 мільёна рублёў аказала паслуг па лячэнні жывёлы ветэрынарная станцыя.
Задачы на 2016-ы: работа прадоўжыцца
На пачатак 2016 года на Ушаччыне налічвалася 4809 асабістых падсобных гаспадарак, мінус 90 да ўзроўню мінулага года. Сёння грамадзяне трымаюць 350 кароў – мінус 52 да адпаведнага перыяду 2015га, 1014 свіней, што на 312 больш, чым у мінулым годзе, 319 авечак – прыбаўка склала 17 галоў, 616 коз, што больш на 36, чым летась. Таксама ў асабістых падсобных гаспадарках вырошчваецца 1132 трусы – іх прыбавілася на 277, а вось коней стала менш на 39 і сёння іх налічваецца 244. Паранейшаму грамадзяне аддаюць перавагу вырошчванню птушкі, якой налічваецца 19739, змяншэнне ў параўнанні з мінулым годам склала 157 галоў.
У 2016 годзе прадоўжыцца мэтанакіраваная работа па падтрымцы падсобных гаспадарак. Да красавіка неабходна вызначыць участкі для выпасу жывёлы, сельгаспрадпрыемствы надалей будуць аказваць паслугі па апрацоўцы ўчасткаў, прадоўжыцца практыка правядзення кірмашоў. Райспажыўтаварыству прапанавана прадстаўляць больш шырокі асартымент, у тым ліку і насеннага матэрыялу папулярных сартоў бульбы, а таксама выпрацаваць эфектыўную сістэму безстратнай работы з насельніцтвам па закупе лішкаў сельгаспрадукцыі. Сельвыканкамам сумесна з землеўпарадкавальнай службай неабходна прадоўжыць практыку замацавання невыкарыстоўваемых зямель для выпасу жывёлы і сенакашэння. План мерапрыемстваў быў зацверджаны пастановай прэзідыума раённага Савета дэпутатаў.
* * *
Як бачым, у гэтым накірунку створаны неабходныя ўмовы для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі, яны ж павінны быць дапоўнены толькі жаданнем ушачан займацца гэтай справай.
Вольга КАМАРКОВА.