Начальник финансового отдела райисполкома Наталья Дубовская: «Ценю в людях правдивость!»

Ими гордятся К профессиональному празднику

Спакойна пагутарыць з начальнікам фінансавага аддзела райвыканкама Наталляй Рыгораўнай Дубоўскай 31 снежня, канечне, не атрымалася. Тэлефон не змаўкаў, бо нягледзячы на некалькі гадзін да Новага года – ішлі пералічэнні, паступалі плацежныя дакументы, шукаліся недастаючыя грошы…

– Якія гады прыгадваюцца – складаныя ці паспяховыя?

– Канечне, апошнія. Лепшым, напэўна, быў 2013, калі мы закончылі год з прэфіцытам 3,7 мільярда, а дзякуючы гэтаму і наступны год добра закрылі. Сёлета ж з-за недахопу сродкаў у краіне з раёна знялі 9 мільярдаў датацый, і нашы прадпрыемствы спрацавалі горш, не атрымалі тых даходаў, на якія разлічвалі, таму завяршылі год з дэфіцытам.

– Наталля Рыгораўна, Вы не проста сочыце за мэтавым размеркаваннем бюджэтных сродкаў, а аналізуеце сітуацыю і шукаеце крыніцы папаўнення бюджэту.

– Любы кіраўнік павінен быць аналітыкам. А паколькі я пэўны час працавала намеснікам старшыні райвыканкама па эканоміцы – то даходная частка мне блізка і цікава, таму калі бачыш рэальныя крыніцы – абавязкова падказваеш іх. Я не падпішу ніводны дакумент, звязаны з бюджэтным фінансаваннем, не разабраўшыся ў сітуацыі, а разабраўшыся – не прапанаваўшы свайго выйсця. Гэта мой непасрэдны абавязак. Многае хочацца зрабіць, ды на ўсё патрэбны сродкі. Таму заўсёды ідзём насустрач тым кіраўнікам, якія паклапаціліся пра распрацоўку перспектыўных праектаў.

– Ці часта звяртаюцца за парадамі?

– Бюджэтнікі – пастаянна. Мы ж усе працуем у сцэпцы, таму і раіш, каб патрэбныя людзям праекты ажыццявіліся.

– Вы працавалі начальнікам фінансавага аддзела, намеснікам старшыні райвыканкама па эканоміцы, дырэктарам банка. Што – Ваша, дзе адчувалі сябе камфортней?

– Камфортней усё ж у фінансах, мабыць таму што і адпрацавала я начальнікам аддзела больш за ўсё часу, і таму што тут ты адказваеш за канкрэтны ўчастак работы. Намеснікам па эканоміцы цікава, я ўжо казала, што люблю шукаць крыніцы прыбыткаў, аднак там вельмі шырокі спектр абавязкаў, якія, на жаль, часта не залежаць ад цябе. Кіраўніком прадпрыемства таксама вельмі цікава, хоць і складана адначасова. Калі я прыйшла ў наш філіял “Беларусбанка”, з адзінаццаці вясковых аддзяленняў было толькі адно прыбытковае, калі праз два гады пакідала – толькі адно засталося стратным. Лічыла, аналізавала, ламалі стэрэатыпныя падыходы, а мабыць і стаўленне людзей да працы. Складана, аднак яно таго варта.

– Вы лічыце сябе жорсткім кіраўніком?

– Хутчэй гібкім, імкнуся пераконваць, хоць і жорсткія рашэнні прымаць даводзіцца, аднак калі вычарпаны іншыя рэсурсы. Як і зараз з сельгаспрадпрыемствамі, якія не вярталі даўгі, давялося накласці арышт на рахункі, хоць у іх быў шанц паступова і без праблем гасіць даўгі. У бюджэт паступіла значная частка сродкаў, у гэтым мая задача.

– Сакрат мне сябар, а ісціна даражэй. Мне здаецца, што гэты афарызм поўнасцю пра Вас.

– Так, ніколі не лабіравала нічыіх інтарэсаў. Да ўсіх стаўлюся аб’ектыўна, ніколі не пераблытаю сяброўскія і дзелавыя адносіны. У мяне няма любімчыкаў, дзеля каго б пайшла на кампраміс з сабой, мяне ніхто не можа папракнуць у тым, што некаму дапамагла ў абыход закону. Так было, дзе б ні працавала. Затое, мяркую, няма людзей, якія, як кажуць, пераходзяць дарогу, каб не вітацца. Для мяне сапраўды важна, каб мяне паважалі, а не любілі.

– Якія рысы Вы больш за ўсё цэніце ў людзях.

– Чэснасць, адкрытасць, не люблю хлусні. Па мне лепш любая, але праўда. Сама магу сказаць у вочы тое, што думаю, і ў іншых цаню гэта.

