В Ушачском районе на межсезонный период заготовлено достаточно овощей

Общество

Прыгожыя, ладныя, чырвоныя яблыкі так і заманьвалі пакупнікоў сваім цудоўным выглядам. Хоць на календары апошні месяц зімы, а яны быццам толькі што з дрэва. Таму і не залежваліся на прылаўках “Дароў прыроды” і іншых магазінаў райспажыўтаварыства. Дарэчы, як яблыкаў, так і агародніны на міжсезонны перыяд 2015-2016 года нарыхтавана ў раёне з запасам.

Агароднінная прадукцыя і бульба знаходзяцца ў пераліку сацыяльна значымых тавараў, для бесперабойнага забеспячэння насельніцтва імі ў міжсезонны перыяд кожны год па даручэнні Савета Міністраў ствараюцца стабілізацыйныя фонды. Штогод райспажыўтаварыству з улікам спажывецкага попыту даводзіцца план закладкі агародніны, які выконваецца і нават перавыконваецца. Як жа захоўваецца сацыяльна значымы запас, мы паглядзелі, наведаўшы спецыяльна створанае для гэтых мэт сховішча. Штодня тут працуюць чацвёра рабочых, кантралююць працэс кладаўшчыкі Жанна Леанідаўна Аваднёва і Мікалай Уладзіміравіч Пахолкін (на здымках).

На момант нашага візіту ў сховішчы рыхтавалі чарговую партыю тавару для адпраўкі ў гандлёвыя кропкі гарпасёлка і раёна, у тым ліку і яблыкі. Мінулы сезон на Ушаччыне аказаўся не яблычным і ўласных пладоў хапіла толькі на восень. Гэтыя ж былі закуплены на РУП “Талачынскі кансервавы завод”. Сорт “Алеся” не толькі добра захоўваецца, а і вылучаецца сваімі смакавымі ўласцівасцямі. У папярэдні сезон завозіць яблыкі не даводзілася, бо небывалы ўраджай сваіх, ушацкіх, дазволіў закласці іх пад поўную патрэбу.

У гэтым сезоне было нарыхтавана каля 120 тон “другога хлеба”. Гэтай колькасці бульбы павінна хапіць да новага ўраджаю. Закуплялі яе часткова ў насельніцтва нашага раёна, а таксама ў Талачынскім раёне. А вось 25 тон цыбулі было закуплена ў Брэсцкай вобласці. Буракі, морква, капуста таксама вырошчваліся не толькі на Ушаччыне, а завозіліся з суседніх раёнаў.

– На суседняй Глыбоччыне фермерскія гаспадаркі, а таксама насельніцтва актыўна вырошчвае агародніну для здачы. З многімі з іх працуем ужо на пастаяннай аснове, некаторыя нават гатовы вырасціць пэўны сорт па нашым жаданні. У нашым раёне людзі наадварот, не надта актыўныя ў гэтым плане. У асноўным толькі тады, калі вырастае добры ўраджай і ёсць лішкі, ушачане гатовы іх здаць, – расказвае вядучы таваразнаўца аддзела нарыхтовак райспажыўтаварыства М.А.Маковіч. – Хоць сезон нарыхтовак яшчэ далёка, мы ўжо пачалі заключаць дагаворы з насельніцтвам на вырошчванне агародніны.

Але мала толькі нарыхтаваць агародніну – трэба яе добра захаваць. Для кожнага віду ў сховішчы вытрымліваецца адпаведны тэмпературны рэжым, а таксама працуе вентыляцыя. Асобныя памяшканні занялі запасы бульбы і цыбулі, разам суседнічаюць капуста і морква. Не надта вялікія плошчы сховішча не дазваляюць умясціць у ім усё нарыхтаванае. Таму, напрыклад, тыя ж яблыкі і бульбу прывозяць сюды партыямі з Талачынскага завода і адной з фермерскіх гаспадарак, з якімі заключаны дагаворы на захоўванне.

Як сцвярджаюць спецыялісты райспажыўтаварыства, нарыхтаванай агародніны ўшачанам хопіць да новага ўраджаю і перабояў у гандлі, адсутнасці гэтага тавару ў магазінах не будзе. Больш таго, агароднінную прадукцыю ўжо не першы год пастаўляюць і за межы раёна – у воінскія часці Лепельшчыны.

Вольга КАМАРКОВА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *