Исполнили волю земляка. На могиле Рыгора Бородулина установили памятник

Общество

Цікавыя бываюць у жыцці супадзенні. У нядзелю ў Беларусі адзначаўся Дзень роднай мовы, а 24 лютага – дзень нараджэння Рыгора Барадуліна, народнага паэта Беларусі, ушачаніна, які захаваў для нас з вамі спадчыну нашай, ушацкай мовы, з яе ўнікальным вымаўленнем, гумарам, нарадзіўшыміся ў жыццёвых сітуацыях прымаўкамі.

Амаль два гады, як Рыгор Іванавіч пайшоў з жыцця. І за гэты час яго магілу наведала шмат людзей. Раней, калі там стаяў крыж з партрэтам, цяпер, калі там устаноўлены помнік – сівы валун, як і хацеў пры жыцці наш знакаміты зямляк.  Яшчэ ў 1995 годзе ён напісаў верш “Прашэнне”, у якім такія радкі: “Калі я адыду, пастаўце мне сівы валун і крыж на валуне”.

Каб выканаць волю паэта, ва Ушацкі райвыканкам з просьбай звярнулася ўдава Рыгора Барадуліна, якая адобрыла эскіз мінскага архітэктара Ігара Зосімава. Кіраўніцтвам райвыканкама быў створаны штаб, які і арганізоўваў усе работы па ўстаноўцы помніка, пачынаючы з высечкі кустоўя, добраўпарадкавання месца пахавання паэта і пошуку валуна. Прывезлі яго з-пад Кубліч, па сутнасці, гэта чорны граніт, які без апрацоўкі выглядае як шэры. Зосімаў на адведзенай яму на тэрыторыі ПМК-66 пляцоўцы апрацоўваў трохтонны камень, які пры неабходнасці кранам падымалі і паварочвалі, каб высечы на ім крыж і зрабіць надпіс. Нават пасля апрацоўкі помнік важыў амаль 2,5 тоны, таму і паўстала пытанне, як даставіць яго ў цэнтр могілак, куды не пад’едзе ніякая тэхніка.

Ва Ушацкі райвыканкам прыйшоў яшчэ адзін зварот. Па просьбе Саюза беларускіх пісьменнікаў кіраўніцтва Ушацкага раёна звярнулася да Міністэрства па надзвычайных сітуацыях з хадайніцтвам аб выдзяленні верталёта для таго каб даставіць валун на магілу паэта.

Мы пісалі пра тую ўнікальную аперацыю, якую правяла авіяцыя Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, каб апусціць валун на забетанаваную пляцоўку. Аднак не меней давялося пашчыраваць нашым, ушацкім выратавальнікам, каб праз некалькі дзён падняць помнік і апусціць яго на штыр. Пяць кубаметраў бетону пайшло на замацаванне пясчанага схілу і заліўку пляцоўкі, укладку жорнаў, якія нагадваюць брусчатку ля дома Барадуліна. Устанаўлівалі па сутнасці два помнікі (падчас работ быў дэманціраваны помнік маці паэта Акуліне Барадулінай), з’явілася і новая агароджа.

Многа работ праведзена, каб ажыццявіць задуманае. І ўсё ўдалося.

В.КАРАЛЕНКА.

ВЕРШЫ РЫГОРА ЗАЎСЁДЫ СА МНОЙ

Народны паэт Беларусі, лаўрэат шматлікіх прэмій Рыгор Барадулін – мой славуты зямляк, як і ён, я родам з Вушаччыны. На вялікі жаль, увачавідкі мы бачыліся ў жыцці ўсяго адзін раз.

Наша сустрэча адбылася ў далёкім 1976 годзе. На той час я быў студэнтам філалагічнага факультэта БДУ імя Леніна, які значна раней скончыў і Рыгор Барадулін.

Неяк пасля заняткаў са сваім аднакурснікам мы вырашылі наведацца ў выдавецтва, дзе працаваў тады мой зямляк. Нам адразу пашанцавала: на трэцім паверсе будынка пабачылі Рыгора Барадуліна. Прыпыніліся, прывіталіся, прадставіліся. Калі той даведаўся, што я зямляк, вочы ў паэта адразу пасвятлелі, ён проста ўзрадаваўся. Перш за ўсё шчыра запытаў: “Як там, на Вушаччыне?”

Наша размова была кароткай, але змястоўнай, цёплай, даволі цікавай. На развітанне, па-сяброўскі рукаючыся, жартам ці ўсур’ёз Рыгор Барадулін прамовіў: “Прабачце, хлопцы, але беларускую мову, на жаль, вы ведаеце не так, як хацелася б. Каб дасканала валодаць ёю, трэба не толькі вывучаць яе, пісаць, размаўляць, чытаць на роднай мове. Яна павінна нават у снах прыходзіць праз вашу душу, вашу свядомасць. І толькі тады мова стане для вас роднай і блізкай, звыклай і дарагой”.

Давялося, шчыра кажучы, пачырванець, бо ён гаварыў праўду… А калі дэканат філалагічнага факультэта БДУ прапанаваў студэнтам апошняга курса тэмы дыпломных работ, я ніколькі не вагаўся,  адразу ж вызначыўся, вось яно, маё: “Тэма Вялікай Айчыннай вайны ў творчасці Рыгора Барадуліна”. Працуючы над гэтай сур’ёзнай, складанай тэмай, я глыбей зразумеў сутнасць творчасці Рыгора Барадуліна, душой і сэрцам успрыняў патрыятызм паэта, яго любоў і павагу да роднай зямлі, філасофскі погляд на жыццё і прыроду, гумар і сатыру.

Вершы Рыгора Барадуліна заўсёды са мной, бо яны ў маёй душы. Па-асабліваму, напэўна, як і кожны, люблю паўтараць радкі:

Трэба дома бываць часцей,

Трэба дома бываць не госцем,

Каб душою не ачарсцвець,

Каб не страціць святое штосьці…

Сёння Рыгора Барадуліна няма з намі. Але засталася яго творчая спадчына. Менавіта памяці Рыгора Барадуліна я і прысвячаю свой верш.

Вось ты і дома…

Спахмурнела хата матчына…

І цябе павяла дарога

Ад блакітнай Ушаччыны

Да Усявышняга, да Бога.

Чырванее ў смутку каліна,

Сад стары прыціх у здранцвенні!

Дзе вы зараз, Рыгор і Куліна?

У двары толькі вашы цені…

Над сялібай плывуць аблокі,

І ў вечары, і на світанку.

Ды не чуюць яны вашы крокі.

Ні між дрэў, ні на ціхім ганку.

… Над магілай гамоняць сосны,

Тут блукаюць адны ўспаміны,

Але бачыць зімовы ранак посны,

Што далонь твая ў руцэ Куліны.

Рукі цёплыя, вочы шчырыя –

Вас з’яднала адна дарога:

Вы такія, такія шчаслівыя

У абдымках святога Бога!

Спахмурнела хата матчына,

Восень шчодрай была на каліну…

Не забудзе ніколі Ушаччына

Свайго вернага сына.

М.ЛІСІЧОНАК, былы супрацоўнік раённай газеты “Патрыёт”.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *