Калі пачула ад калегі, што яго зяць заказваў дзверы ў сваю віцебскую кватэру на ўшацкім прамкамбінаце, здзівілася – у абласным жа цэнтры, напэўна, вельмі вялікі рынак падобнай прадукцыі. Але менавіта на вырабах нашых вытворцаў спыняюць свой выбар многія пакупнікі, бо іх задавольвае галоўны крытэрый – суадносіны цаны і якасці. Дарэчы, і прыгаданага вышэй заказчыка прывабілі менавіта натуральная сыравіна і адчувальна ніжэйшы, чым у гарадскіх вытворцаў, кошт.
Зараз сталярны цэх прамкамбіната спецыялізуецца на выпуску дзвярных блокаў, акон (іх за мінулы год было выраблена адпаведна 242 і 137 метраў квадратных), а таксама плінтусаў, хлебных паддонаў, рытуальных тавараў і іншай прадукцыі з драўніны. Вырабляюцца таксама рэчы па індывідуальных заказах.
Высокую планку якасці вырабаў удаецца трымаць дзякуючы сучаснаму абсталяванню і высокай кваліфікацыі спецыялістаў. У прыватнасці, 40 год працуе на прамкамбінаце Мікалай Аляксандравіч Спірыдзёнак, для якога даўно ўжо няма сакрэтаў у сталярнай справе. Побач з такім майстрам добра асвоілі рамяство і іншыя работнікі цэха.
Зараз у агульным аб’ёме выпускаемай прамкамбінатам прадукцыі вырабы “сталяркі” займаюць каля 10 працэнтаў, аднак кіраўніцтва прадпрыемства ўпэўнена, што патэнцыял гэтай галіны вытворчасці высокі, і прыкладае шмат намаганняў, каб яго рэалізаваць.
Наталля БАГДАНОВІЧ.