– Наталля Рыгораўна, Вы педант, вельмі скрупулёзны, дысцыплінаваны чалавек, у якога ўсё спланавана, размеркавана і, як кажуць, раскладзена па палічках. Гэта рыса фінансіста?

– Гэта сямейная рыса, ад мамы. Яна сама была вельмі дысцыплінаваным, адказным чалавекам, любіла парадак. І нас усіх прывучыла да яго. Жылі мы заўсёды сціпла, з капейкі, з мазаля, многа працавалі, у тым ліку і дзеці, але аслухацца бацькоў не маглі. Такой я была і ў школе, і ў інстытуце – актывісткай, камсоргам, камісарам будатрада…

– А ці ёсць месца спантаннаму, рамантычнаму?

– Пасля заканчэння інстытута я хацела паехаць працаваць у Комі АССР. Памятаю, гэта ў выкладчыкаў выклікала вялікі рэзананс. Не скажу, што гэта неабдуманы ўчынак, чыстая рамантыка, калі хацелася паглядзець свет. І Віцебшчыну я абрала па гэтай жа прычыне – сяброўкам падабаўся Наваполацк, Віцебск і я хоць ішла па размеркаванні ў першых лічбах, абрала незнаёмы мне рэгіён. Фінансавы аддзел аблвыканкама накіраваў мяне намеснікам начальніка фінансавага аддзела Гарадоцкага раёна, а праз паўгода перавялі начальнікам аддзела ва Ушачы. У студзені мінулага года было трыццаць гадоў, як я працую ў раёне, а як зараз памятаю, як цёпла мяне сустрэлі ў аддзеле Людміла Сцяпанаўна Шарыпенка, Ніна Барысаўна Янушкевіч. А Вользе Аляксандраўне Ануй я бязмерна ўдзячна і за тое, што сфарміравалася як прафесіянал, і за па­сапраўднаму мацярынскі клопат. Часта прыгадваю і тых супрацоўнікаў, якіх, на жаль, ужо няма з намі.

– Наталля Рыгораўна, заўважыла, што Вы не толькі фінансавыя пралікі не прапусціце ў дакуменце, але і сінтаксічныя і арфаграфічныя памылкі.

– У маёй беларускамоўнай васьмігодцы была вельмі моцная настаўніца роднай мовы і літаратуры, якая вучылася разам з пісьменніцай Аленай Васілевіч. Таму я любіла гэтыя прадметы. Наогул я больш гуманітарый і адразу пасля школы паступала ў педагагічны інстытут. Хацела быць педагогам дашкольнага выхавання, як цёця. Інстытут народнай гаспадаркі абрала па рэкамендацыі брата, які яго скончыў, ужо папрацаваўшы на Салігорскай фабрыцы бялізнавага трыкатажу, цяперашняй “Калінцы”.

– Ці верыце Вы ў лёс?

– Хутчэй так, інакш чым растлумачыць, што з будучым мужам мы пражылі ў 10 кіламетрах адзін ад аднаго, а пазнаёміліся на Ушаччыне. Хоць больш лічу, што мы стваральнікі свайго лёсу.

– Што для Вас на першым месцы?

– Дзеці, ну і работа само сабой ідзе паралельна. Заўсёды чакаю прыезду сыноў, ганаруся імі, атрымалі вышэйшую адукацыю, старэйшы скончыў маю ВНУ, малодшы – універсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі, працуюць і ўжо маюць граматы, падзякі за сваю працу. І дома, калі прыязджаюць, не сядзяць без справы.

– Што любіце рабіць у вольны час?

– Люблю чытаць, аднак часу хапае ў асноўным на перыёдыку, прафесійныя часопісы. Магу паглядзець мастацкую стужку, каб адпачыць, пераключыцца.

– Які Новы год для Вас памятны асабліва?

– Памятаю, як дзецьмі ўпрыгожылі ёлку сапраўднымі шклянымі пацеркамі і танцавалі вакол яе. Як прыехала дамоў, а ў нашай вёсцы Вяркуціна Старадарожскага раёна не стала святла і мы з татам пры лямпе чакалі 12 гадзін, але так і не дачакаліся, заснулі. Я заўсёды, хоць вельмі дружна жылі студэнтамі, імкнулася сустракаць Новы год дома. Будуць памятнымі і тыя гады, калі спраўдзіцца асноўная мая мара – хачу ажаніць сыноў і дачакацца ўнукаў.

Многа розных узнагарод мае Наталля Рыгораўна – раённых, абласных, рэспубліканскіх. Вельмі дарагая грамата, якую ёй ва Ушачах уручала старшыня праўлення “Беларусбанка” Надзея Ермакова. У 2015­м годзе яе імя занесена на раённую Дошку гонару. Бо дзе б ні працавала Наталля Рыгораўна, усюды паказала сябе прафесіяналам.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *