Более сорока лет отработал в сфере культуры директор Ушачского Дома ремёсел Михаил Александрович Богданович

Экономика и малый бизнес

З Міхаілам Аляксандравічам Багдановічам знаёмы кожны ўшачанін, нават калі і не ўяўляе, як ён выглядае. Па ўязным знаку ва Ушачы, па задніку сцэны падчас любога свята і нават па адкрытках, эмблемах, візітоўках. Знаёмы з яго творчым почыркам, які сорак год суправаджае ўсе значныя падзеі краю. Знаёмы з Домам рамёстваў, які ён узначальвае. А вельмі многія і з гэтым абаяльным інтэлігентам з тонкім пачуццём гумару, які 8 лютага адзначае свой 65-­гадовы юбілей.

Мне трэба бачыць неба

Перад пачаткам гутаркі мы прагледзелі сотні яго работ, і на кожнай яго вочы загараліся, а Міхаіл Аляксандравіч пачынаў тлумачыць, чаму выбраў менавіта такі шрыфт, колер. Няёмка было хутка перагортваць старонкі, пра кожную з якіх ён мог прыгадаць многае.

Фотаархіў жа не вёўся з таго 1974 года, калі выпускнік мастацкаграфічнага факультэта Віцебскага педінстытута прыехаў па размеркаванні ва Ушачы. Адмовіўся ад навуковай кар’еры ў Акадэміі навук у Мінску, ад выкладчыцкай дзейнасці ў роднай альмаматар, а стаў адзіным настаўнікам малявання, чарчэння і працы з вышэйшай адукацыяй сярод ушацкіх педагогаў. Дзіўны выбар, калі ўлічыць, што Міхаіл Багдановіч трэцім ішоў па размеркаванні, і нават калі не да спадобы былі ранейшыя прапановы, то школу, хутчэй за ўсё, мог абраць больш прэстыжную, чым невялічкую ў Сарочыне.

– Я хацеў бачыць неба, а не асфальт. Гэта было, напэўна, асноўным. Ушаччына ж спадабалася з першага візіту прыродай, колькасцю азёр. Загадчык раённага аддзела адукацыі І.С.Кулага накіраваў мяне ў Ленінскую школу. Пазбавіцца спецыяліста не хацеў, пэўна, па гэтай прычыне ў 1977 годзе, калі мяне зноў паклікалі выкладаць у ВНУ, нам далі ордэр на кватэру. У Віцебску ж прапаноўвалі толькі інтэрнат. Так і быў зроблены канчатковы выбар.

Ва Ушацкі раён Міхаіл Аляксандравіч прыехаў па месцы працы жонкі, якая была навуковым супрацоўнікам музея. Дарэчы, менавіта гэта ўстанова, а дакладней, адкрыццё экспазіцыі ў новым тады будынку, на месцы сённяшняга цэнтра гандлю насупраць РДК, і стала месцам іх сустрэчы. Інстытут і ў той час зарабляў грошы, выконваў розныя падрадныя работы, і разам з выкладчыкамі бралі і лепшых студэнтаў, якім да стыпендыі ішла грашовая прыбаўка.

Міхаіл жа быў лепшым. Першая яго ўзнагарода – Ганаровая грамата Вярхоўнага Савета БССР!!! Потым будуць многія іншыя, аднак ён на ўсё жыццё запомніў урачыстасць таго моманту, калі перад імі – дэлегатамі Першага з’езду студэнтаў – выступаў першы сакратар ЦК КПБ Пётр Машэраў, а ўзнагароду ўручаў старшыня Вярхоўнага Савета Фёдар Сурганаў. Толькі два студэнты інстытута былі ў складзе дэлегацыі, а такую ўзнагароду ён атрымае за выдатную вучобу і актыўны ўдзел у будаўнічых атрадах.

Школа Пэна
Візітоўку літаратурных музеяў Ушаччыны, дзе літара А быццам выява партызана перарывае слова і хоць і няма на малюнку, але чамусьці бачыш наш “Прарыў”, Міхаіл Аляксандравіч лічыць знаходкай. Ганарыцца і візітоўкай раёна “З крыніц адвечных”, якая летась на “Славянскім базары” была адзначана не проста як удалай, а вельмі ўдалай і адной з лепшых. Кожную работу ён спачатку прадумвае, каб за лаканічным надпісам і невялічкім малюнкам угадваўся змест. Падручнікі ці літаратуру не гартае: хапае вопыту і ведаў, якія былі закладзены на факультэце.

– Гэта вынік выдатнай вучобы і той выключнай школы мастацтва, якая была школай кадраў для ўсёй Беларусі. Так, у наш час у інстытуце выкладалі спецыялісты, якія валодалі традыцыямі Віцебскага мастацкага вучылішча, вядомага на ўвесь свет. Ды і зараз існуе “спаборніцтва” паміж віцебскай і мінскай мастацкімі школамі.

З першых курсаў Міхаілу падабалася і ўдавалася афармленчая работа і яго, другакурсніка, выкладчыкі бралі на практыку з чацвёртакурснікамі, каб паказаць клас. Ды яшчэ васьмікласнікам ён пісаў афішыанонсы кінастужак да бешанковіцкага кінатэатра, дзе тры гады працаваў на паўстаўкі з акладам 27 рублёў.

Аднак гэта далёка не адзіны напрамак, якім ён дасканала валодае. У Доме рамёстваў захоўваюцца партрэты нашых славутых землякоў, якія ён маляваў да юбілейных дат. Чорнабелых і вельмі трапных, дзе ўдалося перадаць характар і настрой. Аднак любімымі яго жанрамі былі і застаюцца пейзаж і нацюрморт, прычым акварэллю.

Нямнога карцін напісаў за жыццё Міхаіл Аляксандравіч, каля сотні, таму што практычна ўсе яны напісаны з натуры, але галоўнае, да кожнай работы – ці то па афармленні, ці карціны – ён падыходзіць творча, а гэта займае шмат часу. І ніколі не піша на заказ. У самога ж захавалася крыху больш дзясятка работ, якія ён не прадае нягледзячы ні на якія ўгаворы. Упэўнены, паўтарыць не атрымаецца.

Імя М.Багдановіча занесена ў кнігу “Памяць. Ушацкі раён”. А ў кнізе “Майстры і мастакі Віцебшчыны” М.Багдановіч прадстаўлены нацюрмортам з палявых кветак. Букет стаіць на зямлі, усланай лісцем бэзу. Так і было падчас яго напісання. І калі ў цёплы час ад работы адчуваеш толькі задавальненне, то ў зімовы, ці ранняй вясной – рукі стынуць. Аднак Міхаіл Аляксандравіч упэўнены, што такая святлоперадача магчыма толькі з натуры – і ў кватэры можа толькі крыху падкарэкціраваць работу.

Рыбак, калекцыянер, стралок

Яго карціны абсалютна рэалістычныя, у іх тое “неба”, зза якога і не хацеў жыць у вялікім горадзе. Адзін з любімых нацюрмортаў – са шчупаком – уласным трафеем (на здымку). Захапленне рыбалкай у Міхаіла Аляксандравіча таксама з дзяцінства і стаіць на першым месцы. А любімае возера, наваколле якога таксама ёсць на палотнах, – Цвеціна.

Акрамя гэтага М.А.Багдановіч сабраў унікальную (больш 6000 штук) калекцыю этыкетак ад запалак, якая выстаўлялася ў выставачным цэнтры Мінска і была адзначана дыпломам. Яна папаўняецца і зараз, вельмі цікавая серыя была выпушчана з выявамі гербаў паселішчаў Беларусі. Калекцыянер нават звязаўся з вытворцамі, чаму няма запалак з гербам Ушачы.

Таксама Міхаіл Аляксандравіч збірае плакаты і юбілейныя медалі. А сярод яго ўзнагарод ёсць адна няпрофільная – за трэцяе месца ў стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі на спартакіядзе кіруючых работнікаў. Так, ён з дзяцінства захапляўся спортам, а валейбол застаецца любімым відам да гэтага часу. І зараз мастак можа з веданнем справы пракаменціраваць любы матч, ну а добрая падрыхтоўка вельмі спатрэбілася яму ў пачатку кар’еры, калі ў Ленінскай школе ён выкладаў яшчэ і фізкультуру.

Вельмі многа работ напісаў сам, а яшчэ больш дзяцей навучыў маляваць у студыі Дома піянераў. Як педагог, ён лічыць, што падтрымаць на пачатковай стадыі трэба любое захапленне дзяцей, нават няўдалыя яго спробы, каб не адбіць ахвоту. “А з цягам часу вучань зможа пераўзысці свайго настаўніка. Графічнае бачанне дапаможа больш трапна выказаць сваю думку, нават калі чалавек і не стане мастаком. Маляваць жа можа кожны. Вельмі многае залежыць ад культуры зносін, выкладання. І сёлетні Год культуры, прысвечаны, у прыватнасці, і гэтаму”.

Усё пачынаецца з дзяцінства

На многіх здымках Міхаіл Аляксандравіч з унукам Арцёмам. Малы побач з дзедам падчас святочных мерапрыемстваў Ушаччыны (на здымку), з нажоўкай у Доме рамёстваў, на рыбалцы. Дзед імкнецца як мага больш часу праводзіць з сынам дачкі, якой не стала, паколькі перакананы, што ўсё пачынаецца з дзяцінства. І шасцікласнік пайшоў у дзеда – актывіст і выдатнік, занесены на Дошку гонару школы ў Лепелі, прымаў удзел у абласной ёлцы. А падчас розных віктарын дэманструе веды па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, якія яшчэ і не праходзілі ў школе. План “Барбароса” для Арцёма – гісторыя яго продкаў, якую дасканала ведае дзякуючы падачы дзеда.

Сам Міхаіл Аляксандравіч захоўвае памяць продкаў, а да пераможцаў вайны ў яго, пасляваеннага хлапчука, святыя адносіны. Удзельнікам дзвюх войнаў быў яго бацька Аляксандр Аляксеевіч. Гэта па яго слядах пайшоў сын, паколькі бацька быў выпускніком знакамітага Віцебскага мастацкага вучылішча, а потым выкладаў у школе №2 Бешанковічаў. Маці вяла родную мову, і хоць школа была рускамоўнай, мову ён ведае і, каменціруючы карціны, вырываецца трапнае “Званочкі” замест “Колокольчики”.

Міхаіл Аляксандравіч ненадоўга затрымаўся ў школе. Калі ў раёне ў 1980-м адкрылася мастацкая майстэрня, ён з задавальненнем прымае запрашэнне, каб займацца любай справай. Тады былі часы насценнай агітацыі, па гарпасёлку, ва ўстановах вісела шмат плакатаў, і Міхал Аляксандравіч жартуе, што і зараз ведае, колькі тон мяса трэба было здаць дзяржаве. Ну а калі ты работнік культуры – то і артыст, і вядучы, а не толькі мастак. І М.Багдановіч да мноства раённых свят не толькі афармляў сцэну, але і ўдзельнічаў у пастаноўках ці быў вядучым. Вось і гонар стаць каралеўскім пасланнікам, які прывёз загад аб прысваенні Магдэбурскага права, даручылі таксама М.Багдановічу. Канферансье і актыўным удзельнікам усіх мерапрыемстваў ён таксама быў з дзяцінства.

* * *

І вось ужо больш сарака гадоў ён прысвяціў культуры. Узначальвае творчы калектыў, умела спалучае адміністрацыйныя абавязкі, не стрымліваючы ініцыятыў маладых супрацоўнікаў. Яны выконваюць планы платных паслуг, заснавалі музей і пашыраюць колькасць яго экспанатаў, прапаноўваюць ушачанам унікальныя, зробленыя сваімі рукамі падарункі. Здабыткаў многа, толькі не сакрэт, што работнікі культуры не адносяцца да высокааплачваемых. На маё ж пытанне, ці не было жадання знайсці больш прыбытковай работы, Міхаіл Аляксандравіч адказаў проста і мудра: “Гэта ж любімая работа, а я найшчаслівейшы чалавек. Гэта супер кожны дзень ісці з задавальненнем на работу, дзе мы праводзім нават не палову жыцця, а 70 яго працэнтаў. Самае галоўнае ў лёсе – зрабіць правільны выбар. Я свой рабіў асэнсавана. Матэрыяльнае ж ні ў мяне, ні ў жонкі ніколі не стаяла на першым плане”.

Вольга КАРАЛЕНКА.



1 комментарий по теме “Более сорока лет отработал в сфере культуры директор Ушачского Дома ремёсел Михаил Александрович Богданович

  1. Спасибо, интересно. Видел его работы

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *