Уладальнікі маёнтка Пахомаўшчына

Листая страницы истории

Пачатак у №8.

Пасля Лівонскай вайны Пахомаўшчына зноў “ляжыць у пусце” і Жыгiмонт Аўгуст прымае рашэнне аддаць маёнтак Рыгору Аскерку ды Хведару Гушчы.

Апошнім той набытак дастаўся таксама ж не за прыгожыя вочы, а за адданую вайсковую службу. Вядома, што Рыгор Аскерка ў другой палове XVI стагоддзя быў ротмістрам казацкай харугвы і ўдзельнічаў у вядомай бітве на Іванскіх палях пад Чашнікамі 26 студзеня 1564 года. Шляхцічы Аскеркі (Аскіркі) паходзяць з полацкіх мясцін. Першы задакументаваны прадстаўнік роду – Аляксандр у 1447 годзе меў судовую справу з Яўлашкам Кошчычам з­за возера Салонец. Нашчадак Аляксандра Нічыпар Аскерчыніч у 1511 годзе валодаў надзелам зямлі ў сяле Цялічынічы (сёння – Цялічына). Праз пэўны час каралеўскі прывілей пацвердзіў правы “баяраў нашых Хведара Нічыпаравіча Аскерчыніча з братамі на землі на Вшачы і Салонцы Полацкага павета па выслузе продкаў іх на службе земскай…”. У сярэдзіне 16­га стагоддзя баяры панцырныя Хведар, Грышка, Андрэй i Цішка Сцяпанавічы Аскярэнічы згодна архіўных папераў валодалі айчызным маёнткам на рацэ Ушача.

Крыху пазней з роду Аскеркаў выдзелілася так званая “мазырская” галіна, якая дала вялікую колькасць значных і ўплывовых асобаў. Сярод найбольш вядомых – пісар, войт і суддзя земскі мазырскі Самуэль Пятровіч Аскерка (1600­1673).

На жаль, няма дакладных даных наконт таго, калі Аскеркі атрымалі шляхецкую годнасць. Род унесены у радаслоўныя кнігі Мінскай, Гарадзенскай і Валынскай губерняў. Усе Аскеркі карысталіся гербам «Мурдэліё» змянёным, што ўяўляе сабой залаты маладзік рагамі ўніз, на ім залаты кавалерскі крыж, унізе – залатая шасціпрамянёвая зорка; поле – чырвонае; клейнод – 3 страусавыя пёры. “Спіс землеўладальнікаў Віцебскай губерні 1878 года”, складзены Семянтоўскім А.М., не фіксуе сярод гаспадароў па Кубліцкай воласці кагосьці з Аскеркаў. Ранейшая крыніца, “Попіс шляхты Полацкага ваяводства ад 30 верасня 1765 года” прыгадвае ў ліку землеўласнікаў Кубліцкай парафіі Франца Аскерку, аднак, на жаль, там не дадзена назва маёнтка, належыўшага яму. Ёсць падставы меркаваць, што недзе на мяжы XVII­XVIII стагоддзяў Аскеркі па тых ці іншых прычынах пакінулі Пахомаўшчыну. Ушацкая галiна Аскеркаў валодала некалькімі невялікімі маёнткамі на Лявонаўшчыне яшчэ на пачатку ХХ­га стагоддзя (В.Аскерка, месціч, католік – 44 дзесяціны; К. і В. Аскеркі, месцічы, католікі – 30 дзесяцін). З запісаў вынікае відавочны заняпад роду, што выявілася ў змене саслоўнага стану землеўладальнікаў. Па тых ці іншых абставінах яны не здолелі пацвердзіць сваё шляхецтва. Не выключана, што за ініцыялам “В” хаваецца апошні ўладальнік Лявонаўшчыны, Вікенцій Юзафатавіч Аскерка, селянін­аднаасобнік 1860 г. нараджэння, які згодна даных Беларускага “Мемарыялу” быў арыштаваны бальшавікамі 23 чэрвеня 1920 года, асуджаны за антысавецкую агітацыю і накіраваны ў выпраўленча­працоўны лагер.

На вялікі жаль, не атрымалася дакладна зафіксаваць месца лакалізацыі маёнтка Пахомаўшчына. На картах XIX­пачатку XX стагоддзяў у Кубліцкай воласці Лепельскага павета гэткая назва не сустракаецца, аднак пазначана некалькі фальваркаў з аднолькавай назвай Судзілавічы. Грунтуючыся на даных размежавання і іншых ускосных фактах з пэўнай доляй верагоднасці можна сцвярджаць, што Пахомаўшчына знаходзілася на месцы сённяшняй Гушчынскай Слабодкі, ці крыху на поўнач ад яе, дзе раней існаваў аднайменны засценак, пазней хутар. З самой назвы вынікае відавочная сувязь паселішча з родам Гушчаў. Згодна таго ж “Спісу землеўладальнікаў” за 1878 год Пётр Гушчо валодаў 198 дзесяцінамі зямлі ў маёнтку Судзілавічы, а Гушчо Бенядзікт – 187 дзесяцінамі ў Скамяноўшчыне. У “Спісе населеных месцаў Віцебскай губерні за 1906 год” пад рэдакцыяй А.П.Сапунова ўладальнікамі маёнткаў Судзілавічы і Скамяноўшчына таксама пазначаны шляхцічы Гушчо (без ініцыялаў, на жаль). Трэба дадаць, што на пачатку XX ст. прыкладна ў двух кіламетрах ад Слабодкі Гушчынскай пры дарозе Ідута­Кублічы знаходзіўся пагост Гушчына з прыходскай царквой. Скамяноўшчына на сёння таксама не захавалася. На карце генштаба Чырвонай арміі за 1936 год, што складалася на падставе даных пераважна за 1916­17 гг., паселішча Скаменаўшчына з дзевяці двароў зафіксаванае пры дарозе Ідута­Кублічы насупраць вёскі Скачыхі.

Аб шляхцічах Гушчах, на жаль, маецца параўнальна мала інфармацыі. Вядома, што дзве галіны гэтага роду зарэгістраваны ў I частцы радаслоўнай кнігі Віленскай губерні і VI частцы радаслоўнай кнігі Гарадзенскай губерні. Карысталіся гербамі Хозіўш, Падкова, Лук і Пухала. База даных Беларускага “Мемарыялу” згадвае Гушчу Івана Мікалаевіча, які нарадзіўся ў 1882 годзе і пражываў у вёсцы Пушча 1­ая Ушацкага раёна. Калгаснік Гушча І.М. па прыгавору “тройкі” ад 1 лютага 1933 года за антысавецкую агітацыю атрымаў пяць год выпраўленча­працоўных лагераў, а яго родныя і сваякі ў 1935 годзе былі высланы ў Комі АССР як члены сям’і кулака. Не выключна, што насельнікі Пушчы1­ай мелі непасрэдныя адносіны да таго самага Хведара, што гаспадарыў на Пахомаўшчыне ў часы Жыгімонта Аўгуста ды Стэфана Баторыя, аднак высветліць тое пакуль не атрымалася. Магчыма, у гэтай справе дапамогуць шматлікія нашчадкі роду ўшацкіх Гушчаў, што жывуць сёння як на Беларусі, так і па­за яе межамі.

М.ЧОБАТ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *