Более 36 лет верно служит своему коллективу Евгения Николаевна Долгая

К профессиональному празднику

Сваё прафесійнае свята – Дзень банкаўскіх работнікаў – Яўгенія Мікалаеўна Долгая, якая працуе ў разлікова-касавым цэнтры №6 аддзялення “Белаграпрамбанка” ў г.Полацку, адзначае ў 37 раз. У яе працоўнай кніжцы толькі адзін запіс – і ўжо гэты факт гаворыць нам аб глыбокай адданасці жанчыны выбранай справе.

Яна добра памятае тую пару, калі маладой дзяўчынай прыйшла працаваць у тады яшчэ дзяржбанк г.п.Ушачы. Здаецца, што было гэта зусім нядаўна, а за плячыма ўжо такі ўнушальны стаж. Спецыяльнай адукацыі ў Яўгеніі Мікалаеўны на той момант не было і, працуючы бухгалтарам, яна паступае на завочнае аддзяленне Рыжскага ўлікова-крэдытнага тэхнікума. За ўвесь свой працоўны шлях яна ніводнага разу не пашкадавала аб выбранай прафесіі, ніколі не пужала яе высокая адказнасць, пастаянная работа з лічбамі.

Я.М.Долгая добра памятае, як пачынала працаваць на лічыльніках, потым на машынцы, а праз гады ў банку з’явіўся першы камп’ютар, пазней яны ўжо стаялі на кожным стале. Паступова мянялася сістэма, тэхнічнае аснашчэнне, кліенты, але шмат работы было заўжды. Практычна праз усе аддзелы дзяржбанка, а пазней “Белаграпрамбанка” давялося прайсці Яўгеніі Мікалаеўне, і на ўсіх пасадах яна спраўлялася са сваімі задачамі на выдатна. Апошнія ж некалькі гадоў жанчына з’яўляецца галоўным спецыялістам аддзела кліенцкага менеджменту. Яе “вотчына” – абслугоўванне юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, а гэта на сённяшні дзень 179 кліентаў. Адкрыццё і закрыццё рахункаў, заключэнне дагавораў і многае іншае, што датычыцца работы з названай катэгорыяй асоб, уваходзіць у абавязкі Яўгеніі Мікалаеўны. З усімі кліентамі яна заўсёды знойдзе агульную мову. Як цудоўную калегу характарызуюць жанчыну і саслужыўцы. У “Белаграпрамбанку” працуе шмат моладзі і кожнаму нявопытнаму работніку Я.Долгая заўсёды гатова дапамагчы, падказаць. Такую ж падтрымку, як яна ўспамінае, аказвалі і ёй, калі пачынала працаваць. Наогул у гэтым калектыве пануе добрая сяброўская атмасфера і яна, безумоўна, спрыяе паспяховай і зладжанай дзейнасці.

Апошнія дні года як заўсёды вельмі насычаныя і загружаныя работай, у гэты час, як і ў многія іншыя дні, Яўгеніі Мікалаеўне Долгай прыходзіцца затрымлівацца на працоўным месцы да позняга вечара. Да такога рытму ўжо даўно прывыклі яе родныя – любячыя муж, дзеці і ўнукі, якія ўсё ра­зумеюць і заўсёды яе падтрымліваюць.

– Я вельмі люблю сваю работу нягледзячы на ўсе цяжкасці і часам напружаны рытм. Нават пакуль і не ўяўляю сябе без гэтага, – гаворыць Я.Долгая.

Летась жанчына адзначыла сваё 55-годдзе, але пасля выхаду на заслужаны адпачынак згадзілася яшчэ папрацаваць у сваёй “другой сям’і”, на карысць роднага банка.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *