Накануне рождественских праздников председатель райисполкома В.В.Родич провёл встречу за «круглым столом» с представителями храмов и конфесий Ушаччины

Общество

Напярэдадні вялікіх хрысціянскіх святаў старшыня райвыканкама В.В.Родзіч па традыцыі запрасіў на сустрэчу за “круглым сталом” святароў усіх канфесій і храмаў, якія дзейнічаюць ва Ушацкім раёне. Змаглі адгукнуцца на запрашэнне благачынны раёна протаіерэй Вячаслаў Лобец, настаяцель храма Параскевы Пятніцы ў Арэхаўне айцец Аляксандр і прасвітар царквы евангельскіх хрысціян баптыстаў “Выратаванне” Пётр Лукашэвіч.

Як заўсёды, вёўся жывы дыялог па хвалюючых пытаннях. Адно з якіх – завяршэнне будаўніцтва храма святых пакутніц Мінадоры, Мітрадоры і Німфадоры. Айцец Вячаслаў падзякаваў кіраўніцтву раёна за падтрымку, якая аказваецца ў будаўніцтве храма. Вельмі многае зроблена менавіта грамадой, за ахвяраванні грамадзян, а таксама прадпрыемстваў тэхнікай, матэрыяламі. Асноўнае будаўніцтва ўжо скончана, засталіся толькі ўнутраныя работы. Царква ж не толькі вельмі патрэбна праваслаўным ушачанам, якія па вялікіх святах не ўмяшчаюцца ў існуючы храм, але і з’яўляецца знакавым месцам гарпасёлка. Як, дарэчы, літаральна ўсе храмавыя будынкі. Вось і ля царквы “Выратаванне” па ініцыятыве кіраўніка раёна сёлета зроблена добраўпарадкаванне, і месца становіцца ўтульным і запатрабаваным. Тым больш што царкву наведвае шмат маладых людзей і сямей. Пётр Лукашэвіч прыгадаў пра адно мерапрыемства, якое прысвячалася Дню маці і сабрала многа сямей. Яно паказала, наколькі важныя для людзей сямейныя каштоўнасці – вечныя, але часам згубленыя.

Айцец Аляксандр расказаў пра рамонт, які робіцца ў арэхаўскім храме для ацяплення. Набыў прыход і яшчэ адно памяшканне, у якім мяркуюць адкрыць нядзельную школу і ў якім на гутарку адзін на адзін да бацюшкі змогуць наведвацца прыхаджане. Ён падкрэсліў, што вельмі многае робіцца сіламі саміх прыхаджан і толькі ў такім выпадку зробленае па­сапраўднаму цэніцца.

Старшыня райвыканкама падкрэсліў, што дзяржаўныя інстытуты і Царква ра­зам працуюць над адраджэннем духоўнасці ў раёне, што кіраўніцтва заўсёды адкрыта да дыялогу і да сумеснага вырашэння праблем.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *