Клуб народных мастеров и художников «Адраджэнне» уже 22 года объединяет ушачан

Общество

Вось ужо 22 гады народны клуб народных майстроў і самадзейных мастакоў “Адраджэнне” раённага цэнтра культуры і народнай творчасці” аб’ядноўвае ушачан, якія праяўляюць свае таленты ў розных мастацкіх работах. Зараз у склад клуба ўваходзіць 28 чалавек, якія займаюцца больш як трыццаццю відамі народнага і сучаснага мастацтва.

Значнай падзеяй 2015 года стала для нас тое, што клуб ужо ў шосты раз пацвердзіў званне “народнага”, якое прысуджаецца за высокі мастацкі ўзровень, папулярызацыю нацыянальных традыцый і актыўную выставачную дзейнасць. Што датычыцца апошняй, то за 2015 год нашы майстры ўдзельнічалі ў 29 выставах: 18 раённых, 2 рэгіянальных, 5 абласных, 4 рэспубліканскіх і міжнародных.

Плённым гэты год стаў для Ганны Бабянок. У Полацкім раённым цэнтры рамёстваў і нацыянальных культур з вялікім поспехам прайшла яе персанальная выстава “Натхненне, талент, прыгажосць”, лепшыя работы якой былі пазней накіраваны на свята мастацтва “Саламяны павук­творца”. Тое ж адбылося і ў Віцебску: пасля зборнай выставы ўшацкіх умельцаў саламяныя работы Ганны разам з лялькамі майстра Ушацкага Дома рамёстваў Алены Бутоўскай былі накіраваны на выставу народнай лялькі і цацкі “Забава­2015”, якая ладзілася ў рамках “Славянскага базару ў Віцебску”.

Вядома ж, у год 70­годдзя Вялікай Перамогі мы не маглі абысці ўвагай гэту тэму: так, на выставе ў абласным метадычным цэнтры народнай творчасці “Нас з’ядноўвае памяць” былі прадстаўлены работы ўшацкіх творцаў Дзям’яна Крупені, Паўла Андрэйчыка, Крысціны Кляшчонак, Алены Бутоўскай, Айгуль Смык.

Актыўна прапагандавалі ў прайшоўшым годзе вялікі патэнцыял нашага творчага аб’яднання не толькі па краіне, але і за яе межамі Вольга, Вячаслаў, Ганна і Павел Мурашовы. У маі творчая сям’я пабывала на рэспубліканскім фестывалі­-кірмашы рамёстваў “Вясновы букет” у Мінску, у чэрвені стала ўдзельнікам Міжнароднага фестывалю народнай творчасці “Вянок дружбы” ў Бабруйску, у ліпені – “Славянскага базару ў Віцебску”, у жніўні прадставіла свае работы падчас Дня горада­героя Брэста. Творчасць Мурашовых уразіла жыхароў Смаленска: у маі яны былі запрошаны на свята да Дня Вялікай Перамогі, а ў верасні зноў завіталі да расіян на Дзень горада.

Усё гэта сведчыць пра тое, што майстэрства нашых народных умельцаў прызнана і дастойна ацэнена. Асабліва радуе факт, што сярод сучасных школьнікаў шмат дзяцей, якім цікава займацца народнай творчасцю. Удзельнікі “Адраджэння” з задавальненнем даюць майстар­класы падчас розных мерапрыемстваў, да майстроў Дома рамёстваў прыходзяць новыя навучэнцы, якія цікавяцца вырабам мяккіх цацак і лялек, разьбой па дрэве, пляценнем з лазы. А гэта дае падставу спадзявацца, што творчыя традыцыі беларускіх майстроў будуць працягвацца.

А.КУЗУСЁНАК, кіраўнік народнага клуба  “Адраджэнне”.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *