Профессиональный праздник отметили работники социальной службы Ушаччины

К профессиональному празднику

5 студзеня адзначыла сваё прафесійнае свята служба, да якой мае дачыненне літаральна кожны жыхар Ушаччыны: каму з нас не даводзілася вырашаць пытанні працаўладкавання, афармляць пенсію ці атрымліваць дзяржаўную дапамогу. Пра тое, чым жыве зараз упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, наша гутарка з начальнікам службы Святланай Пятроўнай ВАСІЛЕЎСКАЙ:

– Раскажыце, калі ласка, пра асноўныя накірункі дзейнасці.

– Ва ўпраўленні на ўліку знаходзіцца 5170 атрымальнікаў пенсій і дапамог, сёлета названых выплат назначана 410 і 171 адпаведна. Пабольшала ў гэтым годзе і грамадзян, якія звярнуліся ў службу занятасці для рэгістрацыі ў якасці беспрацоўных – зараз іх 215. Адной з прычын, якія абумовілі гэтую тэндэнцыю, стала прыняцце Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”. Дарэчы, у 2015­м намі аказана садзейнічанне ў працаўладкаванні 240 чалавек, накіравана на навучанне 8 беспрацоўных, 7 падтрымалі фінансава ў арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці. 46 жыхароў раёна прынялі ўдзел у аплачваемых грамадскіх работах, да часовай занятасці моладзі ў свабодны ад вучобы час па дагаворах прыцягнута 50 школьнікаў.

– Структурным падраздзяленнем упраў­лення з’яўляецца тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Раскажыце, калі ласка, пра яго.

– З кожным годам служба пашырае і ўдасканальвае сваю дзейнасць, адкрываюцца новыя аддзяленні — зараз іх у цэнтры 7. За 11 месяцаў бягучага года 273 чалавекам назначана штомесячная сацыяльная дапамога, 6 – аднаразовая. Выплаты да школы атрымалі 136 сямей, на набыццё падгузнікаў – 89, на аплату тэхнічных сродкаў рэабілітацыі – 15, забеспячэнне прадуктамі харчавання дзяцей першых двух гадоў жыцця – 85. Са сродкаў Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва на набыццё паліва, лекаў, рамонт печаў, замену і рамонт электраправодкі аказана дапамога 317 грамадзянам. Комплексным сацыяльным абслугоўваннем на доме ахоплена 577 непрацаздольных грамадзян, якім аказваюць паслугі, у тым ліку разавыя платныя, 86 сацыяльных работнікаў. Нязменнай папулярнасцю ў жыхароў раёна карыстаюцца паслугі па абкошванні травы мотакасой, апрацоўцы зямельнага ўчастка і перавозцы грузаў, мыцця адзення ў сацыяльнай пральні.

– Што можаце сказаць пра перспектывы развіцця?

– Наш раён з’яўляецца адным з самых узроставых у вобласці і краіне. І як бы ні хацелася, каб людзі дажывалі старасць у сем’ях, на жаль, так не заўсёды атрымліваецца. Клопат аб годным жыцці грама­дзян пажылога ўзросту — важны накірунак нашай дзейнасці. Працягнем удасканальваць надомнае абслугоўванне, пашыраць спектр паслуг. У прыватнасці, будзем развіваць новыя формы работы, такія як “Санаторый на доме” (павышэнне ўзроўню і якасці жыцця інвалідаў і адзінокіх пажылых людзей), “Дом сумеснага пражывання” (прыватная форма), “Мабільная брыгада” (інфармацыйна-­тлумачальная работа па сацыяльных пытаннях), “Спецыяльны рэйс” (выкананне заявак ад жыхароў аддаленых маланаселеных пунктаў). Магчыма, пашырым і колькасць сацыяльных пунктаў з выязной формай работы – зараз у раёне іх 9, з іх 3 адкрыты ў 2015 годзе.

– Святлана Пятроўна, а праблем з кадрамі не будзе?

– Не. Смела магу сказаць, што выпадковых людзей у нас няма, работнікі адказна і творча падыходзяць да ўскладзеных абавязкаў. І хоць калектыў з часам абнаўляецца, ён па­ранейшаму застаецца стабільным, працаздольным. Удзячна я за супрацоўніцтва і прадстаўнікам іншых арганізацый – райаддзелаў міліцыі і па надзвычайных сітуацыях, ЦРБ.

Карыстаючыся выпадкам, шчыра віншую з прафесійным святам работнікаў сістэмы сацыяльнай абароны, ветэранаў. Жадаю ўсім моцнага здароўя, дабрабыту ў сем’ях, удачы і аптымізму. З Новым годам і Калядамі!

Кацярына КАВАЛЕўСКАЯ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *