Путь к офицерским погонам. Особенности поступления и учёбы в Военной академии Республики Беларусь

Общество

Для пэўнай часткі юнакоў людзі ў ваеннай форме ва ўсе часы выклікалі добрую зайздрасць: моцны фізічны стан, вайсковая выпраўка, строгая і акуратная вопратка, бліскучая амуніцыя, звязаныя з рызыкай і пэўнай доляй экстрыму будні. Радуе, што ў нашы дні, як і 50, і 30, і 10 гадоў таму, нямала тых, хто хоча стаяць на варце спакою нашай краіны і выбірае прафесіі, звязаныя са службай у арміі. Пра асаблівасці паступлення і вучобы ў Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь наша сённяшняя гутарка з выконваючым абавязкі начальніка адасобленай групы (Ушацкага раёна) ваеннага камісарыята Лепельскага і Ушацкага раёнаў А.С.ЗАХАРАВЫМ.

– Аляксандр Станіслававіч, на якіх факультэтах установы праводзіцца навучанне?

– На сённяшні дзень у кузні ваенных кадраў 7 факультэтаў: агульнавайсковы, ракетных войскаў і артылерыі і падрыхтоўкі спецыялістаў ракетна­-артылерыйскага ўзбраення, сувязі і аўтаматызаваных сістэм кіравання, супрацьпаветранай абароны, авіяцыйны, ваеннай разведкі, унутраных войскаў. Тэрмін навучання – 4­5 гадоў у залежнасці ад спецыяльнасці.

– Што неабходна для таго, каб стаць студэнтам (курсантам) Ваеннай акадэміі?

– Для будучых абітурыентаў ёсць вызначаны парадак. Узрост іх павінен быць ад 17 да 21 года. Трэба падаць заяву ў ваенны камісарыят па месцы жыхарства да 1 красавіка бягучага года, а да 31 мая прайсці прафесійны адбор – камісія ацэньвае стан здароўя, фізічную падрыхтоўку і прафесійна­-псіхалагічную накіраванасць асобы. Потым неабходна здаць цэнтралізаванае тэсціраванне па беларускай або рускай мове (на выбар), а таксама па двух профільных прадметах у залежнасці ад выбранай спецыяльнасці (фізіцы, матэматыцы ці гісторыі Беларусі). Дарэчы, паступаць ва ўстанову могуць не толькі юнакі, але і дзяўчаты.

– Якія перавагі мае курсант ваеннай навучальнай установы перад сваімі аднагодкамі з грамадзянскіх ВНУ?

– Навучанне ў Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца толькі на дзённай форме за сродкі рэспубліканскага бюджэту. Навучэнцы забяспечваюцца бясплатным пражываннем (першыя два гады – у казарме, наступныя – у добраўпарадкаваным інтэрнаце), харчаваннем і абмундзіраваннем. Курсанты бясплатна праходзяць праграму вадзіцеляў катэгорый “В” і “С” з далейшым правам здачы экзамену ў ДАІ (даведка: кошт навучання ў аўташколе г.Мінска зараз складае каля 3,5 млн. рублёў). Мінімальнае грашовае забеспячэнне курсанта (радавы, І курс) складае на сённяшні дзень 2028000 рублёў. Выдатнікам вучобы дадаткова выплачваецца штомесяц 338000, “харашыстам” – 169000, сіротам – 676000. Адзін раз у год курсантам аказваецца грашовая дапамога ў памеры ад 1495000 рублёў.

Не ўзнікае праблем і з працаўладкаваннем выпускнікоў акадэміі, якім прысвойваецца званне “лейтэнант”. Ваенныя могуць разлічваць на дастойную заработную плату, сацыяльную абароненасць, бясплатнае лячэнне і забеспячэнне абмундзіраваннем, ільготы на будаўніцтва жылля.

Больш падрабязную інфармацыю пра Ваенную акадэмію можна атрымаць на сайце Міністэрства абароны: www.mil.by.

Тых, каго зацікавіць перспектыва кар’еры афіцэра, чакаем да 1 красавіка ў адасобленай групе (Ушацкага раёна) ваеннага камісарыята Лепельскага і Ушацкага раёнаў у рабочыя дні з 8 да 17 гадзін, тэлефон: 2­74­34.

Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *