Праздник-презентация с участием народных коллективов Ушаччины прошёл в районном Доме культуры

Общество

Пад такой назвай на мінулым тыдні ў раённым цэнтры культуры і народнай творчасці ладзілася свята­прэзентацыя з удзелам народных калектываў раёна.

Ужо ў фае ўсіх прыманьваў пах разнастайных страў, прыгатаваных удзельнікамі клуба “Прысмакі”. Паспрабаваць і ацаніць пачастункі ўшацкіх гаспадынь маглі ўсе, хто завітаў на свята, а за ўдзел у гульнях, правільныя адказы на загадкі прадугледжваўся дадатковы “бонус” у выглядзе прысмакаў ад клуба. Тут жа можна было паглядзець і выставу народных майстроў і самадзейных мастакоў народнага клуба “Адраджэнне”, якая вылучалася разнастайнымі творчымі ідэямі, прыгажосцю і дасканаласцю работ.

– Не спыняемся на тым, што ёсць, шукаем новыя ідэі і падыходы, каб здзіўляць нашых гледачоў. Вось, напрыклад, новы роспіс на дрэве з выявай славутага ўшацкага “Прарыву”, выкананы Крысцінай Кляшчонак, – гаворыць кіраўнік клуба А.В.Кузусёнак, якая ёміста і змястоўна пазнаёміла прысутных з дзейнасцю клуба ў вершаванай форме.

Затым удзельнікі свята перамясціліся ў глядацкую залу, дзе сваёй творчасцю падзяліліся і іншыя народныя калектывы. Так, ужо многа гадоў выходзяць на сцэну нястомныя, поўныя бадзёрасці і аптымізму ўдзельнікі хору народнага клуба “Ветэран” пад кіраўніцтвам Іны Сяргееўны Клімавай. 30 гадоў з дня заснавання адзначыў і яшчэ адзін вядомы ўшачанам калектыў – “Матырынская спадчына”. За гэты час ужо змянілася тры саставы яго ўдзельніц і сёння ў яго складзе 15 чалавек, дзякуючы якім жывуць народныя побытавыя песні.

У склад народнага клуба творчых сустрэч “Муза”, які існуе 17 гадоў пад кіраўніцтвам Галіны Аляксандраўны Варатынскай, уваходзяць людзі з рознымі захапленнямі і талентамі. С.Каранеўскі, Л.Сідарэнка і Т.Палячэнка пішуць вершы і прозу, Н.Губко – гумарэскі, С.Бязрукаў – ганчар і майстар керамікі. Клуб налічвае 30 чалавек, некаторыя з іх падзяліліся сваёй творчасцю падчас свята.

Для захавання і развіцця нацыянальных культур, умацавання сувязей паміж рознымі нацыянальнасцямі ў 2001-­м створаны клуб нацыянальных культур “Дружба” пры Ільюшынскім СДК. Творчасць розных нацыянальнасцей таксама была прадстаўлена ўвазе гледачоў.

Дзве гадзіны свята, канечне, не змаглі ўмясціць усе творчыя нумары, расказаць пра здольнасці ўдзельнікаў народных клубаў, але відавочна, што ўшацкая зямля багатая на розныя таленты.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *