Ильюшинская первичная ветеранская организация и сельхозпредприятие не забывают про своих ветеранов

Общество

Пачатак тыдня для намесніка старшыні ААТ “Ільюшынскі” А.М.Тара­севіча выдаўся напружаным. У аўторак, выкраіўшы ў шчыльным працоўным графіку паўгадзіны, Андрэй Мікалаевіч разам са старшынёй мясцовай ветэранскай арганізацыі Т.В.Аўтух спяшаўся ва Ушачы, каб выбраць падарунак да 90-­годдзя паважанаму чалавеку, былому работніку сельгаспрадпрыемства.

Убачыць на наступны дзень у сваім доме гасцей інвалід Вялікай Айчыннай вайны, жыхар аграгарадка Ільюшына Мікалай Раманавіч Гваздзёў нібыта не чакаў. І не таму, што здзівіўся такой увазе да сябе з боку кіраўнікоў гаспадаркі і ветэранскай пярвічкі (яны і раней наведвалі мужчыну), – проста забыўся пра свой дзень нараджэння і, здавалася, нават не паверыў, што дасягнуў жыццёвай мяжы ў 90 гадоў.

За плячыма гэтага чалавека цяжкі час ваеннага ліхалецця. Калі пачалася Вялікая Айчынная, яму было толькі пятнаццаць. Юны ўзрост не перашкодзіў М.Р.Гваздзёву мець сувязь з партызанамі, выконваць іх заданні, удзельнічаць у многіх аперацыях. Падчас адной з іх ля вёскі Качаны быў паранены. У маі 1944­-га ўдзельнічаў у прарыве варожага акружэння.

Пасля вайны М.Р.Гваздзёў дзевяць гадоў працаваў у райцэнтры агентам па нарыхтоўках. У 1961-­м сустрэў сваю другую палавінку і ажаніўся. Тады ж маладая сям’я пераехала жыць у Ільюшына, дзе ветэран вайны ўладкаваўся на працу ў мясцовы калгас – быў прыкладам для іншых, адказна працаваў да самай пенсіі. У Ільюшыне пабудаваў ён уласны дом, у якім нарадзіліся і выраслі дзеці, дзе Мікалай Раманавіч з жонкай сустрэлі старасць.

Нядаўна Аліны Паўлаўны не стала. Усё больш падводзіць здароўе і самога героя нашага аповеду. Тым не менш, здавацца ён не збіраецца, бо побач знаходзяцца блізкія людзі. Пастаянную падтрымку аказваюць раённыя ўлады і ветэранская арганізацыя. Не забывае мужчыну і гаспадарка. Дарэчы, віншаванне ветэранаў працы з юбілейнымі датамі ў ААТ “Ільюшынскі” ўвайшло ў практыку. Віноўнікі ўрачыстасці традыцыйна атрымліваюць не толькі цёплыя словы ў свой адрас, але і падарункі – на набыццё апошніх выдзяляецца па тры базавыя велічыні. Для былых работнікаў гэта не проста сувеніры – а знак непарыўнасці сувязі з калектывам, таго, што іх уклад у агульную справу не забыты.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.

На здымку: М.Р.Гваздзёў атрымлівае віншаванні ад Т.Аўтух і А.Тарасевіча.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *