Уладкавацца на новым месцы, змяніўшы прывычную прапіску, заўсёды праблематычна. Калі ж у цябе вялікая сям’я, а будні насычаны асвойваннем дагэтуль невядомай “навукі” па выхаванні прыёмных дзяцей, зрабіць гэта цяжэй удвая. Упэўніцца ў гэтым давялося Анастасіі і Вячаславу Залатым з аграгарадка Глыбачка – паўгода назад яны з дочкамі пераехалі ў дом сямейнага тыпу ў Арэхаўна, стаўшы любячымі мамай і татам яшчэ і для чужых дзетак, пазбаўленых бацькоўскай апекі.
З мэтай падтрымкі сям’і аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама накіраваў у арганізацыі і на прадпрыемствы Ушаччыны лісты з просьбай аказаць Залатым пасільную спонсарскую дапамогу – як кажуць, хто чым можа. І, што радуе, жадаючыя зрабіць гэта хутка знайшліся. Так, ААТ “Дземенец” на чале з А.В.Шарыпенкам выдзеліў мяшок грэчкі, вырашчанай на сваіх палетках. Як заўсёды, не пакінула сям’ю без увагі раённая арганізацыя РГА “Белая Русь” – старшыня грамадскага аб’яднання І.Ф.Сыроўчанка наведала Залатых асабіста, уручыла дзецям салодкія падарункі, а ў дарослых пацікавілася планамі на будучыню. Дарэчы, частковаму ажыццяўленню аднаго з іх тут жа пасадзейнічаў дырэктар ПУП “Кедравы церам” А.А.Марачкін, які выдзеліў сям’і 1,3 кубаметра дошак.
– Яны спатрэбяцца для таго, каб пустуючую адрыну пераабсталяваць у дабротны хлеў, – патлумачыла гаспадыня. – Жыць у аграгарадку, мець пад бокам прасторнае гаспадарчае збудаванне і не трымаць жывёлу – проста недаравальна. У бліжэйшы час плануем узяць курэй. Пазней, калі атрымаецца канчаткова давесці да розуму хлеў, завядзём і парасят. Сям’я ж у нас вялікая, клёцкі з мясам любяць усе.
Трэба сказаць, што з дастаўкай узгаданага будаўнічага матэрыялу ў Арэхаўна пасадзейнічала жыллёва-камунальная гаспадарка на чале з С.Б.Завадскім. Аказаць дапамогу ў абсталяванні хлява паабяцалі работнікі гаспадарчай групы аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.
Дарэчы, далучыцца да дабрачыннай справы працоўныя калектывы, грамадскія аб’яднанні, індывідуальныя прадпрымальнікі і проста неабыякавыя грамадзяне могуць і зараз. Любая дапамога маладой прыёмнай сям’і не будзе лішняй.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.