Очередная новинка от ушачского хлебозавода: новые «Кексы домашние» уже полюбились покупателям

Общество

Ці спрабавалі вы новыя маленькія кексікі ўшацкага хлебазавода? Я ўчора натрапіла на іх у “Родным куце”, узяла 300 грамаў паспытаць – а дома вымову ад сваіх атрымала, што мала купіла. Дарэчы, так і не здолелі дакладна высветліць, якія ягадкі ў іх унутры…” Не менш узнёслыя кампліменты давялося пачуць ад нашых чытачоў і ў адрас салодкіх плюшак, якія з нядаўняй пары папоўнілі і без таго даволі шырокі асартымент вырабаў ушацкага прадпрыемства: “Яны заўсёды такія свежанькія – нібыта толькі з печы!” Гэтыя і іншыя навінкі ўжо паспелі прадэгуставаць і ацаніць многія аматары смачнай выпечкі, іншыя ж, упэўнена, зробяць гэта пасля нашай размовы з начальнікам хлебапякарнага цэха райспажыўтаварыства Ірынай Аляксандраўнай Казлоўскай.

– Дык што ж за ягады ў вашых загадкавых маленькіх кексах?

– Вядома ж, самыя карысныя – журавіны. Прычым, мясцовыя: ягады для вырабаў нам пастаўляе ТАА “Лес”. Самі ж кексы дамашнія (так дакладна называецца гэтая выпечка) вырабляюцца па рэцэптуры сталічнай кампаніі “Барса”, з якой супрацоўнічаем ужо не першы год. Праз яе мы атрымліваем і адмысловую макавую пасыпку для прыгаданых вышэй плюшак, якая вырабляецца па нямецкай тэхналогіі. Гэтыя булачкі мы выпякаем невялікімі партыямі, бо ў іх непрацяглы тэрмін рэалізацыі – 36 гадзін. Звычайна робім гэта раніцай, каб у абед вырабы, як кажуць, з пылу – з жару трапілі на прылаўкі ўшацкіх магазінаў.

– Якія яшчэ навінкі мусілі ацаніць у апошні час аматары ўшацкай здобы?

– Многім прыйшліся даспадобы нашы рулеты “Шакаладны”, “Лікёрны” і “Карамельны”. З нядаўняй пары гэту “кампанію” папоўніў пірог з рамантычнай назвай “Дзве дамы”, арыгінальны смак якому надаюць макавая і арэхавая праслойкі.

– Магчыма, у перспектыве парадуеце ласуноў яшчэ чым­небудзь новым?

– Безумоўна, і ў вельмі хуткім часе! Ужо на гэтым тыдні мяркуем пачаць вытворчасць вырабу пад назвай “Сладость мучная лакомая” – неабходная сыравіна ўжо атрымана ад нашых мінскіх пастаўшчыкоў. У бліжэйшых планах таксама выраб кексаў “Дэлі­мафін” з бананавай начынкай і з пудрай. Вытрымліваць канкурэнцыю з іншымі вытворцамі можна толькі пастаянна пашыраючы асартымент і, канечне, захоўваючы высокую планку якасці вырабаў.

– Дзякуй за размову і за тое, што робіце наша жыццё салодкім!

Падрыхтавала Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *