Практычна ў любую справу чалавек укладае пэўны сэнс, перадаючы сваім стварэнням частку душы, сэрца, уласных думак. Не дзіўна, што ўглядаючыся ў вынікі такой работы, бачыш і самога аўтара – з яго характарам, мараллю, светапоглядам. У гэтым можна было ўпэўніцца на мінулым тыдні ва Ушацкім цэнтры культуры і народнай творчасці, дзе праходзіў раённы этап рэспубліканскага конкурсу “Новыя імёны Беларусі-2016”, арганізаваны Федэрацыяй прафсаюза нашай краіны.
Тое, што раённае аб’яднанне прафсаюзаў праводзіць буйное мерапрыемства, адчувалася ўжо ў фае ўстановы культуры. Менавіта тут размяшчалася выстава вырабаў выяўленчага і дэкаратыўнапрыкладнога мастацтва. Дарэчы, удзел майстроў гэтых жанраў з’яўляецца галоўнай адметнасцю чарговага прафсаюзнага конкурсу, які праводзіцца ў краіне ў другі раз. І трэба адзначыць, такая навізна знайшла шырокі водгук у прадстаўнікоў ушацкіх працоўных калектываў. У раённым этапе мерапрыемства прынялі ўдзел тры дзясяткі майстроў і мастакоў. Яны дэманстравалі свае карціны, напісаныя фарбамі або вышытыя ніткамі, вырабы з саломкі і іншых матэрыялаў. Усё было настолькі прыгожа і зроблена з густам, што рукі не толькі наведвальнікаў, але і членаў журы міжволі цягнуліся да экспанатаў, каб ацаніць іх непаўторнасць і арыгінальнасць.
Наколькі няпроста з нітак некалькіх дзясяткаў колераў і адценняў, з тысяч акуратных крыжыкаў “намаляваць” гарманічны пейзаж ці рэалістычны партрэт, добра ведае выхавацель Вяркудскага дзіцячага сада Жанна Аваднёва. Сваю творчую дзейнасць яна пачынала з простых, лаканічных сюжэтаў – зараз жа бярэцца выключна за складаныя. Бо, як лічыць жанчына, галоўнае – не колькасць затрачаных намаганняў і часу, а канчатковы вынік, які радуе вока.
Кранула за жывое многіх наведвальнікаў выставы работа “Фотадзіцяці”, выкананая ў тэхніцы вышыўкі крыжыкам Аленай Баркоўскай з ясляўсада №3 г.п.Ушачы. Сядаючы ў чарговы раз за пяльцы, маладая жанчына не стала браць гатовых схем – зрабіла яе сама, апрацаваўшы любімы здымак свайго малыша ў спецыяльнай камп’ютарнай праграме.
Сапраўдную “кашачую” экспазіцыю прапанавала на суд гледачоў намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Марыя Шаўчэнка. Героямі вышытых ёю карцін сталі выключна каты, прычым, кожны – з адметным норавам і павадкамі.
Зразумелыя сюжэты з немудрагелістымі, добра прамаляванымі дэталямі, выкананыя ў тэхніцы жывапісу, прадставіла выхавальніца Арэхаўскага ясляўсада Ганна Сазонава. Павышанай увазе да сваіх работ, здавалася, маладая жанчына крыху здзіўлялася. “Гэта яна па натуры такая сціплая, – ахарактарызавала калегу загадчыца дашкольнай установы Святлана Корсак. – Хоць Ганна і не мае мастацкаграфічнай адукацыі, малюе проста выдатна! Бачылі б вы, як яна сцены ў музычным класе аформіла – сапраўдную казку для нашых выхаванцаў стварыла”.
Арыгінальныя “фарбы” – каляровы расплаўлены воск – выкарыстоўвае ў сваёй творчасці сацыяльны работнік ТЦСАН Ушацкага раёна Алена Семеж. Энкаўстыка як тэхніка жывапісу зацікавіла жанчыну сваёй непрадказальнасцю: немагчыма прадбачыць, як ляжа воск, якія спалучэнні і змешванні атрымаюцца пры яго нагрэве. А вось у тым, што з кавалка мешкавіны можна зрабіць прыгожую рэч, Алена не сумняваецца – у яе калекцыі ўжо нямала абаяльных дамавікоў і іншых казачных персанажаў з гэтага матэрыялу.
Не менш рэдкую базу для сваіх работ выкарыстоўвае спецыяліст аддзялення дзённага прабывання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў ТЦСАН Ушацкага раёна Наталля Дабравольская – шыкоўны букет ружаў, для прыкладу, яна змайстравала са шчапы. Традыцыйную беларускую саломку ўзяла за аснову ў творчасці настаўніца Вялікадолецкай школы Людміла Волах – атрымаліся прыгожыя пано з аплікацыямі.
– Відавочна, што ўсе ўдзельнікі конкурсу ўклалі ў свае работы не толькі ўменні і навыкі, але і душу, – зазначыў старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Мікалай Іванавіч Бухалка. – Таму і атрымалася, што нам, членам журы, складана назваць лепшых. Але гэта той выпадак, што толькі радуе, бо бачыш, які высокі ўзровень майстэрства і палёт фантазіі могуць дэманстраваць члены прафсаюзных пярвічак.
Усе ўдзельнікі мерапрыемства адзначаны сертыфікатамі раённага аб’яднання прафсаюзаў, а пераможцы – дыпломамі і грашовымі прэміямі ў 500 тысяч рублёў. Вышэйшыя ўзнагароды атрымалі Г.Сазонава, Ж.Аваднёва, А.Семеж.
Падсумоўваючы вынікі конкурсу, М.Бухалка падзякаваў усім за падораны добры настрой, выказаў спадзяванне, што лепшыя прадстаўнікі працоўных калектываў раёна годна выступяць і ў творчым змаганні на ўзроўні вобласці, а магчыма – і рэспублікі.
Працягнуўся святочны вечар тэатралізаваным канцэртам “Стары Новы год” па сюжэце вядомага і любімага ўсімі кінафільма “Карнавальная ноч”. У праграме прагучалі шлягеры 8090 гадоў, былі прадстаўлены завадныя танцавальныя кампазіцыі.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.