Зімой арганізму не хапае вітамінаў, зніжаецца імунітэт – у выніку вірусныя інфекцыі ўсё часцей “атакуюць” чалавека. Вось і зараз у Беларусі, па даных Міністэрства аховы здароўя, набліжаецца эпідэмічны сезон. Таму сёння расказаць пра грып, меры яго прафілактыкі мы папрасілі ўрачатэрапеўта Ушацкай цэнтральнай раённай бальніцы Ніну Мікалаеўну ЗЫРАНАВУ.
– Грып – гэта інфекцыя, якая суправаджаецца рэзкім павышэннем тэмпературы цела (вышэй за 38 градусаў), дрыжыкамі, галаўным болем, болем у мышцах, агульнай слабасцю, святлабояззю, сухім кашлем. Крыніцай заражэння з’яўляецца хворы чалавек, а ўзбуджальнікамі – вірусы тыпаў А, В, С, якія вылучаюцца агрэсіўнасцю, высокай хуткасцю размнажэння. За лічаныя гадзіны пасля заражэння вірус глыбока паражае слізістую абалонку дыхальных шляхоў, адкрываючы магчымасці для пранікнення ў яе бактэрый. З-за гэтага ўзнікаюць бактэрыяльныя ўскладненні. Небяспечна і тое, што вірус грыпу здольны відазмяняцца. У выніку практычна штогод з’яўляюцца новыя штамы, якія настолькі адрозніваюцца адзін ад адного, што наш арганізм не можа іх ідэнтыфікаваць – і хварэе паўторна.
– Чым небяспечны грып?
– Найперш ускладненнямі. Сярод іх – пнеўманія (дарэчы, яна з’яўляецца прычынай большасці смяротных выпадкаў ад грыпу), бранхіт, гаймарыт, атыт, міякардыт. Часам “закранаецца” нервовая сістэма, з’яўляецца менінгіт, энцэфаліт, неўралгія. Грып можа суправаджацца абвастрэннем многіх хранічных захворванняў.
– Як засцерагчыся ад гэтай віруснай інфекцыі?
– У перыяд эпідэміі пазбягайце кантактаў з асобамі, якія маюць прыкметы захворвання, менш знаходзьцеся ў месцах масавага збору людзей і ў грамадскім транспарце. Рэгулярна мыйце рукі з мылам, праводзьце вільготную ўборку, праветрыванне памяшканняў. Добра харчуйцеся: ешце больш садавіны і агародніны (асабліва карысныя зараз цыбуля, часнок і хрэн), не адмаўляйцеся ад мяса, рыбы. Займайцеся фізкультурай і спортам – гэта павысіць працаздольнасць і загартуе арганізм. Апранайцеся па надвор’і, беражыце ногі, каб не прамоклі. Высыпайцеся і сцеражыцеся стрэсаў.
– Што рабіць, калі пазбегнуць хваробы не ўдалося?
– Застацца дома і неадкладна звярнуцца да ўрача. Самалячэнне пры грыпе недапушчальнае. Менавіта ўрач павінен паставіць дыягназ і назначыць лячэнне, якое адпавядае стану і ўзросту чалавека. Неабходна строга выконваць усе рэкамендацыі: своечасова прымаць лекі і захоўваць пасцельны рэжым. Рэкамендуецца часта піць гарачы чай, журавінавы або бруснічны морс, мінеральную ваду. Для папярэджання распаўсюджання інфекцыі хворага варта ізаляваць ад здаровых у асобны пакой, які неабходна рэгулярна праветрываць, а прадметы ўжытку і падлогу – праціраць дэзінфекцыйнымі сродкамі. Зносіны з хворым, па магчымасці, абмежаваць ці выкарыстоўваць марлевую павязку.
Падрыхтавала КацярынаКАВАЛЕЎСКАЯ.