С чем начали год ушачские животноводы

Сельское хозяйство

Пытанням пастаноўкі жывёлы і яе ўтрымання ў зімова-­стойлавы перыяд, вытворчасці малака і мяса пастаянна ўдзяляецца ўвага на пасяджэннях райвыканкама, семінарах і нарадах. Здаецца, пералік патрабаванняў, пры выкананні якіх можна атрымаць неблагія надоі і прывагі, добра вядомы. Аднак таксама кожны год паўтараецца: не даглядзелі, дзесьці не закрылі­залаталі, не пракантралявалі. Пералік гэтых “не” можна працягваць доўга, а любая акалічнасць уплывае на канчатковы вынік жывёлагадоўлі. А паказчыкі гэтай, адзінай крыніцы фінансавання сельгаспрадпрыемстваў узімку, напрыканцы года не радавалі. Між тым, мінуў ужо месяц працы новага года. Аб выніках мінулага і як распачалі працаўнікі ферм справаздачны, якія праблемы прыходзіцца пераадольваць, наша інтэрв’ю з першым намеснікам старшыні райвыканкама, начальнікам райсельгасхарча Л.А.Лісоўскім.

– Леанід Аляксандравіч, раскажыце, калі ласка, як гаспадаркі раёна справіліся з неспрыяльным надвор’ем у пачатку года.

– Можна сказаць, што без надзвычайных сітуацый. З першымі маразамі былі невялікія праблемы на асобных жывёлагадоўчых аб’ектах, якія паказалі слабыя месцы ў падрыхтоўцы да зімоўкі, але яны хутка ўхіляліся. Пасля навагодніх святаў на малочнатаварным комплексе “Слабада” КУСГП “Арэхаўна” былі праблемы з вадой – выйшла са строю помпа, і з­за адсутнасці цыркуляцыі перамерзла вежа. У час паломкі жывёла не пакутавала, бо было арганізавана водапаенне, а аварыя аператыўна ліквідавана. На шчасце, не прынесла “Даніэла” і якіх­небудзь наступстваў у выглядзе абвальвання збудаванняў пад цяжарам снегу. Да гонару кіраўнікоў трэба адзначыць, што не было выпадкаў, каб да ферм не даехаў малакавоз – усе пад’езды расчышчаліся, своечасова завозіліся кармы.

– Ці хапае ў гаспадарках кармоў, канцэнтратаў?

– Забяспечанасць гаспадарак кармамі розная. Напрыклад, ААТ “Ушацкі райаграсэрвіс” ужо завозілі іх з КУСГП “Кублічы”, але ў цэлым з­за межаў раёна закупляць не будзем. Наадварот, звяртаюцца да нас, прычым не толькі з рэгіёнаў Віцебшчыны, а нават з Магілёўскай вобласці. Традыцыйна будзе прадаваць кармы ­КУСГП “Вялікадолецкае”. Хаця і быў слабы ўраджай кукурузы, трэба адзначыць, што забяспечанасць грубымі кармамі дазваляе карміць жывёлу ўволю, бо няблага спрацавалі на травах. Іншая справа з наяўнасцю канцэнтратаў, без якіх цяжка не дапусціць спаду вытворчасці і тым больш забяспечыць яе рост. Прычына банальная – недахоп фінансавых сродкаў.

– Ці азначае гэта, што адбылося падзенне вытворчасці малака і мяса?

– Не, наадварот, ёсць станоўчыя зрухі. Аб’ём прадукцыі вырошчвання буйной рагатай жывёлы вырас на 107,1 працэнта. Па пяпярэдніх падліках за першы месяц бягучага года на 106,8 працэнта павялічана пагалоўе буйной рагатай жывёлы. Атрымана прыплоду 145 працэнтаў да мінулагодняга – больш на 111 галоў. Папрацавалі з асемяненнем, таму і ёсць вынік. Вырас паказчык з 38 да 78 галоў у “Ільюшынскім”, з 58 да 73 у “Райаграсэрвісе”, з 32 да 46 у “Глыбачанах”, а ў “Вялікадолецкім” за першы месяц года атрымалі 84 галавы прыплоду супраць 9 мінулагодніх. Удой на карову ў параўнанні са студзенем мінулага года ў сярэднім па раёне павялічыўся са 169 да 207 кілаграмаў. Самую значную прыбаўку далі ў “Райаграсэрвісе” – 90 кілаграмаў. Вышэй мінулагодняга паказчыка на 45 і 30 кілаграмаў атрымалі адпаведна ў “Дземенцы” і “Ільюшынскім”. Мінусуюць пакуль у “Агра­Селішчы”, “Вялікадолецкім” і сама значна ў “Глыбачанах” – мінус 74 кілаграмы да ўзроўню мінулага года. Сярод станоўчых прыкладаў можна выдзеліць “Райаграсэрвіс”, дзе вытворчасць малака ў студзені бягучага года павялічылася амаль удвая – з 3,34 кілаграма да 6,54, а на даільнай зале комплексу “Завячэлле” атрымалі другі вынік у раёне – 7,15 літра ад каровы. Такі надой няхай і не дасягненне, але лакальным поспехам назваць гэты паказчык можна.

– Рост бачны на фоне нялепшых паказчыкаў мінулага года?

– Сапраўды, па выніках мінулага года мы крыху здалі пазіцыі, як і пераважная большасць раёнаў вобласці. Сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі атрымана 11458,3 тоны малака, што складае 96,8 працэнта да аб’ёмаў 2014 года. У якасці прычын можна прывесці анамальную летнюю спёку, калі жывёла ўтрымлівалася ў полі, ды і наогул няма пакуль нармальнай кармавой базы для выпасу, што таксама вельмі важна. З мінусам спрацавалі ААТ “Ушацкі райаграсэрвіс”, КУСГП “Арэхаўна” і ААТ “Ільюшынскі” на 10, 7 і 6 працэнтаў адпаведна. На долю гэтых гаспадарак, асабліва апошняй, прыходзіцца вялікі працэнт дойнага статка раёна, таму нягледзячы на тое, што астатнія гаспадаркі спрацавалі хоць і па­рознаму, але з плюсам, гэтага не хапіла для ўтрымання пазіцый. За 2015 год вытворчасць малака ў ААТ “Агра­Селішча” склала 103, у КУСГП “Глыбачаны” – 106, “Вялікадолецкім” – 110, а ў “Дземенцы” нават 130 працэнтаў. Між тым трэба ўлічваць, што адштурхоўваліся гаспадаркі ад розных паказчыкаў  і  дабаўлялі далёка не да рэкордных надояў. Напрыклад, пры вельмі ўнушальных тэмпах росту надой малака на карову ў “Дземенцы” склаў 2674 кілаграмы, а ў “Вялікадолецкім”, дзе тэмпы росту значна ніжэй – 3756 кілаграмаў. Вытворчасць прадукцыі вырошчвання буйной рагатай жывёлы за справаздачны перыяд склала 1095,7 тоны або 89,4 працэнта да ўзроўню 2014 года.

– Чаму па гаспадарках такая розніца ў студзені?

– У “Райаграсэрвісе” спраўна працуе новае абсталявання даільнай залы, пайшлі расцёлы, больш-менш арганізавана кармленне жывёлы, наведзены парадак, чаго мы патрабуем на ўсіх жывёлаводчых аб’ектах. А ў “Вялікадолецкім”, “Арэхаўне”, “Агра­Селішчы” замест канцэнтратаў у асноўным даюць муку ўласнага размолу, а гэта зусім іншая кармавая каштоўнасць. Апусцілі рукі ў “Глыбачанах”, востра стаіць кадравая праблема, са спецыялістаў на ўвесь комплекс застаўся толькі малады ветурач. Дарэчы, гэта праблема у рознай ступені характэрна для ўсіх сельгаспрадпрыемстваў.

– Сярод якіх і адноўлены свінагадоўчы комплекс.

– УП “Сарочына” паступова нарошчвае магутнасці. З пачатку месяца атрымана 560 галоў парасят і па стане на 1 лютага пагалоўе комплексу складае 4884 галавы. Гэта пры ўліку таго, што за студзень выбыла 1314 галоў жывёлы, з якіх 1139 рэалізавана на мяса. Знізіўся і падзеж. За студзень па гэтай прычыне выбыла 150 галоў, а ў асобныя месяцы бывала значна больш.

– Якія праблемы неабходна вырашыць у першую чаргу каб захаваць станоўчую дынаміку?

– Адказна адносіцца да працы, строга захоўваць тэхналогію вытворчасці. Ва ўмовах невысокіх надояў трэба мінімізаваць страты на якасці малака, якая пакідае жадаць лепшага – толькі ў “Вялікадолецкім” за студзень атрыманы дастойны паказчык і здадзена “экстрай” 80 працэнтаў малака, павышаць яго таварнасць, якая ў асобных гаспадарках крытычна нізкая. Трэба больш сур’ёзна падыходзіць да індывідуальнай раздачы канцэнтратаў і мукі жывёле ў залежнасці ад прадукцыйнасці, як і наогул у захаванні рэгламентаў. Сур’ёзныя задачы стаяць перад селекцыяй. Неабходна спыніць невытворчае выбыццё жывёлы, яе падзеж і зрабіць шмат чаго іншага, што патрабуе пастаяннай увагі кіраўніцтва гаспадарак. Жывёлагадоўля можа і павінна быць прыбытковай.

Гутарыў Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *