Пагодлівым нядзельным днём, напэўна, амаль усе маленькія і юныя ўшачане, узброіўшыся канькамі, лыжамі, санкамі ды лядзянкамі, выйшлі на каткі і горкі: калі дарослым моцныя снегапады дадалі турбот, то дзецям нарэшце дазволілі адкрыць сезон спрадвечных зімовых забаў.
Зрэшты, хапала ў гэты выхадны на “забаўляльных аб’ектах” і дарослых: прыемна было бачыць, што многія ўшачане сем’ямі прыйшлі на каток “Лядовая казка”. “Унук угаварыў з ім пакатацца – апошні раз я апранаў канькі ў маладосці, але, як аказалася, ногі навуку памятаюць!” – не хаваў задавальнення сталы мужчына. “Вельмі добра, што каток зрабілі тут, у цэнтры: да нашага дома пяць хвілін хады. А яшчэ тут весела, грае музыка!” – шчабяталі расчырванелыя ад марозу дзяўчатышкольніцы. “Кожны выхадны стараемся правесці цікава і актыўна”, – расказвае ўшачанка Ганна Бабянок, якая прыйшла на каток з дзвюма дочкамі. І хоць некаторыя наведвальнікі не вельмі высока ацэньваюць якасць лёду, большасць зазначаюць, што “пакатацца тут можна”. Як мы ўжо раней паведамлялі, на “Лядовай казцы” штодня працуе пункт пракату канькоў, дзе ёсць інвентар самых розных памераў: скарыстацца гэтай паслугай можна з 14.00 да 20.00 па буднях, з 10.00 – па выхадных.
Пакатацца можна і на гарадскім катку, што знаходзіцца па вуліцы Дружбы, аднак прыходзіць туды варта са сваімі канькамі. А вось для аматараў лыжнага спорту на гэтым аб’екце арганізаваны пракат інвентару, які працуе ў светлы час сутак па буднях – з 14.00, па выхадных – з 12.00.
“Пастаянна прыходжу з унукам на горку да школы, – расказвае Генадзь Глінскі. – Малому тут вельмі падабаецца, ды і сам атрымліваю зарад бадзёрасці”. А наш пастаянны чытач Іван Басуеў апісаў свае ўражанні ў вершаванай форме:
Снежная горка
Горку школьную с утра
Облепила детвора.
Вниз по склону – кто на чём –
И мороз им нипочём!
Внучка Катя в санки – прыг:
“Дедушка, толкни с горы!”
Санки – на бок, Катя – следом –
И смеются вместе с дедом!
Дома бабушка встречает,
Куртку мокрую снимает,
Спросит: “Не замёрзли ручки?”
И чайку нальёт для внучки.
Так, для аматараў актыўнага адпачынку снежная і марозная зіма – доўгачаканы час.
Наталля БАГДАНОВІЧ.