Багатыя снегапады апошніх дзён значна ўскладнілі сітуацыю на дарогах. Дзяржаўтаінспекцыя заклікае ўсіх удзельнікаў дарожнага руху быць максімальна ўважлівымі і асцярожнымі. Вадзіцелям варта памятаць, што на ўборку снегу патрабуецца час, а супрацьгалалёдавыя саставы пачынаюць дзейнічаць не адразу – трэба ўлічваць гэта і выбіраць бяспечную хуткасць руху, зыходзячы са стану праезнай часткі і бачнасці на дарозе. На некаторых участках яна можа быць не большай за 20 км/г. Акрамя таго, неабходна павялічыць не толькі дыстанцыю да аўтамабіля, што знаходзіцца наперадзе, але і бакавы інтэрвал. Трэба пазбягаць рэзкіх тармажэнняў і любых манеўраў, каб не справакаваць ДТЗ. Пешаходам таксама варта праяўляць павышаную ўвагу і пераходзіць дарогу толькі ва ўстаноўленых месцах.
На асаблівым кантролі ДАІ зараз знаходзіцца пытанне захавання вадзіцелямі правілаў паркоўкі. Не пакідайце аўтамабілі на краі праезнай часткі, тратуарах, праездах у дварах, каб не перашкаджаць звычайнаму руху грамадскага транспарту і не замінаць рабоце снегаўборачнай тэхнікі.
Нагадаю, што парушэнне правілаў прыпынку і стаянкі аўтатранспарту караецца ў адпаведнасці з арт. 18.22 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь. Так, за несанкцыянаваную паркоўку вадзіцелю легкавога аўто пагражае штраф у памеры 1 базавай велічыні (на сённяшні дзень – 210 тысяч рублёў), а за паўторнае на працягу года падобнае парушэнне – 2 базавыя. Вадзіцелям грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў за няправільную паркоўку давядзецца заплаціць 5 базавых велічынь, а за паўторнае такое правапарушэнне – ужо 10. Заўважу таксама, што пры парушэнні аўтаўладальнікам правілаў прыпынку і стаянкі супрацоўнікі ДАІ маюць права ажыццявіць прымусовую адбуксіроўку (эвакуацыю) транспартнага сродку.