Благодарность пионерам

Общество

Кожнае лета я вяртаюся з Мінска ў свой родны дом у вёсцы Вашкова. Вось і сёлета прыехаў, пачаў уладкоўвацца, прыглядацца, што трэба зрабіць, як да мне завіталі нечаканыя госці – цімураўцы Ільюшынскай школы. Цэлы атрад з дваццаці чалавек пад кіраўніцтвам настаўнікаў Антаніны Аркадзьеўны Крывапушчанка, Ларысы Пятроўны Асіповіч, Дзмітрыя Пятровіча Дразда. Я не паспеў нічога папрасіць, як дарослыя ўмела размеркавалі дзецям абавязкі, па-гаспадарску ацаніўшы сітуацыю. Хутка і зладжана працавалі школьнікі, сярод якіх былі як шасцікласнікі, так і выпускнікі. Абрэзалі сад, спілавалі сухія дрэвы, прыбралі ўсё ля дома і нават зрабілі і пафарбавалі лавачку.

Мне прыемна была не столькі дапамога, хоць яна важкая, сам бы я не справіўся, колькі ўвага і разуменне таго, што працягваюцца традыцыі, закладзеныя намі. Прыемна ўдвая, бо ў сваёй працоўнай дзейнасці я працаваў у Качаноўскай школе, быў і піянерважатым, і мы з цімураўцамі вось так жа наведваліся да ветэранаў, адзінокіх пажылых людзей і рабілі добрыя справы.

Доўга гутарылі мы з маімі шэфамі пра тыя часы, пра піянераў і карысныя праекты нашай дружыны. Дзеці не проста слухалі, а задавалі пытанні, бо ўсе мае піянеры – іх бацькі ці родныя. Маёй цімураўкай была і Антаніна Аркадзьеўна Крывапушчанка.

А на Дзень Перамогі дзеці зноў наведаліся да мяне, праўда, ужо з кветкамі. Хоць я і не ветэран вайны, яны вырашылі павіншаваць мяне са святам. А сёння, на Дзень піянерыі, я віншую са святам іх, маіх цімураўцаў, усіх піянераў раёна, а таксама педагагічны калектыў Ільюшынскай школы. Дзякуй вам за увагу, працяг піянерскіх традыцый, добрае выхаванне маладога пакалення.

А. ДУК



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *