У Беларусь прыйшла сапраўдная зіма са снегам і маразамі. Такія ўмовы часам з’яўляюцца прычынай пераахалоджвання і абмаражэння. Як засцерагчыся ад гэтага?
Калі замерзлі рукі, ногі, твар
Часцей за ўсё абмаражэнні ўзнікаюць пры тэмпературы мінус 10-20 градусаў і хутчэй за ўсё ў людзей замярзаюць ногі, рукі і твар. Моцнае абмаражэнне можна атрымаць за некалькі хвілін.
Як сагрэцца, калі голыя рукі трапілі ў снег? Хутчэй сагніце пальцы ў кулак і засуньце іх пад адзенне, рукавіцы апранайце толькі пасля таго, як рукі абсохнуць і крыху сагрэюцца. Калі рукі замерзлі ў рукавіцах, рабіце махавыя рухі, не трэба сціскаць іх у кулакі, лепш сагрэйце іх аб голае цела пад адзеннем.
Калі замерзлі ногі, сагрэйце іх качаннем з пятак на наскі. Калі вы адчулі, што замерз твар, то прайдзіце некаторую адлегласць моцна нагнуўшыся наперад, або зрабіце 10-20 глыбокіх нахілаў. Можна расцерці абмарожаны ўчастак мяккай тканінай (толькі не снегам! Ён узмоцніць пераахалоджванне). Бывае, што абмаражэнне адбываецца непрыкметна. Таму, калі ў акружаючых вас людзей пабялелі вушы, кончык носа, шчокі, падбародак, важна сказаць ім аб гэтым.
Некалькі карысных парад
Не ўжывайце спіртныя напіткі – алкагольнае ап’яненне выклікае вялікую страту цяпла і ў той жа час ілюзію цяпла. Не курыце на марозе – курэнне змяншае перыферыйную цыркуляцыю крыві, такім чынам робіць канечнасці больш адчувальнымі да холаду. Насіце свабоднае адзенне і адзявайцеся як “капуста”. Цесны абутак спрыяе абмаражэнню. Не выходзьце на мароз без рукавіц, шапкі і шаляў. Не насіце на марозе металічных (у тым ліку залатых і срэбраных) упрыгожанняў.
Трэба ўлічваць і тое, што ў дзяцей цепларэгуляцыя арганізма яшчэ поўнасцю не настроена, а ў пажылых людзей гэта функцыя бывае парушана. Менавіта яны найбольш падвяргаюцца пераахалоджванню, улічвайце гэта пры планаванні прагулак у халоднае надвор’е.
Як кажуць, лепшы спосаб выйсці з непрыемнай сітуацыі – не трапляць у яе, а таму ў моцны мароз старайцеся не выходзіць з дому без асаблівай на гэта патрэбы.
Я.ТАЛАЛУЕЎ, галоўны ўрач раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.