Узвядзенне Полацкай ГЭС – адзін з самых маштабных праектаў Віцебшчыны, які ажыццяўляецца ў рамках дзяржаўнай праграмы будаўніцтва гідраэлектрастанцый у Беларусі і прызваны садзейнічаць развіццю энергетычнай незалежнасці краіны. Калі аб’ект увядуць у эксплуатацыю, пяць магутных турбін будуць вырабляць 112 мільёнаў кілават электраэнергіі ў год – гэтага хопіць на патрэбы ўсяго рэгіёну і дазволіць эканоміць каля 35 тысяч тон умоўнага паліва ў год. Да прыкладу, Гродзенская ГЭС, якая нядаўна пабудавана на Нёмане, штогод эканоміць для бюджэту 15 мільёнаў долараў. Праектанты сцвярджаюць, што новая ГЭС на Заходняй Дзвіне не будзе негатыўна ўплываць на навакольнае асяроддзе, а ўздым узроўню вады зробіць гэты ўчастак ракі суднаходным.
Гідравузел будуецца ў 10 кіламетрах ад Полацка, а вадасховішча гідраэлектрастанцыі будзе размешчана на тэрыторыі Полацкага, Шумілінскага, Бешанковіцкага і Ушацкага раёнаў. Апроч узвядзення гідравузла праект прадугледжвае таксама стварэнне новай інфраструктуры – дарог, абводнага канала, ліній электраперадач, мастоў. У прыватнасці, рэканструяваны мост на дарозе Усвея-Усвіца (на здымку). Гэта было патрэбна, бо з пускам ГЭС узровень вады на прылеглым участку Заходняй Дзвіны павысіцца да 118 метраў, будуць затоплены некаторыя прыбярэжныя тэрыторыі, адпаведна больш паўнаводным стане і ручай. Дарэчы, ва ўзвядзенні насыпу для мосту прымалі ўдзел работнікі ДРБУ-105.
Праводзіцца таксама комплекс земляных работ, звязаных з будаўніцтвам вадасховішча – іх ажыццяўляюць меліяратары вобласці. Мае свой участак і Ушацкае ПМС. Як паведаміў нам галоўны інжынер прадпрыемства М.Л.Фядосенка, нашы меліяратары займаюцца зараз ачысткай будучага ложа вадасховішча ад кустоў і дрэў.
Будаўніцтва Полацкай ГЭС пачалося ў 2011 годзе, а яго заканчэнне планавалася на 2015. На жаль, перабоі ў фінансаванні, абумоўленыя складаным эканамічным становішчам, а таксама прарыў дамбы і затапленне катлавану падчас моцнай паводкі вясной 2013 года і іншыя фактары замарудзілі ход работ. Зараз тэрмін уводу аб’екта ў эксплуатацыю перанесены на 2017 год.
Наталля БАГДАНОВІЧ.