Лучшие помощники милиции. Добровольная дружина районного узла электросвязи признана самой активной и ответственной

Общество

Будным снежаньскім днём да аддзела ўнутраных спраў адзін за адным ішлі людзі – моладзь і старэйшае насельніцтва, работнікі розных прадпрыемстваў і арганізацый раёна. Такая актыўнасць прыцягнула ўвагу многіх ушачан – на шляху ад рэдакцыі да РАУС тлумачыць знаёмым, у чым справа, мне давялося тройчы.

Падобная сустрэча актыўных і нераўнадушных жыхароў Ушаччыны з кіраўніцтвам раённага аддзела ўнутраных спраў праводзілася ўпершыню – на ёй падводзіліся вынікі работы добра­ахвотных дружын за год, вызначаліся лепшыя памочнікі міліцыі.

Кожную суботу камандзіры, члены грамадскіх фарміраванняў разам з супрацоўнікамі РАУС у вячэрні час выходзяць на ахову грамадскага парадку – наведваюць месцы з масавым прабываннем грамадзян, патрулююць вуліцы. Рэгулярна праводзяцца з дружыннікамі і спецыяльныя заняткі, на якіх расказваецца аб правілах паводзін у экстранных сітуацыях, аналізуюцца праведзеныя рэйдавыя мерапрыемствы.

– У тым, што на Ушаччыне ў 2015-м не дапушчана значнага росту ўзроўню злачыннасці, ёсць таксама заслуга грамадскіх “абаронцаў” правапарадку, – адзначыў начальнік аддзела ўнутраных спраў С.А.Алабін. – Усяго ў раёне зараз 20 добраахвотных дружын, з іх 10 – ва Ушачах, столькі ж – у сельскай мясцовасці. Лічу, што гэта вялікая сіла! Вядома, ніхто не чакае ад гэтых людзей удзелу ў затрыманні парушальнікаў, “разрульванні” бытавых канфліктаў – галоўнае, што яны аказваюць нам садзейнічанне.

І вось настаў самы чаканы момант. Пад гучныя апладысменты прысутных Сяргей Аляксандравіч і галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Надзея Іванаўна Гардзіёнак назвалі самых адказных і актыўных. У 2015­-м такімі сталі добраахвотныя дружыны раённага вузла электрасувязі (І месца), а таксама грамадскага аб’яднання БРСМ і прамкамбіната (ІІ і ІІІ адпаведна). Усе яны атрымалі дыпломы, а прадстаўнікі РВЭС – яшчэ і памятныя падарункі.

Напрыканцы сустрэчы Н.І.Гардзіёнак выказала спадзяванне, што колькасць добраахвотных дружын і іх членаў павялічыцца, а ў 2016­м годзе будзе разгледжана магчымасць заахвочваць не толькі калектывы, але і асобных памочнікаў міліцыі.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *