Германскі Бундэстаг прыняў рашэнне аб аказанні аднаразовай грашовай дапамогі ў суме 2,5 тысячы еўра ваеннаслужачым савецкіх узброеных сіл, якія ў гады Другой сусветнай вайны знаходзіліся ў нямецкім палоне. Для таго, каб атрымаць дапамогу, трэба не пазней 30 верасня 2017 года накіраваць адпаведную заяву на адрас Федэральнага ведамства цэнтралізаваных службаў і нявырашаных маёмасных пытанняў Федэратыўнай Рэспублікі Германія: Bundesamt fr zentrale Dienste und offene Verm gensfragen, DGZRing 12, 13086 Berlin. Фармуляры хадайніцтва на нямецкай, англійскай і рускай мовах апублікаваны на афіцыйным сайце ведамства. Дарэчы, прымаюць заявы з мэтай іх накіравання па назначэнні і германскія дыпламатычныя прадстаўніцтвы.
Трэба адзначыць, што хадайнічаць аб прызначэнні дапамогі можа сам былы ваеннапалонны ці яго ўпаўнаважаная асоба – спадчыннікі такога права не маюць. Толькі ў выпадку смерці палоннага, які ў вызначаны тэрмін падаў заяву, выплату змогуць атрымаць яго жонка (муж) ці дзеці. Аднак толькі пры ўмове, што тыя апавясцяць аб сваім правапераемстве не пазней шасці месяцаў пасля смерці заяўніка.
Права на атрыманне дапамогі павінна быць даказана ў хадайніцтве. Калі ж заяўнік карыстаўся нядобрасумленнымі сродкамі, наўмысна ці па неасцярожнасці ўказваў няправільныя звесткі, у выплаце яму могуць адмовіць. Не змогуць разлічваць на дапамогу і тыя грамадзяне, якія здзейснілі ці былі ўдзельнікамі ваенных, антычалавечных злачынстваў.
К.ГАБЛАЯ, начальнік аддзела назначэння пенсій і дапамог упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне.