Увесь праваслаўны свет адзначыў адно з найвялікшых свят царкоўнага календара – Вадохрышча. Ва Ушацкім раёне правядзенне богаслужэння з чынам асвячэння вады распачалося яшчэ 18 студзеня – на Богаяўленне – і працягнулася да ночы наступнага дня.
Нягледзячы на працоўны дзень і характэрныя для гэтага свята маразы, жыхары раёна знайшлі час і вытрымку, каб прыняць удзел у царкоўных службах і набраць жыватворнай вады. Бралі, каб акрапляць дамы, піць пры хваробах і мыцца. Многія налівалі па некалькі пасудзін – для сябе і родных, суседзяў, якія не змаглі прыйсці ў храм. Дарэчы, у гэтым таксама асаблівы хрысціянскі сэнс – дзяліцца дабром з блізкім.
З вечара на Богаяўленне ажыўлена было на возеры Должыца (тэрыторыя санаторыя “Лясныя азёры”). Ужо некалькі гадоў запар па просьбе адпачываючых здраўніцы і жыхароў раёна протаіерэй Вячаслаў Лобец праводзіць тут чын асвячэння вады ў палонцы – іардані. Да традыцыі акунацца ў яе штогод далучаецца шмат людзей, якія імкнуцца такім чынам атрымаць міласць Божую і выказаць сваю павагу да свята. Сярод іх – супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.
– Для нас 19 студзеня – асаблівая дата: важная рэлігійная падзея супадае з Днём выратавальніка, – кажа намеснік начальніка службы па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Андрэй Уліновіч. – Да таго ж асаблівасці нашай работы патрабуюць добрага здароўя і загартоўкі, а акунанне ў палонку гэтаму толькі садзейнічае.
Сярод сёлетніх навічкоў акунання ў купель – інжынер ААТ “Ільюшынскі” Аляксей Клопаў і яго сябар – індывідуальны прадпрымальнік Ігар Сідарэнка.
– Шчыра кажучы, ад першага “пагружэння” ажно пераняло дыханне, – падзяліўся з намі сваімі ўражаннямі Аляксей. – Аднак арганізм хутка прывык да нізкай тэмпературы вады – акрамя традыцыйнага трохразовага акунання мы нават крыху паплавалі. Нечакана было ўбачыць тут дзвюх жанчын сталага ўзросту – падобраму пазайздросцілі моцы іх веры і фізічнай загартоўцы. Абавязкова ўвядзём акунанне на Вадохрышча ў традыцыю і ў наступны раз запросім з сабой сяброў. Дарэчы, рашыцца на такую працэдуру асабіста мяне натхніў прыклад дырэктара ААТ “Ільюшынскі” Сяргея Анатольевіча Халімоненкі, які сёлета таксама ўпершыню адчуў гаючы подых асвечанай купелі.
Звычай акунацца ў вадаём, на якім быў праведзены чын асвячэння, існаваў здаўна. Такая вада лічыцца ў народзе святой. Яе захоўваюць на працягу года ў кожным доме, часта за абразамі.
Напэўна, усе на Вадохрышча паспрабавалі святой вады. Пілі яе і ва Ушачах, прыгаворваючы: “Хрышчэнне – грахоў адпушчэнне”.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.