На мінулым тыдні вынікі прайшоўшага года падводзілі ў адным з самых буйных сельгаспрадпрыемстваў раёна – ААТ “Ільюшынскі”. Зала сельскага Дома культуры была амаль поўнасцю запоўнена – яно і не дзіўна, на сённяшні дзень калектыў налічвае 154 чалавекі. Якім быў для іх 2015 год? Дзе спрацавалі лепш, а дзе – горш? З якімі праблемамі сутыкаліся аграрыі, што трэба зрабіць у 2016 годзе? Гэтыя пытанні разглядаліся на справаздачным сходзе.
Самы важкі каравай
У 2015м сельгаспрадпрыемства рабіла стаўку на раслінаводства і не прагадала – удалося вырасціць небывалы ўраджай зерневых культур – сабрана 7788 тон зерня пры сярэдняй ураджайнасці 35,5 цэнтнера з гектара. На тысячу тон менш было сабрана ў папярэднім годзе. Наогул гэта самы добры ўраджай зерневых за ўсю гісторыю акцыянернага таварыства. Не прыпомняць сённяшнія работнікі, каб у час жніва ў гаспадарцы было аж 5 тысячнікаў! Сярэдняя зарплата работнікаў склала 3340 тысяч рублёў.
Без цяжкасцей хлебаробы выканалі і дзяржзаказ па здачы зерня – з ільюшынскіх палёў на камбінаты хлебапрадуктаў пастаўлена 1440 тон зерня. Немалаважную ролю ў паспяховым вырошчванні зерневых, безумоўна, адыгралі спрыяльныя ўмовы надвор’я, а таксама выкананне тэхналогіі падчас пасяўной, унясенне ўгнаенняў, хімічная праполка. Нягледзячы на самыя вялікія плошчы ў раёне, ураджай быў сабраны у кароткія тэрміны аператыўна і без страт. Пасля чаго ільюшынскія камбайны адправіліся на дапамогу іншым гаспадаркам.
Рапс у прайшоўшым сезоне не так парадаваў аграрыяў, як зерне – была сабрана 541 тона супраць 618 мінулагодніх. Ураджайнасць гэтай культуры склала 12 цэнтнераў з гектара. Тым не менш, ад рэалізацыі рапса гаспадарка атрымала прыбытак у суме 254 мільёны рублёў.
Таварыства поўнасцю забяспечыла сваё немалое пагалоўе (амаль 2300 галоў) кармамі: нарыхтавана 8818 тон сенажу, 6101 – сіласу, 2330 – саломы, 452 – сена, засыпана 1500 тон фуражнага зерня, што ў цэлым склала 21,3 кармавыя адзінкі на ўмоўную галаву жывёлы.
Правал у жывёлагадоўлі
– Калі вынікі работы ў раслінаводстве радуюць, то палажэнне спраў у жывёлагадоўлі пакідае жадаць лепшага. Мы не палепшылі паказчыкі, а правалілі галіну! – адзначыў у сваім дакладзе дырэктар сельгаспрадпрыемства С.А.Халімоненка.
Сапраўды, тут не хаваюць рэальных лічбаў, крытыкуюць сябе за недапрацоўкі. Сярэдні надой па гаспадарцы за год склаў 2821 кілаграм і крыху не дацягнуў да ўзроўню папярэдняга года. Як і раней пры аднолькавых умовах на фермах рознымі застаюцца надоі: напрыклад, на комплексе ў Ільюшыне надаілі 3413 кілаграмаў на карову, а ў Старым Сяле – 2212. У чым жа прычына такой розніцы? Перш за ўсё ў чалавечым фактары. І калі на колькасць малака ўплываюць і кармы, і догляд, то на якасць – людзі. Толькі 13,8 працэнта ад усяго малака ў 2015м пайшло “экстрай”. У той час як у 2014 годзе гэтая лічба была 26,3 працэнта. Вышэйшым гатункам было рэалізавана 70,5 працэнта малака, першым – 15,6. Усяго на нізкай якасці малака за год гаспадарка згубіла 666 мільёнаў рублёў. Каб уявіць значнасць гэтай сумы, варта сказаць, што месячны фонд заработнай платы “Ільюшынскага” складае каля 500 мільёнаў рублёў.
Сярэднясутачныя прывагі склалі 608 грамаў, а гэта 107 працэнтаў да ўзроўню мінулага года. На 160 галоў больш атрымана прыплоду. Аднак, пры створаных умовах на жывёлагадоўчых фермах паказчыкі могуць і павінны быць большымі. Кожны жывёлавод павінен рабіць справу як для сябе, а не пускаць на самацёк.
Планы на 2016-ы
Паляпшэнне стану спраў у жывёлагадоўлі і канкрэтна ў вытворчасці малака – задача на сённяшні дзень першачарговая і стратэгічная.
Нягледзячы на цяжкасці, многае было зроблена ў таварыстве па мадэрнізацыі і навядзенні парадку. Машыннатрактарны парк “Ільюшынскага” папоўніўся шасцю новымі трактарамі МТЗ, абгароджана тэрыторыя, адрамантаваны арачнік, устаноўлены камеры відэаназірання (хутка такая сістэма з’явіцца і на ільюшынскім комплексе). Нездарма мехдвор гаспадаркі быў прызнаны лепшым у раёне па выніках аглядуконкурсу.
Нямала сіл і сродкаў ужо не першы год укладаецца ў рэканструкцыю фермы ў Сержанах. За апошні год была зманціравана даільная зала і набыта халадзільнае абсталяванне на 5 тон малака. У новым годзе ў Сержанах плануецца ўстанавіць тэнтавы арачнік для ўтрымання жывёлы. Таксама на гэты год запланавана і рэканструкцыя цялятніка ў Ільюшыне.
Канечне, адна з самых галоўных задач аграрыяў – вырасціць добры хлеб. Восенню пасеялі 1100 гектараў азімых, яшчэ 1400 засеецца вясной. Пасяўная кампанія не за гарамі, а таму ў майстэрнях ідзе рамонт тэхнікі, рыхтуюцца пасяўныя агрэгаты. Як адзначыў галоўны інжынер гаспадаркі А.Клопаў, больш паловы тэхнікі гатова да работ.
Кадры рашаюць многае
Гэта неаспрэчны факт. Калі ёсць каму працаваць, то і справа ідзе. У ААТ “Ільюшынскі”, пэўна, менш за ўсе астатнія сельгаспрадпрыемствы адчуваецца недахоп кадраў. Так, на сённяшні дзень не хапае заатэхніка, жывёлавода, але разам з тым тут шмат вопытных і старанных механізатараў. Менавіта яны падчас пасяўной, корманарыхтоўкі, жніва займаюць практычна ўсе радкі Дошкі гонару.
– У вас шмат моладзі, ёсць каму перадаваць вопыт. І калі ў некаторых гаспадарках не ведаюць каму давераць справу праз некалькі гадоў, то ў вас няма з гэтым праблем, а значыць ёсць будучае. Галоўнае не расслабляцца і працаваць, – зазначыў выступаючы перад прысутнымі старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК У.М.Круглік.
Не забываюць ветэранаў
З пачатку года гаспадарка ўжо ўручыла падарункі да юбілеяў некалькім ветэранам гаспадаркі, а падчас сходу павіншавалі С.І.Міхейка. Тут помняць былых работнікаў і не адкладваюць віншаванні на потым, а робяць прыемна менавіта ў святочны дзень. Гэта адна з нямногіх гаспадарак, якая нягледзячы на фінансавыя цяжкасці заўсёды робіць сюрпрызы былым работнікам. Ужо добрай традыцыяй стала праводзіць на заслужаны адпачынак работнікаў ва ўрачыстай абстаноўцы на гадавым сходзе. Сёлета гэта Ніна Васільеўна Вашкевіч, Мікалай Ягоравіч Лях, Лілія Канстанцінаўна Лях, Аляксандр Аляксандравіч Аўтух, Аляксандр Сцяпанавіч Плігаўка, Валянціна Віктараўна Лабэцкая. Яны не адзін год адпрацавалі на карысць сельскай гаспадаркі, а ў гэты ўрачысты дзень атрымалі лісты падзякі, словы ўдзячнасці, шчырыя апладысменты і цёплыя коўдры ў якасці падарункаў.
* * *
Вынікі падведзены, асноўныя задачы акрэслены. Тут не ставяць перад сабой нерэальных планаў, а ў выкананні агучаных спадзяюцца адзін на аднаго – працаўнікі на кіраўніка, а ён – на калектыў.
Акрамя вытворчых, падчас сходу было абмеркавана пытанне прыватызацыі дамоў, унесены змяненні і дапаўненні ў калектыўны дагавор прадпрыемства. З актуальнай інфармацыяй выступілі перад прысутнымі прадстаўнікі аддзелаў унутраных спраў і па надзвычайных сітуацыях, “Белаграпрамбанка”.
В.КАМАРКОВА.