Александра Михайловна Маркович

70-годдзе Перамогі

Аляксандра Міхайлаўна Марковіч нарадзілася ў вёсцы Рукшаніцы Глыбачанскага сельсавета. Да вайны паспела скончыць сем класаў і раённую школу бухгалтараў.

Пачалася Вялікая Айчынная… Не было тады раўнадушных да лёсу краіны. Ад старыка да падлетка – кожны імкнуўся прынесці нейкую карысць захопленай фашыстамі Радзіме. Не сядзелі склаўшы рукі і жанчыны. Усю мужчынскую работу бралі на сябе, а больш актыўныя і ўвогуле добраахвотна ішлі ў партызаны. Сярод іх і Аляксандра Міхайлаўна Марковіч. У брыгадзе імя Чапаева яна была санітаркай у шпіталі. Там яе абралі сакратаром камсамольскай арганізацыі. Пазней асвоіла поварскую справу і гатавала ежу народным мсціўцам.

Неаднойчы шпіталь станавіўся мішэнню нямецкіх самалётаў, аднак сярод нямногіх медработнікаў удалося выжыць і Аляксандры Міхайлаўне. У сярэдзіне 1943 шпіталь пераведзены з вёскі Рыбакі Полацкага раёна ў Павулле Ушацкага, дзе знаходзіўся да блакады. А потым перавялі ў Замошша (Плінскае), дзе мая гераіня працавала медсястрой.

Добра запомнілася Аляксандры Міхайлаўне, як аднойчы ўвечары праляцеў над вёскай нямецкі самалёт і скінуў лістоўкі. Іх было так многа, што дзеці нават падумалі, нібыта пайшоў снег. Калі паперкі прызямліліся, нехта з дарослых прачытаў услых: “Партизаны, партизанки, поднимайте хвосты. Бегите в кусты”. Толькі гэтыя словы ніколькі не напужалі партызан, а наадварот натхнілі на яшчэ больш жорсткую барацьбу з ненавіснымі фашыстамі.

Камандаванне дало загад ратавацца дробнымі групамі. Аляксандра Міхайлаўна прыбілася да невялікай кучкі людзей, дзе быў знаёмым адзін настаўнік і жанчына з трыма дзяцьмі. Усе рванулі ў глыб лесу, выкапалі там зямлянку і схаваліся. Неўзабаве немцы іх знайшлі. Цудам удалося ўцячы некалькім з зямлянкі. А жанчыну і яе трох дзяцей немцы расстралялі.

Пасля вайны Аляксандра Міхайлаўна Марковіч працавала бухгалтарам райвыканкама. Ужо доўгі час на заслужаным адпачынку. Аднак і праз шэсць дзесяткаў гадоў асобныя эпізоды вайны непакояць яе. Жанчына з болем у душы прызнаецца, што гэтыя ўспаміны немагчыма сцерці з памяці. З імі трэба жыць.

Таццяна КЫЗЫМА,

член гуртка “Юны журналіст” пры ЦПР



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *