«Мы освобождали Берлин». Из воспоминаний И.К.Подворного

Листая страницы истории Общество

Летась мы друкавалі ўспаміны гісторыка, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Івана Кірылавіча Падворнага, які зусім нядаўна пайшоў з жыцця. У занітаваных ім успамінах – даваенная Ушаччыны з сялянскім побытам, партызанская вайна, палон і служба ў Чырвонай арміі, а потым пасляваеннае аднаўленне народнай гаспадаркі раёна.

Пасля прарыву блакады, калі партызаны выходзілі праз лясы і балоты хто куды мог, аднак на тэрыторыю яшчэ акупіраванай Віцебшчыны, Іван Кірылавіч з некалькімі партызанамі трапілі ў палон. Перанёсшы сыпны тыф, ён разам з многімі землякамі аказаўся ў горадзе на закрытай тэрыторыі – веласіпеднай фабрыцы. Палонным на форме былі нашыты біркі “Ост”, акрамя мужчын там было многа жанчын пераважна з Курскай і Смаленскай абласцей, якія працавалі ў цэху афарбоўкі. Таксама быў зварачны, такарны цэх, кузня.

“Я ж пад наглядам фрыца перавозіў рознае смецце на тачцы. За тэрыторыю фабрыкі нас не пускалі. Толькі жанчын немкі бралі на свае агароды для дапамогі і заробку, яны прыносілі ячмень, авёс, калі­нікалі цыбулю і часнок (траву).

Аднаму ахоўніку мы далі мянушку “майліба” (мой любімы), паколькі ён заўсёды так звяртаўся да нас. Перад нашым пабегам ён скончыў жыццё самагубствам. Крыклівага клікалі фрыцам. У жніўні 1944 я перайшоў у дапамогу немцу, які абслугоўваў водаправод, цепласетку, сантэхніку будынкаў. Штодня мы абыходзілі камунікацыі і рамантавалі, калі пачыналася цеч. Ён быў камуністам, навучыў мяне спяваць інтэрнацыянал на нямецкай мове, які і спявалі потым падчас бамбёжак амерыканскімі самалётамі. Падчас адной з такіх – 21 сакавіка 1945 наша фабрыка была поўнасцю разбурана. І калі мы вылезлі з камунікацый, дзе хаваліся, па начах пачалі прабірацца на ўсход. На шляху пачалі з’яўляцца бежанцы, гэта абнадзейвала. Мы ўжо спакойна заходзілі ў хаты, патрабавалі ежу, адзенне і немкі моўчкі давалі нам боханы хлеба і малако. Так у адной вёсцы сустрэліся з савецкімі танкамі з салдатамі на бартах. Нам указалі месца збору. І вось 24 сакавіка я ўжо радавы 214 асобнага запаснога стралковага палка, а потым і гвардыі радавы 42 гвардзейскага мотапяхотнага палка І­га Украінскага фронту.

Усе новенькія прынялі прысягу на вернасць Радзіме, а да гэтага прайшлі субяседванне са спецслужбамі. Ад Одэра і Нейсы ішоў салдат па Германіі да Эльбы. 25 красавіка наша дывізія ўварвалася ў горад Торгау на Эльбе, на супрацьлеглым баку якой былі амерыканскія салдаты. Мост быў узарваны і мы махалі адзін аднаму. У гэты дзень і адбылася легендарная сустрэча на Эльбе. Дарэчы, пазней прачытаў успаміны аднаго амерыканскага аўтара аб гэтай падзеі. Калі наш маршал Конеў запрасіў вышэйшае кіраўніцтва амерыканскіх ваенных на ўрачыстую сустрэчу, генерал Этлі з’еў перад ёй шмат сметанковага масла, паколькі баяўся асаромецца ад празмернага ўжывання спіртнога, якім “грашаць” рускія. Якім жа было яго здзіўленне, калі Конеў піў толькі мінеральную ваду, спаслаўшыся на болі страўніка.

Нам жа выдалі на вячэру па сто грамаў гарэлкі. Назаўтра ж мы з баямі зноў абыходзілі Берлін, каб не даць немцам сустрэцца з часцямі, якія яны здымалі з заходніх накірункаў. 2 мая сталіца была поўнасцю ачышчана ад нямецкіх падраздзяленняў. А I­ы Украінскі фронт перакінуты на Дрэздэнскі накірунак. Марш­кідок цягнуўся з 3 па 6 мая і ўяўляў сабой сапраўднае відовішча. Ішлі калоны тэхнікі: танкі, транспарцёры, артылерыя розных калібраў, “Кацюшы”, а па абочыне пешыя салдаты, павозкі, нагружаныя вярблюды, аслы.

На світанку артылерыя ўдарыла па першай абарончай лініі – кананада не сціхала 40 хвілін, потым пайшлі танкі і пяхота. Мы прарвалі ўсе тры лініі абароны і выйшлі на прастору. 7 мая пачалі штурм Дрэздэна, які практычна ляжаў у руінах пасля бамбардзіроўкі амерыканцаў. Мы ж прачэсвалі кожны квартал. Ішлі ўпартыя баі, асабліва ў шматпавярхоўках і іх падвалах. Для прачэсвання пад’ездаў мы ішлі двойкамі – першы салдат забягаў у пад’езд, другі за ім на некалькі крокаў, такім чынам прыкрывалі адзін аднаго, а рота ахоплівала адразу ўвесь дом.

Увечары 8 мая мы сабраліся на выхадзе з горада. У гэты час праязджаў нехта з нашых генералаў. Спыніўся і звярнуўся да натоўпу: “Таварышы, немцы падпісалі акт аб капітуляцыі. Мы застылі, а потым разнеслася гучнае “Ура”.

Гэтым жа вечарам мы накіраваліся праз Рудныя горы на Прагу. Гэта быў цяжкі пераход. Крутыя павароты, схілы, бездань, а кулямётныя гнёзды­ячэйкі высока ў гарах адкрывалі агонь. Імкнуліся падбіць танк і такім чынам спыніць калону. Тады дэсантная пяхота ўзнімаецца па скалах, каб знішчыць гняздо… Шлях аказаўся цяжкім. Раніцу 9 мая мы сус­трэлі ў Празе на Вацлаўскай плошчы.

Працяг будзе.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *