Как сельхозорганизации Ушачского района готовят технику к весенне-полевым работам?

Сельское хозяйство

Тэрмін, адведзены на зімовы рамонт сельскагаспадарчай тэхнікі, дзень ад дня скарачаецца. Да традыцыйнай пастаноўкі пасяўных машын і агрэгатаў на лінейку гатоўнасці засталося меней месяца. Ці паспеюць у сельгасарганізацыях да гэтага часу завяршыць рамонтныя работы, ці ва ўсіх з іх аднолькава адказны падыход да гэтай важнай задачы? Адказ на гэтае пытанне мы высвятлялі падчас наведвання асобных гаспадарак раёна разам з галоўным спецыялістам райсельгасхарча М.А.Шуком, які курыруе гэты важны напрамак дзейнасці аграрыяў.

Няхай не паспелі за дзень аб’ехаць усе майстэрні і мехдвары, але ўбачанага хапіла для таго, каб уявіць агульную, не вельмі прывабную карціну.

У КУСГП “Вялікадолецкае” ля памяшкання майстэрні завіхалася шмат людзей, прычым большасць з іх былі заняты не падрыхтоўкай агрэгатаў, якія будуць задзейнічаны на скорай сяўбе, а аўральна барціравалі кола з кормаўборачнага камбайна, каб паставіць гуму на “Амкадор” – у гаспадарцы на той момант не засталося ніводнага спраўнага пагрузчыка, незаменных на жывёлагадоўчых аб’ектах. Таму зусім няпрофільнай работай разам з “амкадоршчыкамі” Віктарам Букам і Васілём Мылянавым займаўся і зваршчык Васіль Собаль. Але нягледзячы на бягучыя рамонты, у “Вялікадолецкім” знаходзяць час, людскія рэсурсы і для падрыхтоўкі да вясенніх палявых работ.

Сполахі агню зпад зварачнага апарата з характэрным трэскам вырываліся зза прыадчыненых дзвярэй майстэрні – улічваючы аб’ёмы, перад рамонтным сезонам у гаспадарцы ўзялі на работу другога зваршчыка. І пакуль яго больш вопытны калега дапамагаў “абуваць” “Амкадор”, нядаўна скончыўшы армейскую службу Андрэй Бука набіваў руку, даводзячы да рабочага стану чызель. Бароны ў “Вялікадолецкім” сабраны ў счэпку яшчэ месяц таму – чапляй і выязджай у поле. Іншая справа, чапляць іх ды іншыя глебаапрацоўчыя агрэгаты асабліва няма за што. Усе магутныя МТЗ3022 у гаспадарцы патрабуюць дарагога рамонту. Размова ідзе пра сотні мільёнаў рублёў, бо на адным выйшаў са строю рухавік, а два чакаюць запчастак для рамонту мастоў. Пакуль жа механізатары рамантуюць тое, што можна зрабіць без вялікіх фінансавых укладанняў і сваімі сіламі, без паслуг спецыялізаваных арганізацый. Андрэй Смаляк (на здымку) завіхаўся ля паўразабранага МТЗ-1221 – яго са строю вывела паломка каробкі перадач. Малады механізатар на маё пытанне, ці зможа потым сам скласці гэты набор паздыманых вузлоў ды дэталей, з усмешкай і ўпэўненасцю адказаў: “Канечне, не першы раз ужо. Было б з чаго!”

Аб тэрмінах адрамантаваць усю тэхніку да 1 сакавіка ў “Вялікадолецкім” памятаюць і прымаюць для гэтага ўсе неабходныя меры: паступова рамантуюць раскідвальнікі ўгнаенняў, культыватары. Не “спяць у шапку” і ў ААТ “Ільюшынскі”, дзе загадчык мехмайстэрні Вячаслаў Пятровіч Аўсіевіч прадэманстраваў нам зачэпленыя за трактарамі гатовыя да работы раскідвальнікі мінеральных угнаенняў, практычна падрыхтаваныя да работы бароны, два чызелі, але працы яшчэ вельмі шмат.

Як і ў іншых гаспадарках. Вось толькі практычна няма зрухаў з мёртвай кропкі у КУСГП “Арэхаўна”, дзе да вясенніхпалявых работ яшчэ з восені гатовы толькі адзін чызель. Гэтак жа сумна абстаяць справы з падрыхтоўкай тэхнікі ў КУСГП “Кублічы”. Адрамантаваўшы бароны і чызель, распачалі яе ў ААТ “АграСелішча”, КУСГП “Глыбачаны”. Тры глебаапрацоўчыя агрэгаты гатовы ў ААТ “Ушацкі райаграсэрвіс”, а вось да рамонту барон тут толькі прыступілі – па словах галоўнага інжынера Г.С. Юрчака – не хапае людзей. Генадзь Сяргеевіч заверыў М.А.Шука, што з выхадам з водпуску некалькіх работнікаў справа пойдзе хутчэй.

Менавіта ў “Райаграсэрвісе” пабачыў, як “рэанімуюць” зношаныя зубы да барон, расцягваючы іх пасля награвання газавай гарэлкай. Зразумела, тэрмін службы такога рабочага органа, адноўленага мясцовымі “кулібінамі”, будзе значна меншым, чым у заводскай дэталі. Але максімальна працягнуць жыццё дэталям працаўнікі майстэрняў стараюцца не ад добрага жыцця – адзін зуб для бараны, не высокатэхналагічная, а простая “жалязяка” каштуе звыш 32 тысяч рублёў! Але гэта дробязі ў параўнанні, напрыклад, з дыскамі для дыскатара АД600, зношанасць якіх па словах М.А.Шука з’яўляецца агульнай бядой для ўсіх гаспадарак: “А такую “талерку” ў сваіх умовах ніяк не зробіш і не наросціш. Каштуе ж яна каля паўтара мільёна рублёў. Такім чынам, для таго каб поўнасцю замяніць дыскі на агрэгаце, патрэбна звыш сямідзесяці мільёнаў!”

Між тым бывае, што нядобрасумленные пастаўшчыкі за такія грошы падсоўваюць дэталі зусім нізкай якасці. Да прыкладу можна прывесці словы галоўнага інжынера “Вялікадолецкага” Юрыя Фёдаравіча Васілевіча, які расказваў, як некаторыя новыя дыскі трактарыстмашыніст С.Філімонаў разгінаў голымі рукамі: “Канечне, калі б метал быў адпаведнай якасці, наўрад ці справіўся б Сяргей Аркадзьевіч з такой задачай нават з яго багатырскай камплекцыяй! І як з такімі дыскамі працаваць на нашых камяніцах?!” Вось і атрымліваецца, што кіраўнікі і спецыялісты гаспадарак разрываюцца паміж прапановамі розных фірм, каб і купіць танней, і не прагадаць пры гэтым, заплаціўшы за брак.

МТЗ1221 і менш магутныя машыны, набываючы расходнікі і эканомячы ў гаспадарках, стараюцца аднавіць уласнымі сіламі. Значна палепшылася сітуацыя з забяспечанасцю трактарамі ў мінулым годзе, калі прыблізна пятую частку парка замянілі новай тэхнікай. Складаная сітуацыя з рамонтам энерганасычаных трактароў, які магчымы толькі ў заводскіх умовах, падрыхтоўкай сеялак і асабліва пасяўных агрэгатаў. Існуе і кадравая праблема – у асноўным рамантуюць тэхніку замацаваныя за ёй механізатары і аднаму трэба справіцца з некалькімі адзінкамі.

– Зрэшты, усе гаспадаркі знаходзяцца прыкладна ў аднолькавых умовах, – падвёў вынікі М.А. Шук. – Але, як бачна, некаторыя гаспадаркі падрыхтоўку да пасяўной кампаніі распачалі яшчэ ў канцы мінулага года, а ў асобных бяруцца за справу толькі зараз, са здзіўленнем адзначаючы недахоп сродкаў, дэталей, работнікаў і часу. А яго, нягледзячы на рост светлавога дня, будзе толькі менець – праверана вопытам.

Д.Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *