На стале ў Любові Аляксандраўны і Міхаіла Васільевіча Северыных – каляндар з фотаілюстрацыямі з жыцця сям’і іх сына, зроблены па заказу ў Канадзе. Справа ў тым, што Фёдар працуе там ужо дзесяць гадоў. Некалі марыў быць, як бацька, вадзіцелем, а падрос, сказаў цвёрда: буду паступаць у Маскоўскі універсітэт імя Ламаносава, і адразу паступіў. Пасля заканчэння яго і аспірантуры стаў фізікам. Пазней прафесар, які курыраваў навуковую работу Фёдара, адшукаў яго ў Мінску і прапанаваў чытаць лекцыі ў такой далёкай краіне. І хоць бацькам яго сёння вельмі не хапае, бо сын быў вельмі хатні, руплівы, але што зробіш, яно добра, калі дзеці ідуць далей за іх.
Дачка Северыных Галіна таксама вывучылася, скончыла БДУ імя Леніна, яе прадмет – прыкладная матэматыка (маміны гены). Працуе ў інстытуце Акадэміі навук.
З двух унукаў бабуля з дзядулем больш, канечне, сустракаюцца з мінскай унучкай (хаця аднолькава любяць і канадскага ўнука). Асабліва калі меншая была, дык Любоў Аляксандраўна так яе выхоўвала, нават на лета ў гарпасялковую бібліятэку запісвала.
Калі я наведалася да Северыных, у той дзень гаспадары парадкавалі дровы, хоць гэта і няпроста.
Гады бягуць так хутка. Можна было б у сацыяльную службу звярнуцца, дзе прадугледжана такая паслуга, як распрацоўка дроў, але, відаць, Северыным хочацца працягнуць сваю дзейнасць хоць па гаспадарцы.
Сёння толькі застаецца прыгадваць мінулае. А жыццё было няпростае, як і ў большасці прадстаўнікоў яе пакалення. Нават са сваім будучым мужам яна пазнаёмілася некалі не на гульбішчы, а на працы. Жылі ж непадалёк: яна – у Наваселлі (цяпер Слабада), ён – у Чарсцвядах.
Яшчэ ў школе Любоў Аляксандраўна вырашыла стаць настаўніцай. Дзяўчынай выбрала Маладзечанскі настаўніцкі інстытут. Здольнасці ў яе былі адметныя, старанне высокае, таму атрымлівала павышаную стыпендыю, скончыла ўстанову з адзнакай.
– Калі вучылася, ледзьве не багацейкай прыязджала ў вёску, – прыгадвае Любоў Аляксандраўна. – Памятаю, пасля зімовых экзаменаў прывезла дадому падарункі, грошы. Бацька кажа: “Дачушка мая, трымайся зубамі за гэтую вучобу, мы ад працы столькі не атрымліваем, а ты за так”.
Руплівыя былі людзі, дастойныя. Любоў Аляксандраўна гаворыць: “Цяпер з вуснаў некаторых людзей можна пачуць брыдкаслоўе, а ад бацькоў не чула такога ніколі”. А яшчэ сцвярджае, што і яе муж ні разу не выказаўся непрыгожа перад сваімі дзецьмі, бо яго бацька вёў сябе дастойна. Ён з’яўляўся ўдзельнікам фінскай вайны, быў паранены. Выхоўваў сына, які застаўся без маці ў шасцімесячным узросце. Дапамагала ў выхаванні яшчэ і цётка. Імем дзеда Фёдара назвалі Северыны свайго сына…
Калі пазнаёміліся, Любоў і Міхаіл неяк адразу зразумелі, што народжаны адзін для аднаго. Яна вучылася на настаўніцу, а ён адслужыў у арміі і два гады чакаў, уладкаваўшыся працаваць у Полацку. Маладую настаўніцу накіравалі працаваць у Дзісненскі раён. У родныя мясціны яны вярнуліся, каб пажаніцца. Жыць сталі ў Чарсцвядах, на тую пару хата Міхаіла пуставала ўжо. Непадалёк жылі бацькі Любові, якія ўспрымалі яго як сына.
Маладзечанская педустанова не дала Любові Аляксандраўне вышэйшай адукацыі, таму давялося заканчваць завочна 3-4 курсы Віцебскага педагагічнага інстытута. Працаваць пайшла ў Гарбаціцкую школу, а гэта адлегласць у сем кіламетраў. Муж уладкаваўся ў калгасе.
Канечне, маладыя людзі ў хуткім часе сталі шукаць лепшых умоў жыцця. І ў 1960 годзе яны пераехалі ва Ушачы. Па вуліцы Калінінскай пачалі будаваць дом. Кожны цвік забівалі з радасцю. Міхаіл Васільевіч усё імкнуўся рабіць сваімі рукамі і незвычайна акуратна. Таму і атрымалася сядзіба на славу. Да яе прыемна падысці. Дом дагледжаны. Дрэвы пасаджаны ўжо маладыя. Зацвілі кветкі.
Сёння Любоў Аляксандраўна з павагай і любоўю гаворыць пра мужа: “Не магу нават назваць, што ён не можа рабіць. Усё можа. Нават мотаблок сабраў. І рамонт хоць які здольны правесці. Без справы і сёння не можа”.
Любоў Аляксандраўна 50 гадоў назад прыйшла працаваць ва Ушацкую сярэднюю школу. І да гэтай пары добрым словам прыгадвае тагачаснага яе дырэктара Гаўрылу Ануфрыевіча Трубенку, які пазней пераехаў у Івацэвічы. Вельмі дарагімі былі для яе словы гэтага паважанага чалавека: “Калі што не стане атрымлівацца, будзьце адкрытымі. Я дапамагу”.
Але ў Любові Аляксандраўны ўсё атрымлівалася, бо была яна моцным матэматыкам, якая не толькі выдатна ведала свой прадмет, але і валодала ўменнем данесці гэта дзецям. Дзіўна тое, што ніколі не было ў яе былых вучняў “праколаў” на экзаменах у розных навучальных установах пасля заканчэння школы. Называе сярод тых, хто паспяхова здаваў гэты прадмет: Таццяна Васькевіч, Святлана Шчадрова, Наталля Панушкіна, Ірына Гайдук, Васіль Лапёнак, Уладзімір Аўдошка.
І галоўнае, з чаго браў пачатак яе поспех, гэта любоў не толькі да дзяцей, а да самога працэсу работы з імі.
– А яна незвычайная тым, што бачыш рост чалавечка, – разважае Любоў Аляксандраўна. Яна прыгадвае, як Трубенка сказаў ёй: маўляў, вазьмі пяты клас пасля выпускнога дзесятага, будзеш весці дзяцей вышэй і вышэй, гэта вельмі цікава. І сапраўды, ёй незвычайна падабалася такая работа. Дзяўчынкі становяцца больш дарослымі раней, у хлопчыкаў мяняецца голас. Адбываюцца працэсы, якія педагогу трэба ўспрымаць правільна, тонка і па-мацярынску.
Былыя вучні, дзе яна была класнай, і цяпер у яе ў сэрцы. Прыгадвае, як перажывала за хлопцаў, якія служылі ў Афганістане, гэта Алег Рагавешка і Пётр Турчыновіч. Як толькі, бывала, ідзе па тэлебачанні сюжэт пра ваенныя дзеянні там, так члены сям’і клічуць яе хутчэй да экрана, а раптам іх пакажуць. І якой была радасць настаўніцы, калі яе былыя вучні вярнуліся ў родныя мясціны.
Не любіла Любоў Аляксандраўна выхоўваць пры дапамозе адміністрацыі, не вадзіла парушальнікаў да дырэктара, сама спраўлялася, выкарыстоўваючы свае тонкія метады, сваю мацярынскую любоў да дзяцей. Так было нават тады, калі ўбачыла на школьным двары свайго нядрэннага вучня, які піў віно. Ён не стаў аматарам алкагольных напояў і ўдзячны ёй да гэтай пары, што паверыла ў выпадковасць такой карціны, не сказала ні дырэктару, ні бацькам.
З любоўю расказвае настаўніца, напрыклад, пра Віктара Саўчанку, які быў у класе своеасаблівым камандзірам, дапамагаў ёй гуртаваць аднакласнікаў і ў час заняткаў, і на сельгасработах. Дарэчы, у час такога працоўнага дэсанту настаўніца працавала разам з вучнямі, каб быць бліжэй да іх у розных адносінах… Дзе цяпер некаторыя з іх, яна не ведае, а хоча ведаць. Пра некаторых з любоўю расказвае. Пра таго ж Віктара – што скончыў школу з залатым медалём, паступіў у Мінскі тэхналагічны інстытут. Пабываў у Германіі, Кітаі, працаваў у Жодзіне, цяпер, напэўна, у Мінску. Купіў машыну, пра настаўніцу прыгадаў: “Давайце, Любоў Аляксандраўна, завязу Вас да дзяцей у Мінск”. І адвёз.
А такая павага з боку вучняў таму, што не толькі любіла іх, але і не паддавалася мінутным эмоцыям, якія маглі ўсё разбурыць.
– Я гаварыла сабе: толькі цярпенне павінна кіраваць табой і ў школе, і ў сям’і. Гэтым і кіравалася. У мяне ж аднойчы ўнучка спытала: “Бабуля, а ты шчаслівая?” Я адказала, што безумоўна. І растлумачыла свой погляд на гэта: “Шчасце – не нешта суцэльнае, а калі ты меў ці маеш шчаслівыя моманты. У мяне ж іх вунь колькі”.