Вострыя рэспіраторныя інфекцыі і грып заўсёды застаюцца актуальнымі ў зімовы сезон. Зыходзячы са шматгадовых назіранняў, перыяд захваральнасці рэспіраторнымі інфекцыямі і грыпам, на працягу якога існуе найбольшая верагоднасць эпідэмічнага пад’ёму, пачынаецца ў канцы года прыкладна з 40-га тыдня і працягваецца да 20 тыдня новага года.
У Беларусі ад грыпу было прышчэплена 3,9 мільёна чалавек або 41,7 працэнта насельніцтва. У нашым раёне прышчэпкі зрабілі 5727 чалавек, што склала 40,3 працэнта. Павелічэнне колькасці вакцыніраваных людзей, безумоўна, дае эфект. Так, у мінулым сезоне захваральнасць грыпам па краіне знізілася ў 52 разы! Сярод краін СНД і нават Еўропы гэта самы высокі паказчык.
У краінах Заходняй Еўропы, Расіі, Украіне зараз распаўсюджваецца вірус грыпу H1N1. Гэта той самы грып, ад якога ў 2009 годзе памерла шмат людзей ва ўсім свеце і ён атрымаў назву “свіны”. У Беларусі выпадкі такога грыпу таксама ўжо рэгіструюцца. Таму абавязкова трэба ведаць, што ўяўляе сабой “свіны” грып і якія меры прафілактыкі ў барацьбе з ім трэба прымяняць.
Вірус грыпу H1N1 – гэта такое ж рэспіраторнае захворванне, як і звычайны грып, але адрозніваецца ад яго некаторымі сімптомамі і, канечне ж, наступствамі. Інкубацыйны перыяд (з моманту інфіцыравання да з’яўлення першых скаргаў) пры “свіным” грыпе доўжыцца ў сярэднім ад сутак да чатырох дзён, часам дасягае тыдня. У хворых падымаецца высокая тэмпература – 38-39 градусаў, з’яўляецца слабасць, мышачны боль, рвота, вяласць, ламота ў целе. Другая група скаргаў пры захворванні звязана з развіццём рэспіраторнага сіндрому – пачынаецца сухі кашаль, пяршэнне ў горле, пачуццё недахопу паветра, з’яўляецца верагоднасць хуткага развіцця аднаго з ускладненняў – запалення лёгкіх на ранніх тэрмінах (2-3 дзень хваробы).
Меры прафілактыкі гэтага захворвання наступныя:
– часцей мыйце рукі з мылам, можна са спіртаўтрымліваючымі растворамі;
– пазбягайце кантакту з хворымі людзьмі;
– пазбягайце пацалункаў, рукапацісканняў;
– калі вы захварэлі, заставайцеся дома і абмяжуйце кантакты з іншымі людзьмі;
– пры з’яўленні першых сімптомаў грыпу адразу звяртайцеся за медыцынскай дапамогай.
Беражыце сваё здароўе, прыслухоўвайцеся да ўрачоў і выконвайце іх рэкамендацыі. Будзьце здаровы!
А.ЖАЛВАНАВА, памочнік урача-эпідэміёлага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.