Павышэнне ўзросту ўступлення ў шлюб, змяншэнне колькасці разводаў і ўзроўню смяротнасці – такія дэмаграфічныя змены адбыліся летась у нашым раёне. Падрабязней пра гэта мы папрасілі расказаць начальніка аддзела загса Ушацкага райвыканкама Алену Мікалаеўну МАЛАШЧАНКУ.
– Вясельныя картэжы ў апошні час усё радзей з’яўляюцца ва Ушачах…
– Так. Ушачане, сапраўды, сталі радзей рэгістраваць свае адносіны. У 2015 годзе марш Мендэльсона прагучаў толькі для 92 сямейных пар, што на 18 менш, чым у 2014-м. Паранейшаму ў нас многа шлюбаў, якія для аднаго ці абаіх маладых быў паўторным, – амаль кожная трэцяя рэгістрацыя.
Сярэдні ўзрост жаніхоў склаў летась 32 гады (у 2014-м – 29). Пасталелі на 2 гады і нявесты: зараз іх сярэдні ўзрост – 29. Самым жа маладым жаніхом стаў 20гадовы хлопец, а самымі маладымі нявестамі – дзве 17-гадовыя дзяўчыны. Народнае выслоўе “каханню ўсе ўзросты падуладныя” пацвердзілі самыя старэйшыя ўшачане, якія пажадалі афіцыйна аформіць адносіны: у жаніха ў пашпарце значылася 92 гады, а ў нявесты – 65.
Асноўную частку шлюбаў, заключаных у 2015 годзе, традыцыйна складалі пары, у якіх узрост жаніха перавышаў узрост нявесты. Аднак адваротная сітуацыя адзначалася ў больш чым 20 працэнтах выпадкаў рэгістрацыі новых ячэек грамадства. Прычым, узроставая розніца на карысць нявесты складала ад 1 да 21 года. Зарэгістравана два шлюбы з удзелам непаўналетніх, адзін – з грамадзянінам Расійскай Федэрацыі.
– Але ж стала менш і разводаў…
– Так, аднак праблема нетрываласці iнстытута сям’i паранейшаму застаецца вострай. З 2013 года органы загса ажыццяўляюць рэгістрацыю скасавання шлюбу згодна з арт.35 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і па ўзаемнай згодзе мужа і жонкі, якія не маюць непаўналетніх дзяцей і маёмасных спрэчак. Летась нашым аддзелам зарэгістравана 10 такіх скасаванняў шлюбу (у 2014-м – 11). Па адпаведных рашэннях суда за студзеньснежань 2015-га ўнесена 34 адзнакі аб скасаванні шлюбу (годам раней іх было 52).
– А як справы з нараджальнасцю?
– Тут сітуацыя не можа не радаваць: летась зарэгістравана нараджэнне 131 малыша, што на 19 больш, чым у 2014-м. На свет з’явілася 68 хлопчыкаў і 63 дзяўчынкі, 52 з якіх былі першынцамі, 61 – другімі дзецьмі ў сям’і, 11 – трэцімі, 4 – чацвёртымі, 3 – пятымі. Меўся і адзін выпадак рэгістрацыі двойні.
Найбольшая колькасць дзетак – 106 – з’явілася ў мам ва ўзросце ад 18 да 30 гадоў, 25 – ад 31 да 40. Самыя маладыя матулі нарадзілі ва ўзросце 18 гадоў, а самая старэйшая – у 38 (гэта ў яе ўжо трэці малыш). Самым жа маладым татам стаў 19-гадовы хлопец, а самым сталым – 53-гадовы мужчына.
– Алена Мікалаеўна, а як называлі ўшачане сваіх дзетак?
– Самымі папулярнымі імёнамі сярод хлопчыкаў сталі Мікіта, Максім, Уладзіслаў, Арцём, Мацвей, а сярод дзяўчынак – Ганна, Вікторыя, Лізавета, Паліна, Сафія. У разрад рэдкіх увайшлі Фама, Ціхан, Тарас, Прохар, Навум, Назар, а таксама Зарына, Венера, Караліна, Васіліса, Дарына.
– Для поўнай карціны дэмаграфічнай абстаноўкі на Ушаччыне не хапае паказчыкаў смяротнасці. Раскажыце, калі ласка, крыху пра гэта.
– У апошні час назіраецца змяншэнне колькасці зарэгістраваных смерцяў у нашым раёне. Калі ў 2011-м годзе іх было 365, у 2012-м – 342, 2013-м – 346, 2014-м – 332, то ў 2015-м – толькі 292. І ўсё ж нагоды для аптымізму мала.Як і раней, смяротнасць у нашым раёне перавышае нараджальнасць. Як паказваюць даныя, некаторыя прадстаўнікі моцнай паловы не дажываюць нават да 50ці. Так, летась не стала 2 мужчын ва ўзросце да 30 гадоў (рэгістрацыі смерцяў жанчын у гэтым узросце не было), 18 – ад 31 да 50 (жанчын – 4). Амаль у два разы колькасць памерлых мужчын ва ўзросце ад 51 да 70 гадоў перавышае адпаведны жаночы паказчык (48 і 27). Большасць ушачан – 192 – памерла ва ўзросце звыш 71 года – у гэтай катэгорыі пераважвае смяротнасць сярод жаночай часткі насельніцтва. Быў, на жаль, і адзін выпадак смерці дзіця да 1 года.
Будзем спадзявацца, што ў наступіўшым годзе сітуацыя зменіцца да лепшага.
* * *
Прыведзеныя лічбы датычацца вынікаў работы органаў дзяржаўнай рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану Ушацкага раёна і могуць не супадаць з данымі статыстыкі.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.
Па статыстыцы, часцей за ўсё зараз разводзяцца маладыя пары, шлюб якіх зарэгістраваны годчатыры таму. Дарэчы, на гэты крок часцей ідуць жыхары Мінскай і Віцебскай абласцей, самыя ж моцныя сем’і – у Брэсцкай і Гродзенскай.
У Беларусі 3,5 працэнта мужчын і 4,3 працэнта жанчын на момант свайго 50годдзя ні разу не знаходзіліся ў шлюбе. А для 25 працэнтаў незамужніх 40гадовых прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва няма свабодных мужчын адпаведнага ўзросту.