На сённяшні дзень актуальнай праблемай з’яўляецца пакіданне вадзіцелямі месца дарожна-транспартнага здарэння. За мінулы год на тэрыторыі Віцебскай вобласці адбылося 30 такіх аварый. Ужо сёлета ў 7 ДТЗ вадзіцелі пакінулі месца здарэння. Адна з аварый скончылася трагічна. Так, вечарам 7 студзеня ў Глыбоцкім раёне з прыкметамі аўтанаезду быў знойдзены труп пенсіянера. Меры да вышуку віноўніка здарэння былі прыняты неадкладна, у выніку чаго ўцекача знайшлі – ім аказаўся 41-гадовы жыхар Наваполацка.
Як паказвае практыка, у многіх падобных выпадках вінаваты самі пешаходы, а калі невінаватасць вадзіцеля даказана, то ён не нясе ніякай адказнасці перад законам за збітага ім чалавека. Нялішнім будзе нагадаць, як паводзіць сябе ў падобнай сітуацыі. Пры наездзе на пешахода не пакідайце месца ДТЗ, выклікайце хуткую дапамогу і ДАІ. Па-магчымасці знайдзіце сведак, у прысутнасці якіх усё адбылося. Важна самому аказаць першую даўрачэбную дапамогу пацярпеламу.
На мінулым тыдні ў краіне праводзіўся Адзіны дзень бяспекі дарожнага руху пад дэвізам “Ад сумлення не схавацца”, накіраваны на прафілактыку здарэнняў, удзельнікі якіх пакідаюць месца ДТЗ. Дзяржаўтаінспекцыя папярэджвае, што вадзіцель, які пакінуў месца аварыі, аўтаматычна становіцца злачынцам. У адпаведнасці з арт. 317 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, за здзяйсненне дарожна-транспартнага здарэння, якое пацягнула смерць ці прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў, прадугледжана адказнасць у выглядзе папраўчых работ на тэрмін да 2 гадоў або абмежаванне волі на тэрмін да 5 гадоў. Свядомае пакіданне ў небяспецы чалавека паводле ч.3 арт.159 КК РБ караецца арыштам на тэрмін да 6 месяцаў ці пазбаўленнем волі на тэрмін да 3 гадоў.
Пошук вадзіцеляў, якія хаваюцца ад адказнасці, – справа часу. Рана ці позна кожны паўстане перад правасуддзем і, напэўна, перад судом уласнага сумлення.
Я.КАЎНУРКА, начальнік аддзялення ДАІ.