Индивидуальные предприниматели до 1 марта обязаны уплатить страховые взносы в Фонд социальной защиты населения

Общество

Згодна з Указам Прэзідэнта Беларусі №40, пачынаючы з 2014 года індывідуальныя прадпрымальнікі самастойна ўплачваюць абавязковыя страхавыя ўзносы ў бюджэт дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва. Робіцца гэта не пазней 1 сакавіка года, наступнага за справаздачным. Напярэдадні ўзгаданай даты пра некаторыя нюансы аплаты ўзносаў наша гутарка з начальнікам раённага аддзела Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва А.В.ПАШКОВІЧ:

– Алена Васільеўна, сума ўзносаў для ўсіх індывідуальных прадпрымальнікаў розная?

– Так, яна залежыць ад часу, на працягу якога за справаздачны перыяд (у дадзеным выпадку за 2015 год) індывідуальны прадпрымальнік займаўся дзейнасцю. Для тых, хто рабіў гэта на працягу ўсяго 2015 года, сума складзе 8 мільёнаў 989 тысяч рублёў. Інфармацыю аб суме страхавых узносаў за 2015 год, якую трэба ўплаціць канкрэтнаму прадпрымальніку да 1 сакавіка бягучага года, можна атрымаць у спецыялістаў Фонду па нумары 2­-79­-79.

Дадам таксама, што мінімальны памер узносу ў Фонд “прывязаны” да мінімальнай заработнай платы і складае на сённяшні дзень 805 тысяч рублёў за месяц.

– А калі індывідуальны прадпрымальнік фактычна не ажыццяўляе прадпрымальніцкую дзейнасць, але афіцыйна лічыцца зарэгістраваным?

– Ад неабходнасці ўплачваць страхавыя ўзносы за мінулы год гэта яго не вызваляе. Падкрэслю таксама, што існуючым заканадаўствам за нявыплату ці няпоўную аплату вызначаных сум страхавых узносаў прадугледжана адміністрацыйная адказнасць. За падобнае правапарушэнне на ІП накладаецца штраф у памеры 20 працэнтаў ад нявыплачанай ім сумы ўзносаў. У мінулым годзе мы пайшлі насустрач прадпрымальнікам – тых, хто своечасова не разлічыўся з Фондам, не прыцягвалі да адказнасці, іншымі словамі, не штрафавалі. Сёлета ж такіх умоў не будзе. У выпадку нявыплаты ўзносаў да 1 сакавіка матэрыялы на прымусовае спагнанне недапаступіўшай сумы будуць перадавацца ў аддзел прымусовага выканання. Трэба мець на ўвазе, што неплацельшчыкі ў такім разе панясуць і дадатковыя выдаткі па аплаце натарыяльнага тарыфу за афармленне адпаведнага натарыяльнага надпісу.

– Нагадайце, калі ласка, якія катэгорыі індывідуальных прадпрымальнікаў вызвалены ад аплаты абавязковых страхавых узносаў.

– Да іх адносяцца тыя ІП, якія адначасова з ажыццяўленнем прадпрымальніцкай дзейнасці працуюць у арганізацыях ці на прадпрыемствах любой формы ўласнасці; з’яўляюцца атрымальнікамі пенсій; маюць права на дапамогу па доглядзе за дзіцем ва ўзросце да трох гадоў; з’яўляюцца студэнтамі дзённай формы атрымання адукацыі; замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства.

Яшчэ раз падкрэслю: каб пазбегнуць непрыемных сітуацый, своечасова разлічыцеся з Фондам. Зрабіць гэта трэба да 1 сакавіка 2016 года. Калі ў вас узніклі пытанні, тэлефануйце нам па прыгаданым вышэй нумары.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *