В ОАО «Ильюшинский» около трёх миллиардов потратили на реконструкцию фермы в Сержанах

Сельское хозяйство

У ААТ “Ільюшынскі” самы вялікі статак сярод усіх гаспадарак раёна – 2300 галоў. Нават пасля ўвядзення новага тэнтавага цялятніка ў гаспадарцы назіраецца дэфіцыт вытворчых памяшканняў для размяшчэння буйной рагатай жывёлы. Таму хаця і не гатова пакуль на сто працэнтаў малочнатаварная ферма ў Сержанах, але і яе памяшканні выкарыстоўваюцца для ўтрымання пакуль яшчэ будучых кароў.

Жывёлу тут трымаюць на працягу некалькіх тыдняў. У адрамантаваным памяшканні кароўніка бяспрывязным спосабам гадуюцца каля 170 цялушак, маецца і два племянныя быкі. Як патлумачыў намеснік дырэктара ААТ “Ільюшынскі” Андрэй Мікалаевіч Тарасевіч, які, дарэчы, адказны ў гаспадарцы за гэты аб’ект, колькасць пагалоўя вагаецца, бо цялушак перад расцёлам пераводзяць на комплекс, замест іх на ферму з цялятніка ў Рагуцкіх паступае жывёла, па кандыцыях прыгодная для пакрыцця.

На каньку даху кароўніка ўстаноўлены пластыкавыя накрыўкі. Яны не толькі прапускаюць святло, дазваляючы эканоміць электраэнергію, але і адчыняюцца для вентыляцыі паветра, што мне і прадэманстравалі работнікі. Іх на ферме трое, працуюць, даючы адзін аднаму выхадны праз два дні на трэці. Але на момант, калі наведаў Сержаны, на ферме былі ўсе – маладыя ільюшынскія хлопцы Аляксей Казачэнка, Дзмітрый Качан і іх больш вопытны калега, мясцовы жыхар Сяргей Хамёнак.

– Сёння чысцім памяшканне, – тлумачыць А.М.Тарасевіч. – У такія дні мужчыны выходзяць на працу ў поўным складзе. Сочым за чысцінёй, каб жывёле было суха, таму саломы не шкадуем. Гной з памяшкання выдаляецца “Амкадорам” і адразу адвозіцца на палі – пляцоўка для яго складзіравання адсутнічае.

Механізаваны і працэс кармлення. Зусім побач з фермай закладзены сянажная і сіласныя траншэі, сумесь рыхтуецца і падвозіцца ў памяшканне кормараздатчыкам, работнікам застаецца толькі падсунуць яе на край кармавога стала. Акрамя пастаянных працаўнікоў застаў на аб’екце і рамонтную брыгаду, работнікі якой прыехалі падварыць зламаны металічны элемент стойлавага абсталявання. Яго ўстаноўкай і мантажом сістэмы водапаення ў мінулым годзе займалася спецыялізаваная арганізацыя з Пінска. Якасцю выкананых работ у гаспадарцы задаволены, а тое, што дзесьці трэба нешта падрамантаваць, нават і на новым абсталяванні – гэта рабочыя моманты.

Паказаў А.М.Тарасевіч і змены, якія адбыліся ў памяшканнях фермы, што пакуль не эксплуатуюцца. На яме даільнай залы чакае “мазгоў” новае абсталяванне, няма пакуль і камп’ютара кіравання працэсамі, некаторых электронных дэталей для запуску аўтаматызаванага даення. Неабходна завяршыць аддзелачныя работы ў памяшканнях для жывёлаводаў і спецыялістаў, набыць абсталяванне – акрамя спецыяльнага, малочнага блока ў перспектыве тут будзе і пральная машына, душавая кабіна – пытанне ўпіраецца ў фінансы. На рэканструкцыю фермы ў Сержанах гаспадарка затраціла каля трох мільярдаў рублёў, прычым, амаль поўнасцю – уласных. Таму і расцягнуліся работы на значны тэрмін, але справа паступова набліжаецца да завяршэння і А.М. Тарасевіч выказаў меркаванне, што ў хуткім часе запросіць нас на першую дойку малочнага статка, які павінен змяніць цялушак. Пакуль жа ў “Ільюшынскім” не чакаюць “профільнага” адкрыцця аб’екта і атрымліваюць аддачу ад укладзеных сродкаў ужо сёння.

Дзмітрый Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *