На гэтым тыдні беларусы дружна і згуртавана змагаліся з наступствамі цыклону “Даніэла”, які накрыў краіну моцнымі снегападамі. І хоць для Ушаччыны яны не былі настолькі разбуральнымі, як для некаторых іншых рэгіёнаў рэспублікі, работы па ачыстцы дарог і населеных пунктаў хапіла ўсім.
Асноўны ж цяжар у гэтыя дні выпаў на дарожныя і камунальныя службы раёна. “У гэты час нашы работнікі працавалі ва ўзмоцненым рэжыме. Аднак усе з разуменнем аднесліся да такога напружанага графіку”, – расказвае майстар УП ЖКГ Ірына Мікалаеўна Яцкевіч.
На расчыстку вуліц г.п.Ушачы была накіравана сучасная магутная тэхніка. Жыхары райцэнтра маглі бачыць карціну, калі па вуліцах у суправаджэнні машыны ДАІ рухалася калона з чатырох адзінак спецтэхнікі: тры з іх расчышчалі адначасова ўсю шырыню праезнай часткі ад снегу, а чацвёртая адразу пасыпала дарогу пясчанасалянай сумессю. У выніку літаральна праз паўгадзіны на цэнтральных вуліцах ужо быў чысты асфальт!
На расчыстцы гарпасёлка акрамя камунальнай працавала таксама тэхніка ПМК-66, ПМС, райаграсэрвіса, на сяле да работы падключыліся і іншыя гаспадаркі. “У нашым сельсавеце ўсе службы спрацавалі зладжана. Не шкадавалі сіл, каб вызваліць населеныя пункты ад снежных завалаў, работнікі мясцовых прадпрыемстваў, своечасова паведамлялі пра ўчасткі дарог, якія ў першую чаргу трэба пачысціць, старэйшыны вёсак”, – расказвае старшыня Глыбачанскага сельвыканкама Л.В.Вялюга.
Прафесійна і аператыўна рабілі сваю справу спецыялісты ДЭУ-37. А трэцяй гадзіне ночы пачыналі на гэтым тыдні працоўную змену работнікі ДРБУ-105: на дарогах раёна працавала 15 адзінак тэхнікі прадпрыемства. Дзякуючы намаганням дарожнікаў не было дапушчана сур’ёзных збояў у рабоце аўтамагазінаў: як паведамілі нам у райспажыўтаварыстве, практычна ўсе аўталаўкі прайшлі па сваіх маршрутах. Увогуле ж вадзіцелі аўтабазы, школьных аўтобусаў і самі пры неабходнасці бралі ў рукі лапаты, каб расчысціць пад’езды да навучальных устаноў і магазінаў, месца для развароту. Няпроста прыйшлося і вадзіцелям грамадскага транспарту, аднак графік аўтобуснага абслугоўвання жыхароў раёна ў асноўным быў захаваны. Нельга не адзначыць і работу супрацоўнікаў ДАІ, якія прыклалі шмат намаганняў, каб у складаных умовах не дапусціць сур’ёзных дарожнатранспартных здарэнняў.
Былі цалкам гатовыя да дзеянняў у пазаштатнай сітуацыі і ўшацкія энергетыкі. Трэба сказаць, што энергасістэма краіны ўпершыню сутыкнулася са становішчам, калі ў выніку з’яў надвор’я не толькі рвуцца правады, але і разбураюцца апоры: на ўчорашні дзень у Беларусі патрабавалі аднаўлення каля 350 апор. На шчасце, Ушаччына ў гэтым плане не пацярпела: як паведаміў галоўны інжынер раёна электрасетак В.І.Лемеш, не было зарэгістравана ніводнай сур’ёзнай аварыі.
У цэлым жа работу па ліквідаванні наступстваў цыклону каардынаваў штаб, створаны пры райвыканкаме.
Безумоўна, жыхарам раёна ў падобных сітуацыях не варта спадзявацца толькі на работу адпаведных службаў: большасці з нас не так складана пачысціць ад снегу не толькі свае двары, але і праходы да дарогі, аўтастаянкі. Дарэчы, работу дарожнікаў і камунальнікаў нярэдка ўскладнялі пакінутыя на краі праезнай часткі аўтамабілі – вялікую праблему яны ўтвараюць на нешырокіх вуліцах (такіх, напрыклад, як Камсамольская). Трэба разумець, што надзвычайныя сітуацыі патрабуюць свядомасці і актыўных дзеянняў ад кожнага з нас.
Наталля БАГДАНОВІЧ.