Каким был 2015-й и что планируется в новом году. Интервью с председателем районного исполнительного комитета В.В.Родичем

Общество

Літаральна праз дзень мы перагарнём старонку календара і пачнём ствараць гісторыю новага 2016 года. Напярэдадні ж прынята падводзіць вынікі і акрэсліваць планы на будучыню. Гэтаму і прысвечана наша інтэрв’ю са старшынёй Ушацкага раённага выканаўчага камітэта В.В.РОДЗІЧАМ.

– Віктар Віктаравіч, якія падзеі 2015 года, на Ваш погляд, застануцца ў гісторыі раёна?

– Іх многа. Па-першае, гэта знакавы год для ўсіх беларусаў – мы сустрэлі 70-ю гадавіну Вялікай Перамогі. Да гэтай падзеі мы  змаглі аднавіць помнік у аграгарадку Вялікія Дольцы, а практычна адразу пасля святкавання прыступілі да рэканструкцыі нашага святога месца – мемарыяльнага комплексу “Прарыў”.

Не магу не адзначыць таго адзінства ўшачан, якое праявілася падчас выбараў Прэзідэнта краіны і ў вельмі высокай яўцы, і непасрэдна ў выніках галасавання. Гэта, безумоўна, падзея, якая вызначыла далейшы лёс усёй краіны.

Сёлета раён сабраў рэкордны ўраджай хлеба і меў свайго прадстаўніка на абласных “Дажынках”. Аднавіў работу свінагадоўчы комплекс і пачало дзейнічаць новае прадпрыемства “Кват”. Мы заклалі сквер ля Ушацкай школы, памянялі ў цэнтры тратуар, заасфальтавалі мікрараён Е.Лось і, наогул, вельмі многае зрабілі па добраўпарадкаванні.

Новае абсталяванне ўстаноўлена ў даільнай зале комплексу “Завячэлле”, завяршаецца мадэрнізацыя малочнатаварнай фермы ў Сержанах, прыняло пацыентаў другое крыло тэрапеўтычнага аддзялення, хутка будуць здадзены пасля рэканструкцыі дзіцячы яслі-сад №4 г.п.Ушачы і будынак насеннай інспекцыі. Газіфікавана некалькі кааператываў.

Многа было знакавых дасягненняў у нашых школьнікаў, спартсменаў, Ушацкая школа ўпершыню ўвайшла ў ТОП-100 лепшых навучальных устаноў краіны. Ну і нарэшце, памятнымі застануцца першыя рэгіянальныя “Рождественские чтения” Полацкай епархіі, якія ўпершыню прайшлі за межамі Полацка – у нашым раёне і значна ўзнялі яго прэстыж.

– Віктар Віктаравіч, Вы спыніліся на будаўнічых аб’ектах, увод якіх заўсёды з’яўляецца падзеяй. Чаго чакаць ушачанам у новым годзе?

– На наступны год працягнецца рэканструкцыя мемарыяльнага комплексу “Прарыў”, а таксама будаўніцтва фізкультурна­аздараўленчага “Юнацтва”. У пачатку года мы адкрыем дзіцячы сад №4. Хочацца падзякаваць за вялікую дапамогу ў гэтым нашаму дэпутату Уладзіміру Паўлавічу Андрэйчанку. Будзем будаваць 40­кватэрны жылы дом. Вельмі многае трэба і хацелася б зрабіць яшчэ – патрабуюць рамонту мост, школа мастацтваў, дзіцячы сад №3, музей, дарогі і іншае. Аднак нават пры наяўнасці сродкаў не атрымалася б усё адначасова, ну а бюджэт будучага года скіраваны на самае неабходнае, новабудоўлі па краіне практычна не распачынаюцца, таму нам завяршыць бы намечанае. А добраўпарадкаванне і ўпрыгожванне раёна працягнем сваімі сіламі, як гэта рабілася сёлета.

– Каб усе нашы планы сталі рэчаіснасцю, перш за ўсё павінны выконвацца  запланаваныя сацыяльна­-эканамічныя паказчыкі. Наколькі высокая планка пастаўлена перад прадпрыемствамі на наступны год?

– Высокая, але рэальная, якая патрабуе ад кожнага і практычна з першых дзён года аддачы. Эканамічны разлік, распрацоўка перспектыўных бізнеспланаў, пошук новых відаў прадукцыі і рынкаў. Літаральна ўсе прадпрыемствы павінны быць прыбытковымі. Акрамя выканаўчай дысцыпліны, захавання тэхналогіі, нам абавязкова спатрэбіцца ініцыятыва і пошук, новыя крэатыўныя ідэі. Сёння на долю малога і сярэдняга бізнесу прыходзіцца 14 працэнтаў паступаючых падаткаў. І на наступны год трэба ствараць новыя прадпрыемствы і рабочыя месцы ў першую чаргу ў вытворчасці і турызме, павялічваць колькасць занятых у эканоміцы. На наступны год уводзіцца такі паказчык, як прыцягненне замежных інвестыцый, і нам давядзецца не чакаць, а больш актыўна прыцягваць на раённыя пляцоўкі замежных інвестараў.

– Галоўнае, што цікавіць людзей, гэта наяўнасць работы і памер заработнай платы. Якой яна запланавана на 2016 год?

– Сярэдняя заработная плата ў памеры 5068 тысяч рублёў. Не надта вялікая, але і яе трэба зарабіць, яна павінна быць збалансаванай з прадукцыйнасцю працы, выручкай, даходамі. Толькі вітаецца, калі заробкі будуць большымі, ад гэтага залежыць напаўняльнасць бюджэту, аднак галоўнае, каб яны былі стабільнымі і ў прадпрыемстваў былі рэальныя крыніцы для іх выплаты. Задача скарачэння выдаткаў і пошукі новых ніш прыбыткаў стаіць не толькі перад рэальным сектарам эканомікі, але і перад бюджэтнымі галінамі. Змяніўся і рынак працы, зараз патрэбны толькі кваліфікаваныя работнікі. Таму трэба цаніць тое, што маем. Як мы будзем жыць – залежыць толькі ад нас.

– Што хацелі б пажадаць ушачанам?

– Напярэдадні Новага года зычу ўсім ушачанам перш за ўсё здароўя, міру і стабільнасці, упэўненасці ў заўтрашнім дні, цярпення і вытрымкі. Хачу пажадаць моладзі смеласці ў ажыццяўленні самых дзёрзкіх задум, а нашым ветэранам бадзёрасці духа, каб і надалей перадаваць свае веды і вопыт. Шчыра вітаю ўсіх з гэтымі радаснымі сямейнымі святамі і ўпэўнены, што ўсё ў нас атрымаецца. Любыя эканамічныя цяжкасці – часовыя, і мы абавязкова іх пераадолеем.

З Новым годам і Раством вас, паважаныя землякі!



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *